Лукашэнка кажа, што яшчэ не вырашыў наконт удзелу ў выбарах-2025 — да чаго гэтае какецтва?

 Калі раней рэжым хаця б імітаваў пэўны плюралізм, прынамсі, дапускаў да такіх выбараў альтэрнатыўных кандыдытаў з дэмакратычных партый, то цяпер з гэтым скончана.

reuters_9.jpg

5 сакавіка, сустракаючыся з актывам праўладнага Беларускага саюза жанчын, Лукашэнка раптам «адкаціў» сітуацыю са сваім удзелам у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.

25 лютага ён заявіў, хаця і з агаворкамі, што будзе балатавацца — а тут вярнуўся да тэмы, сказаў, што яго няправільна зразумелі і ўвогуле не ўсё так адназначна.

«Хто там задаваў пытанне: «Пойдзеце на выбары?». Я там, не даслухаўшы: «Пайду, пайду». Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэнне. Я проста ім хацеў сказаць: «Так, пайду. Супакойцеся вы», — сказаў чалавек, які трымаецца за крэсла ўжо амаль 30 гадоў.

«Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў», — дадаў ён, а потым пачаў сваю традыцыйную эквілібрыстыку ў стылі «я наеўся ўлады».

«А раптам аб'явіцца чалавек, якому мы можам даверыць? Але ўсякае можа быць. Таму мы стварылі УНС, каб ведалі. Не для Лукашэнкі. Я вось наеўся ўжо вось так гэтай працай. Слухайце, гэта найцяжэйшая праца. Калі ты спаць кладзешся, думаеш пра гэта. Калі ты не спіш, думаеш пра гэта, і прачынаешся раніцай — ты зноў пра гэта», — заявіў вярхоўны кіраўнік, гледзячы ў залу, поўную ідэалагічна правільных начосаў.

То пойдзе, то не пойдзе… Дык як яго разумець?

Можа, і праўда вырашыў сысці, пасадзіць у нагрэты фатэль пераемніка, а самому ўзначаліць так званы Усебеларускі народны сход?

Паспрабуем адказаць, што не. Гэты сцэнар разглядаецца на больш аддаленую перспектыву, бо, як кажа сам «ненахіляемы», ён «не вечны». А тут і цяпер нікуды сыходзіць Лукашэнка, вядома, не збіраецца.

Як міленькі паўстане на чале УНС, а ў наступным годзе безальтэрнатыўна «пераабярэцца» і на новы прэзідэнцкі тэрмін.

Але навошта ён тады напускае туману? Адказ просты: а таму, што вырашыў пакакетнічаць.

Проста сказаць, я пайду на выбары — гэта вельмі банальна. А ў кантэксце несумненнага намеру ўзначаліць УНС яшчэ і даволі несімпатычна, бо як жа ты пасля гэтага скажаш, што не прагнеш улады?

Усе кіраўнічыя пасады падгроб пад сябе — гэтак ты «наеўся»?

Імаверна, Лукашэнка і яго бліжэйшае атачэнне гэта адчуваюць, таму вырашылі абраць іншы фармат падаўжэння паўнамоцтваў. Трэба, каб аб гэтым «папрасіў народ».

А калі «папросіць» — то што ж, давядзецца «прэзідэнту» застацца. Бо не можа ж ён кінуць «народ» на волю лёсу, тым больш у такой складанай геапалітычнай сітуацыі, як цяпер.

Апеляваць да «народа» Лукашэнка любіць, і гэтым прыёмам карыстаецца пастаянна на працягу свайго кіравання. Гэта ж не ён так любіць уладу — гэта народ яго ўвесь час просіць сабой надалей кіраваць. То хіба можна здрадзіць народу?

Гэта ж не ён трымае свой скіпетр абедзьвюма рукамі, акружыў сябе сілавікамі, узяў пад кантроль фінансавыя патокі, пасадзіў у турму тысячы нязгодных…

Глядзіце таксама

На ўсё тут воля 80% народу, а як народ яму скажа сыходзіць, то ён і сыдзе. Бо ўлада ўжо так абрыдла, хочацца проста ціха пажыць, пакорпацца ў агародзе, пакарміць галубоў.

Але ж, бачыце, людзі добрыя не адпускаюць на пенсію — значыць, трэба ім яшчэ паслужыць.

Да такіх крывадушных лагічных канструкцый беларусы ўжо даўно прывыклі, і пра гэта не варта было б узгадваць, калі б час, так бы мовіць, не ўнёс свае карэктывы.

Як мы бачым, пасля падзей 2020 года лукашэнкаўская дыктатура паступова рухаецца ў бок таталітарызму. Цяпер слова не скажы, адразу апынешся за кратамі. Лайк у сацсетках не пастаў, паспрабуй толькі недзе паскардзіцца на нашую «сацыяльна арыентаваную» дзяржаву — за табой адразу прыйдуць.

Адпаведна, змянілася і палітычнае поле — апаненты за кратамі альбо за мяжой, партыі ліквідаваныя, любая альтэрнатыва здушаная, незалежных медыя ў беларускай юрысдыкцыі проста няма.

Нядаўнія так званыя выбары ў «палатку» прадэманстравалі і тое, як змяніліся электаральныя працэсы. Калі раней рэжым хаця б імітаваў пэўны плюралізм, прынамсі, дапускаў да такіх выбараў альтэрнатыўных кандыдытаў з дэмакратычных партый, то цяпер з гэтым скончана. Толькі адэпты дзейнага кіраўніка могуць балатавацца, а ў парламент прызначаюцца самыя-самыя лаяльныя.

Відавочна, што аніякай альтэрнатывы не будзе і ў 2025-м на прэзідэнцкіх «выбарах».

Кампанію Лукашэнку складуць некалькі непрыхаваных спойлераў, кшталту Гайдукевіча, якія пры гэтым асабліва не будуць рабіць выгляд, што прэтэндуюць на перамогу. У тым ці іншым выглядзе яны будуць хваліць менавіта цяперашняга «лідара нацыі», падкрэсліваючы свой сціплы і выключна намінальны статус.

Але перад гэтым дзейнага кіраўніка яшчэ трэба «ўгаварыць» застацца на пасадзе.

І вось з улікам таго, як змяніліся часы, «угаворванне» можа набыць самыя дзвосныя формы. Цалкам верагодна, што ў працэсе далейшага фарміравання культа асобы Лукашэнку будуць «прасіць» абрацца на чарговы тэрмін праўладныя партыі, афіцыйныя прафсаюзы, працоўныя калектывы, усялякія там бээрсээмаўцы і г.д. Ён будзе какетнічаць, ламацца, казаць, што «можа, не трэба», што яму добра і на чале УНС.

А потым, канешне, высакародна пагодзіцца яшчэ крышачку пакіраваць «кавалачкам зямлі», бо «народу» нельга адмаўляць. І гэта, на думку, лукашэнкаўскіх «паліттэхнолагаў» будзе выглядаць нашмат больш прывабна, чым наўпрост заяўляць за паўтара гады да галасавання пра намер не расціскаць «сінія пальцы».