Коршунаў: Палітычны віток рэпрэсій можа пачацца за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў

Тыя, хто ў краіне — гэта грамадзяне, тыя, хто з’ехаў, — гэта ўжо не грамадзяне для беларускай улады, і з імі можна рабіць што заўгодна. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў — з несуцяшальным прагнозам па рэпрэсіях у Беларусі, піша «Салідарнасць».

img_0735_logo_2.jpg

— Растуць маштабы рэпрэсій. Яны вельмі моцна рушылі ў рэгіёны, — адзначыў у эфіры праграмы «Обычное утро» старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў на падставе даследавання за 2023 год. — Таксама добра бачна, што рэжым пачаў мэтанакіраваную працу супраць тых, хто з’ехаў.

Фактычна ідзе раздзяленне: тыя, хто ў краіне — гэта грамадзяне, тыя, хто з’ехаў, — гэта ўжо не грамадзяне, і з імі можна рабіць што заўгодна.

Колькасць крымінальных справаў крыху зменшылася. Я не ведаю, ці працягнецца гэта тэндэнцыя ў 2024 годзе. А вось колькасць адміністрацыйных прысудаў, наадварот, расла.

Сістэма рэпрэсій, якая выбудавалася зараз у Беларусі, шматузроўневая. Тое, што робіцца з грамадствам, гэта адна справа. Але калі мы занурымся ў больш глыбінныя рэчы, то, напрыклад, тое, што творыцца ў месцах зняволення, гэта жах.

Там створаная сістэма, якая праз катаванні забівае людзей.

Таму калі аналізаваць агульны стан з рэпрэсіямі, то ціск на грамадства як быццам не расце, але ён і не зніжаецца. Аднак гэта адносна грамадства цалкам. Калі бярэм пэўныя групы насельніцтва, там адбываецца жах.

Глядзіце таксама

Яшчэ пытанне ў тым, што калі людзі выходзяць на волю, яны волі не атрымліваюць. Ціск, прымус, сачэнне за імі працягваюцца.

Фактычна гэтых людзей выціскаюць з краіны, таму што калі ты атрымаў палітычны артыкул, наўрад ці цябе возьмуць працаваць у дзяржаўную ўстанову. На жаль, і прыватны бізнес не вельмі ахвотна прымае такіх людзей на працу, таму што яны таксама баяцца.

Сацыёлаг не выключае, што напярэдадні выбараў наступнага года ціск на грамадства можа павялічыцца.

Глядзіце таксама

— Магчыма, зараз адбылася рэпетыцыя фарсу. Яны паглядзелі, што машынка працуе. Хутчэй за ўсё такіх вялікіх дэманстрацыйных хапуноў, як, напрыклад, з назіральнікамі ці роднымі палітвязняў у студзені, у бліжэйшы час не будзе. Бо для гэтага трэба шмат рэсурсаў, у тым ліку чалавечых.

Але думаю, што працягнецца практыка вялікіх карупцыйных справаў. Яны былі і восенню мінулага года, і зараз працягваюцца, хоць і не такія гучныя. І яны будуць далей.

Будзе расці прапагандысцкі ціск — і пра гусеніцы, і пра «пятую калону» — усе, што ведаем не першае дзесяцігоддзе.

Хутчэй за ўсё, прапагандысцка-палітычны віток рэпрэсій распачнецца за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў.

Такое стварэнне атмасферы ціску, страху, запужвання, калі людзі мусяць думаць, што яны цалкам пад каўпаком, гэта тое, што зараз мэтанакіравана ствараецца, і, хутчэй за ўсё, у іх няма выйсця, і яны будуць працягваць, — кажа даследчык.