Карбалевіч: Сэнс новай стратэгіі апазіцыі — вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня

Крызіс стратэгіі дэмакратычных сілаў — складнік беларускага экзыстэнцыйнага крызісу. За мінулыя тры гады адбылася пэўная эвалюцыя самога апазыцыйнага руху ў кірунку звужэньня сацыяльнай базы, электаральнай прасторы, разважае палітаглядальнік Валер Карбалевіч на «Свабодзе».

fota_novy_czas_2_logo.jpg

Відавочнага адказу на пытаньне, як дэмакратычным сілам удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году, няма ні ў кога. Як і аптымальных варыянтаў дзеяньняў. Гаворка не пра ўдзел у выбарах, бо рэальных выбараў няма. Гаворка менавіта пра ўдзел у палітычнай кампаніі пад назвай «прэзыдэнцкія выбары».

Патрэбная новая стратэгія

У экспэртнай супольнасьці разгарнулася дыскусія наконт неабходнасьці нейкай новай стратэгіі беларускіх дэмакратычных сілаў дзеля пераменаў у Беларусі. І трыгерам такой пастаноўкі пытаньня стаў Адзіны дзень галасаваньня. Пра гэта кажуць Арцём Шрайбман, Рыгор Астапеня ды інш.

Цяперашняя апазыцыйная супольнасьць узьнікла, трапіла на палітычную арбіту ў выніку пасіянарнага выбуху падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Пэўны час гэтага паліва хапала, каб падтрымліваць эмацыйную тэмпэратуру дэмакратычнага руху, нават ва ўмовах ягонага перамяшчэньня за мяжу.

Аднак усё цячэ, усё мяняецца. Як піша Шрайбман, «існаваньне па інэрцыі, на запале 2020 году» больш не працуе. Крызіс стратэгіі дэмакратычных сілаў — складнік беларускага экзыстэнцыйнага крызісу. Ён мае аб’ектыўны характар.

Праблема ня толькі ў тым, што пэрманэнтны тэрор ліквідаваў магчымасьці для палітычнай дзейнасьці апанэнтаў рэжыму ўнутры краіны. За гэтыя тры гады адбылася пэўная эвалюцыя самога апазыцыйнага руху ў кірунку звужэньня сацыяльнай базы, электаральнай прасторы. Справа ў тым, што Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне, Каардынацыйная рада ды іншыя структуры зьявіліся на сьвет як прадстаўнічыя інстытуцыі пратэставага руху 2020 году ў Беларусі, як структуры, якія адлюстроўваюць інтарэсы большасьці грамадзтва, што выказала сваю волю падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Гэты пратэст аб’яднаў людзей з рознымі каштоўнасьцямі, поглядамі, геапалітычнай арыентацыяй.

Глядзіце таксама

Аднак абвешчаны апазыцыяй курс на эўрапейскую інтэграцыю Беларусі азначае, што апазыцыйныя цэнтры цяпер прадстаўляюць толькі інтарэсы людзей з пасьлядоўнымі дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Гэта пэўнае звужэньне палітычнай базы ў параўнаньні з той большасьцю, якая склалася ў 2020 годзе.

Гэты працэс не спыніўся, ён працягваецца. Паступова, крок за крокам адбываецца павелічэньне ролі эмігранцкага парадку дня ў дзейнасьці гэтых структур. Кірунак, які спачатку разглядаўся як часовы, пабочны адносна ўнутрыпалітычных працэсаў, пачынае ператварацца ў асноўны від, сфэру дзейнасьці. Не рэалізаваны ўнутры краіны патэнцыял дэмакратыі апазыцыя спрабуе рэалізаваць у дыяспары. Тут адбываюцца выбары, зьяўляецца ўрад (Аб’яднаны пераходны кабінэт), парлямэнт (Каардынацыйная рада), падзел уладаў, фракцыі, партыі і інш. Гэта захоплівае, уцягвае. Але дыяспара — гэта яшчэ вузейшая база, чым дэмакратычная супольнасьць Беларусі.

Вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня

Вельмі важным паказьнікам гэтага працэсу стала тактыка апазыцыі адносна Адзінага дня галасаваньня 25 лютага. Яна была даволі немудрагелістая: маўляў, мы ў гэтых выбарах ня ўдзельнічаем, фактычна байкатуем. То бок праігнаравана значная палітычная кампанія ўнутры краіны. І была прапанавана альтэрнатыва — выбары ў Каардынацыйную раду, якая дзейнічае ў замежжы. Альтэрнатыва, скажам мякка, так сабе. Дый тую перанесьлі на травень, таму яна нават фармальна ня стала фактарам, які здольны быў бы перабіць выбары 25 лютага.

