Аляксандр Мілінкевіч пра будучыню Беларусі: «Стаіць відавочны выбар паміж дабром і злом, свабодай і казармай»

Аляксандр Мілінкевіч, палітык, кандыдат у Прэзідэнты Беларусі ў 2006 распавядае Таццяне Ашуркевіч з «Цэнтра новых ідэй» пра тое, чаму беларусы бліжэй да еўрапейцаў, чым да расіян, чаму варта падтрымліваць еўрапейскасць і ці падрыхтаваныя беларусы да ўступлення ў Еўрасаюз. 

Фота з асабістага архіва Аляксандра Мілінкевіча

Фота з асабістага архіва Аляксандра Мілінкевіча

Пра ідэю еўрапейскага выбару для Беларусі палітыкі вядуць дэбаты ўжо даўно. Здаецца, што чым глыбей Аляксандр Лукашэнка заводзіў краіну ў крызісны стан і поўную залежнасць ад Расіі, тым часцей яго апаненты загаворвалі аб неабходных пераменах. Але адкуль бярэцца ўпэўненасць, што еўрапейскасць сапраўды падыходзіць Беларусі? І што зрабіць, каб у нас прыжыліся яе прынцыпы? Пра гэта распавядае палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч быў кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на выбарах Прэзідэнта Беларусі ў 2006-м, заснаваў рух «За Свабоду!». У верасні 2023 года быў прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі. 

— Здаецца, у 2006 годзе вы былі адным з першых палітыкаў, якія ў прынцыпе загаварылі пра ўкараненне ідэі еўрапейскасці ў дзяржаўны лад Беларусі. Гэтай мэты цяпер прытрымліваецца і каманда Святланы Ціханоўскай. Я думаю, што сёння ў дэмакратычных сіл больш магчымасцяў знайсці падтрымку з падобнай праграмай, чым амаль 20 гадоў таму. Але я не магу ўявіць, каб тады ў 2006-м ідэя еўрапейскасці была папулярнай сярод беларусаў. Чаму вы вырашылі будаваць сваю палітычную кампанію менавіта вакол яе? 

— Я з дзяцінства добра разумеў, што такое Расійская імперыя: яе палітыка заўсёды была пра агрэсію, анексію і русіфікацыю. Я нагадаю, што ў беларускіх падручніках савецкага часу наша гісторыя пачыналася з адной даты — рэвалюцыі 1917 года. 

У маіх бацькоў была добрая бібліятэка, у кнігах з якой распавядалася гісторыя Беларусі да Маскоўскага «вызвалення». Дзякуючы гэтым кнігам я змог зразумець, што ў нас шматвяковая еўрапейская гісторыя, у першую чаргу, агульная з літоўцамі і палякамі, а не з расіянамі. У нас старажытная гісторыя дзяржаўнасці, пачынаючы з Полацкага і Тураўскага княстваў. Мы разам змагаліся за свабоду і за незалежнасць — і мы не горшыя за нашых суседзяў. 

Глядзіце таксама

У палітыцы я пачаў гаварыць пра еўрапейскі вектар развіцця, таму што разумеў: па сваім менталітэце, традыцыях, па гісторыі, культуры, мове мы — еўрапейцы. Для мяне гэта ніколі не было пытаннем выбару, у які бок нам ісці, на ўсход ці на захад. Для мяне гэта было пра вяртанне ў еўрапейскую сям'ю, з якой нас гвалтоўна забралі ў імперыю. Вядома, у дэмакратычнай краіне кожны палітык, калі ён ідзе на выбары, найперш думае пра тое, як сабраць пабольш галасоў. Ён стараецца гаварыць так, як думае большасць. Гэта тыпова для дэмакратыі. Большасць скажа: ён такі, як мы, і прагаласуе за яго.

Так, тады мы плылі супраць плыні, таму што за еўрапейскі выбар у 2006 годзе ў лепшым выпадку выступала чвэрць насельніцтва. Як правіла, гэта былі больш адукаваныя людзі, прадпрымальныя, маладыя, якія лепш разумелі, па якіх законах развіваецца свет. Яны ўжо не верылі прапагандзе. Гэта людзі, якія ездзілі за мяжу, ведалі нашу гераічную і трагічную гісторыю. 

Тады мы разумелі, што з нашым лозунгам «Свабода, праўда, справядлівасць» складана выйграць выбары. Людзі думаюць у першую чаргу пра сваю сям'ю, пра сваіх дзяцей, пра іх здароўе, пра жыллё. А калі ты кажаш пра маральныя каштоўнасці, наўрад ці зможаш заваяваць большасць насельніцтва — нават у дэмакратыях. Мы ішлі з гэтай праграмай на выбары, разумеючы, што іх няма. І таму нам хацелася перш за ўсё кансалідаваць тую частку беларусаў, якая разумела значэнне незалежнасці і нацыянальнага адраджэння. 

Глядзіце таксама

— Можаце патлумачыць, чаму, на вашу думку, менавіта арыентацыя на еўрапейскасць падыходзіць Беларусі? 

