Рыгор Астапеня: Дэмакратычным сілам нельга ігнараваць выбарчую кампанію 2025 года

Дэмакратычным сілам трэба свой кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах, лічыць кіраўнік беларускага праекту Chatham House. Аналітык прапануе падумаць, як беларуская апазіцыя зможа ўдзельнічаць у будучых выбарах, і што яна можа рабіць цяпер, каб сцішыць узровень рэпрэсій.

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5188_logo_logo.jpg

Свой кандыдат на выбарах

На думку Астапені, на будучых прэзідэнцкіх выбарах дэмакратычным сілам неабходна высоўваць свайго кандыдата. «Я не ўяўляю, як можна раскруціць кампанію ўнутры краіны без чалавека ўнутры яе», — сказаў Астапеня ў новым выпуску ютуб-канала «Гадзіннічак цікае».

Аналітык заўважае, што гэта можа быць гісторыя на адзін дзень, ці, як у выпадку Надзеждзіна ў Расіі, на пару тыдняў. Але іншай альтэрнатывы Астапеня не бачыць.

Эміграцыя можа як інспіраваць некага пайсці кандыдатам на выбары, так і забяспечыць яму інфармацыйную падтрымку.

На погляд аналітыка, існуе недаацэнка важнасці будучай палітычнай кампаніі дэмакратычнымі сіламі:

«Адбываецца разрыў. Мы больш не жывём пяцігадовымі палітычнымі цыкламі. І гэта падаецца досыць памылковым для дэмакратычных сілаў. Для жыццяздольнасці саміх эмігрантаў, палітычных колаў, мне падаецца, гэта іх палітычны канец. Яны не да канца ўяўляюць, наколькі для вонкавага свету, для легітымнасці гэтых палітычных сіл важныя іх гісторыі, кім яны з'яўляюцца для ўсяго свету».

Астапеня сцвярджае, што людзі стамляюцца ад размоваў пра 2020 год. Ён неаднаразова чуў падчас канферэнцый пытанне аб стратэгіі на 2025-ты. Але на парадку дня застаецца 2020-ты.

«Калі яны (дэмакратычныя сілы. — «НН») хочуць свайго ўласнага выжывання, трэба штосьці рабіць вакол выбарчай кампаніі. Яе нельга ігнараваць….. Трэба ўваходзіць у выбарчыя сілы, калі хочацца існаваць», — лічыць Астапеня.

Глядзіце таксама

Што дэмакратычным сілам трэба рабіць у новай рэальнасці

Трэба падзяліць задачы на бліжэйшыя год-два і на больш далёкую перспектыву, мяркуе аналітык.

«Калі гаварыць пра год-два, то на самой справе тут мэтаў няма. Яны ўсе выдуманыя — “задушыць рэжым”, “адправіць Лукашэнку ў Гаагу”. Я не супраць. Але мы можам [прапанаваць] нешта, звязанае з рэчаіснасцю?» — заўважае Астапеня.

На погляд аналітыка, абʼектыўная задача, якая стаіць перад дэмакратычнымі сіламі, — «каб Беларусь выйшла з беспрасветнай сракі». Як тлумачыць Астапеня, на практыцы гэта азначае спыненне рэпрэсій.

«Я не думаю, што ў нас ёсць абменны фонд вязняў. Але ёсць санкцыйны фонд, які можна спрабаваць нейкім чынам мяняць. Ёсць набор дзеянняў для таго, каб не павялічваць рэпрэсіі».

Шрайбман заўважыў, што стратэгія, якую прапаноўвае Астапеня, укладваецца ў канву «не злаваць дзеда».

На пытанне, ці трэба дэмакратычным сілам выходзіць з цыклу ціску на рэжым, Астапеня адказаў:

«Калі ў вас задача злаваць дзеда, то вы агучце, каб усе разумелі: “Мы любім рэпрэсіі”. Калі дзед варʼяцее, ён пачынае больш рэпрэсаваць».

Аналітык лічыць, што значная частка рэпрэсій праходзіць па фармальных прычынах. Ёсць частка людзей, якія не трапілі ў фармальныя спісы, і абсалютна спакойна праходзіць міма рэпрэсій.

«Таму вельмі важна ўлічваць, якім чынам і да чаго прыводзяць нашы дзеянні, спробы нібыта эскаліраваць нейкія рэчы ўнутры Беларусі. За гэта трэба несці нейкую адказнасць, калі гэта нікуды не вядзе».

Паводле «Наша Ніва»