Таму сэнс новай стратэгіі, звышзадача апазыцыі палягае ў тым, каб вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня. Але тут існуе шмат перашкодаў. І галоўная зь іх — трансфармацыя палітычнай сыстэмы Беларусі ў бок таталітарызму. У таталітарнай сыстэме дзейнасьць апазыцыі немагчымая паводле вызначэньня. Там могуць існаваць толькі дысыдэнты.

Глядзіце таксама

Цяпер шмат пішуць, што рэжымы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна сынхронна рухаюцца да таталітарызму. Апошнія падзеі ў Расеі выявілі немалы пратэставы патэнцыял. Пра гэта сьведчаць чэргі ў буйных гарадах, каб падпісацца ў падтрымку прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Барыса Надзеждзіна, а таксама чэргі падчас пахаваньня Аляксея Навальнага.

Але мне цяжка ўявіць такія чэргі ў сёньняшняй Беларусі — зь любой нагоды. Пры найменшай спробе чагосьці падобнага людзі, якія наважыліся б стаць у такія чэргі, імгненна былі б арыштаваныя, трапілі б пад міліцэйскія дубінкі.

Вядома, што ў Беларусі пазвальнялі зь дзяржустановаў і бюджэтных арганізацый тых грамадзян, якія падпісваліся ў 2020 годзе за Віктара Бабарыку і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. І ці шмат людзей у 2025 годзе рашыцца ставіць подпісы хоць бы за нейкага нэўтральнага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду?

Глядзіце таксама

Інэрцыя грамадзкай думкі

Зь іншага боку, пэўнай перашкодай зьяўляецца інэрцыя думкі, настрояў у шэрагах дэмакратычнай супольнасьці. Да прыкладу, у другой палове 2021 году, калі ўлады прапанавалі рэфэрэндум па новай Канстытуцыі, прагучала нечаканая прапанова: а што, калі падтрымаць канстытуцыйную рэформу? Маўляў, няхай Ціханоўская заклікае сваіх прыхільнікаў прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць «за». Пры ўмове, што пасьля гэтага Лукашэнка абвяшчае цягам паўгода датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, сам сыходзіць з усіх пасадаў, вызваляе ўсіх палітвязьняў, улады закрываюць усе крымінальныя справы супраць апанэнтаў.

Гэта была б спроба кампрамісу і выйсьця з палітычнага тупіку. Тады тых, хто агучваў такую ідэю, абвінавачвалі амаль што ў здрадзе беларускай дэмакратыі. Прычым аргумэнты былі ня ў тым, што Лукашэнка падмане, што верыць яму нельга. Не, казалі пераважна пра тое, што ніякіх кампрамісаў з узурпатарам дапускаць нельга: толькі змаганьне да пераможнага канца. Тым больш што многія палітолягі цьвёрда прагназавалі: рэжым пратрымаецца толькі 1–2 гады.

Адлюстраваньнем такіх настрояў стала перамога радыкальнай плыні ў палітызаванай частцы апазыцыйнага электарату. Вялікай папулярнасьцю пачала карыстацца ідэя сілавога зрынаньня кіроўнага рэжыму ў Беларусі.

З пачаткам агрэсіі Расеі ўся стратэгія пераменаў у Беларусі, няхай і няяўна, грунтавалася на перамозе Ўкраіны ў вайне, у выніку якой рэжымы Пуціна і Лукашэнкі аслабнуць, і гэта створыць умовы для перамогі дэмакратыі. Цяпер зразумела, што да ўкраінскай перамогі, мякка кажучы, далёка.

А вось цяпер настроі ў дэмакратычным асяродзьдзі хістануліся ў процілеглы бок. Новы трэнд умоўна можна выказаць формулай «не злаваць дзеда».

Відавочнага адказу на пытаньне, як дэмакратычным сілам удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году, няма ні ў кога. Як і аптымальнага варыянту дзеяньняў. Гаворка не пра ўдзел у выбарах. Бо выбараў якраз няма. Гаворка менавіта пра ўдзел у палітычнай кампаніі пад назвай «прэзыдэнцкія выбары». Можна, вядома, заявіць, як зрабілі сёлета: маўляў, мы ня ўдзельнічаем — і на гэтым закрыць тэму. Але ці была плённай такая стратэгія?