— Па-першае, таму што тут стаіць ужо відавочны выбар паміж дабром і злом, свабодай і казармай. Цяпер гэта ўжо экзістэнцыйнае пытанне — ці будуць існаваць беларусы ў нашай краіне. Гаспадар Крамля не лічыць нацыяй не толькі ўкраінцаў, але і нас.  

Дзе людзі жывуць лепш, багацей, годней? Дзе яны часцей усміхаюцца? Там, дзе больш свабод, дзе грамадзяне самі вызначаюць сваю будучыню. У дэмакратыі сапраўды можна адстаяць свае правы ў судзе, у ёй ты выбіраеш уладу і ўдзельнічаеш у падліку галасоў, таму і не сумняваешся ў справядлівасці выбараў.

— Здаецца, што нават нягледзячы на вайну ва Украіне, ступень арыентацыі на Расію ў беларусаў застаецца высокай. Улічваючы, што многія з іх усё роўна глядзяць «на Усход», што можна зрабіць, каб у нас прыжылася ідэя еўрапейскасці? 

— Насамрэч гэта прасцей, чым здаецца. Вядома, калі цябе з раніцы да вечара замбуе тэлевізар, калі ідзе бясконцы пошук ворагаў, нагнятаецца агідная нянавісць, мысленне людзей можа некалькі дэфармавацца. Але не настолькі, каб мы страцілі арыентацыю ў прасторы.  

Я параўноўваю, якой была Беларусь, калі ў выніку перабудовы мы атрымалі незалежнасць у 1991. Тады стан грамадства быў горшы, чым сёння. Большасць нашага насельніцтва прагаласавала на рэферэндуме за захаванне Савецкага Саюза. Беларусы спалохаліся распаду СССР. Чаму так здарылася? Ні ў адной савецкай рэспубліцы не было такой дэнацыяналізацыі, як у нас. І гэта не таму, што беларусы адмовіліся ад сваёй цудоўнай гісторыі, мовы і культуры. Гэта быў вынік каланіяльнай палітыкі імперыі па фарміраванні людзей «без роду, без племені», без ідэнтычнасці і самасвядомасці, з комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці. 

Глядзіце таксама

Пасля распаду Савецкага Саюза большасць беларусаў проста не ведалі, што такое Еўропа, чаму яна аб'ядналася, на якіх каштоўнасцях. Краіна была закрытай і самаізаляванай.  

Але сёння ўсё абсалютна не так. Пераважная большасць беларусаў штодня карыстаецца Інтэрнэтам, яны могуць параўноўваць сітуацыі ў розных краінах. У нас адрадзілася пачуццё годнасці і свабодалюбства. Пасля 2020 мы сталі іншым народам і аформіліся як нацыя. 

— Давайце пагаворым пра тыя самыя еўрапейскія каштоўнасці. Якія, на вашу думку, найперш трэба пераняць беларусам? 

— 2020-ы год паказаў, што мы па менталітэце ў большасці сваёй ужо еўрапейцы. Нашы грамадзяне выйшлі на маніфестацыі не з эканамічнымі патрабаваннямі. Лозунгаў пра заробкі не было, хоць яны зусім нізкія ў параўнанні з суседзямі. Людзі хацелі мець магчымасць выбіраць сабе ўладу, адстойвалі сваю годнасць, хацелі свабоды, праўды, справядлівасці. Гэта еўрапейскія каштоўнасці.

Я быў знаёмы з большасцю паслоў цывілізаваных краін у Беларусі ў розны час. І практычна ўсе яны дружна казалі, калі пакідалі краіну: «Вы — самы еўрапейскі народ Усходняй Еўропы. Калі заўтра дзверы Еўрасаюза адчыняцца, вы станеце першымі, хто будзе гатовы да еўраінтэграцыі».

Па-другое, мы маем велізарны патэнцыял для таго, каб паспяхова прайсці гэтую дарогу. Беларусы добра адукаваныя, працавітыя. Цяпер я з калегамі займаюся праектам «Вольны Беларускі Ўніверсітэт». Практычна ўсе рэктары партнёрскіх еўрапейскіх універсітэтаў кажуць, што беларусы — адны з лепшых замежных студэнтаў.

Глядзіце таксама

У нас дастаткова высокі патэнцыял прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Выдатная інфраструктура аўтадарог і інтэрнэту. Мы маем выдатную школу падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў і інжынераў. 

Я ўпэўнены, што мы, як толькі прадставіцца магчымасць, можам стаць лакаматывам трансфармацыі Усходняй Еўропы. І ўжо сёння беларускія эксперты паспяхова працуюць над праектамі пераўтварэнняў краіны, каб яны былі эфектыўнымі, адносна хуткімі і не занадта балючымі.

Тое, што мы будзем праводзіць сістэмныя рэформы аднымі з апошніх у Еўропе, — дрэнна, але тое, што зможам выкарыстоўваць і добры, і дрэнны вопыт, які ёсць у нашых суседзяў, — гэта для нас вялікі плюс.