Вялікія і жудасныя будучыя справы новых дэпутатаў Мінгарсавета

Як падвесці вынікі так званых выбараў у адным асобна ўзятым населеным пункце? Расказвае былая дэпутатка.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Гэта горш за народ, гэта лепшыя людзі горада», — цытата з фільма «Забіць дракона» ідэальна апісвае новы склад Мінгарсавета. Амаль усе прагнозы пацвердзіліся, самы час прайсціся па персаналіях, бо з адным кандыдатам я ўсё-ткі памылілася, піша Вольга Цесакова для партала «Наше мнение».

Як аказалася, прадказаць новы склад гарсавета можна ў два простыя крокі. Спачатку па кожнай акрузе выбіраем таго, хто выкарыстаў усе тры спосабы вылучэння (шляхам збору подпісаў, ад працоўнага калектыву і ад палітычнай партыі). Калі спосабаў вылучэння толькі два (напрыклад, шляхам збору подпісаў і ад працоўнага калектыву), тады выбіраем таго, хто займае больш высокую пасаду. Так па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе № 19 ішлі два амаль раўнацэнныя кандыдаты, абодва — сябры партыі «Белая Русь»: дырэктар каледжа лічбавых тэхналогій і дырэктарка цэнтра дадатковай адукацыі «Ветразь». Першы вылучаны ад партыі, другая — ад працоўнага калектыву (гэта акрамя збору подпісаў). «Дырэктар каледжа» гучыць больш самавіта, плюс гендарны фактар: мужчыны складаюць абсалютную большасць у савеце (амаль дзве траціны) — і прозвішча будучага дэпутата перастае быць інтрыгай.

З гэтага стройнага алгарытму выбіліся 3 акругі. Гісторыя на Сцяпянскай выбарчай акрузе № 1 выйшла досыць простай, дзе «канкурэнцыю» старшыні праўлення «Белінвестбанка» (спосаб вылучэння — шляхам збору подпісаў і ад працоўнага калектыву) склаў дырэктар каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе з усімі трыма спосабамі вылучэння. У гэтым канкрэтным выпадку было лагічна, што ўсё-ткі пасада будзе вырашальным фактарам.


Глядзіце таксама

А вось у дзвюх іншых без ведаў ўнутранай кухні было не абысціся. На Заслаўскай выбарчай акрузе № 43 шляхам збору подпісаў вылучаліся два кандыдаты: дырэктар ЦБП «Беларусбанка» (+ ад палітычнай партыі) і генеральны дырэктар Будтрэста № 4 (+ ад працоўнага калектыву). Таго самага трэста, які Мінгарсавет рэгулярна прызначае генпадрадчыкам на незавершаныя аб'екты будаўніцтва, адабраныя ў прыватнікаў. Мабыць вырашылі абысціся без пасярэднікаў і пасадзіць любімага будаўніка пілаваць інвестпраграму проста ў зале пасяджэнняў.

Яшчэ адна невідавочная пара склалася ў Курасоўшчынскай выбарчай акрузе № 17. Ад грамадзян шляхам збору подпісаў і працоўнага калектыву ішлі дырэктар ТАА «Гарадскі цэнтр перакладаў» і дырэктарка «Цэнтра алімпійскага рэзерву па лыжных відах спорту» ўпраўлення Мінгарвыканкама. Па ўсёй логіцы, чалавек з сістэмы павінен быў быць у прыярытэце, калі б не адно «але». Загугліўшы прозвішча дырэктара вышэйпаказанага цэнтра, па першых спасылках можна даведацца, што ён быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах 2020 года. Адпаведна, з'яўляецца неад'емнай часткай «прапагандысцкага» шэрагу нароўні з гендырэктарамі «Белтэрадыякампаніі», агенцтва «Мінск-Навіны», палітычным аглядальнікам з СТБ і прэс-сакратаром МУС.

І ўсё ж быў кандыдат, які мяне здзівіў. Адзіны, хто не вылучаўся шляхам збору подпісаў, але стаў дэпутатам. Гэтым «чорным конікам» быў намеснік дырэктара ААТ «Крыён» па ідэалагічнай працы, які вылучаўся толькі ад працоўнага калектыву і палітычнай партыі па Каржанеўскай выбарчай акрузе № 18. Было б цікава даведацца, чым гэты таварыш (сябра Камуністычнай партыі, дарэчы) заслужыў такую ўражальную паблажку, дакладней, прывілей не збіраць подпісы. За яго будучай дзейнасцю я б сачыла з асаблівай увагай, нешта мне падказвае, што яго папярэдняе месца працы было ў КДБ. Пакуль гэта адзіная здагадка, якая можа выразна растлумачыць займаемую пазіцыю і жаданне «не свяціць тварам».


Глядзіце таксама

Працягваючы гаварыць пра асаблівасці новага саставу, ніяк не прайсці міма нонсэнса — двух дэпутатаў на сур'ёзных пазіцыях выканаўчай улады: першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна і намеснік старшыні Мінгарвыканкама. Нагадаю, што дэпутаты мясцовых саветаў не атрымліваюць зарплату і захоўваюць за сабой бягучую пасаду (выключэнне — у выпадку абрання старшынёй Савета, бо гэта аплачваемая праца). Такія выпадкі не рэдкасць у рэгіёнах, але для Мінска ў навінку. Растлумачыць гэта можна толькі няздольнасцю сістэмы трываць вальнадумства нават за зачыненымі дзвярыма. Усё павінна быць пад татальным кантролем у правераных людзей. Плюс які-ніякі сацыяльны ліфт у сістэме, дзе месца вызваляецца з нагоды альбо пенсіі, альбо турмы, нават невялікія змены ў статусе з'яўляюцца істотнымі.

З агульных тэндэнцый варта адзначыць досыць слабыя пазіцыі па двух напрамках.

  • Гендарны аспект: менш за 40% жанчын — гэта прытым, што па рэспубліцы ўсё ж пастараліся наблізіцца да гендарнай роўнасці (52,3% мужчын і 47,7% жанчын).
  • Пераемнасць: па краіне 50% дэпутатаў перайшлі ў новае скліканне, тады як у Мінску толькі 8 чалавек з 57 дапусцілі да новага тэрміну.

(Прыношу прабачэнні калегам, якіх недалічылася ў папярэднім матэрыяле. На жаль, ні яны, ні я не былі частымі гасцямі на сесіях.)

Апошняе, на што б хацела звярнуць увагу, — размеркаванне па партыях.

Натуральна, большасць (35 чалавек) прадстаўляюць партыю «Белая Русь», 8 чалавек — ад Партыі працы і справядлівасці, 4 — ад Камуністычнай партыі і 13 — беспартыйныя. Але вось Ліберальна-дэмакратычная партыя засталася наогул без месцаў у гарсавеце. З улікам таго, што ў Беларусі ўсяго чатыры афіцыйна зарэгістраваныя партыі, не ўзяць аніводнага месца ў сталіцы — непрыемны паказчык вельмі слабых пазіцый ва ўмоўна палітычным полі. (Хоць магчыма, што адзінай мэтай існавання гэтай партыі з'яўляецца магчымасць вылучаць Гайдукевіча ў Нацыянальны сход.)

Падводзячы вынікі новага склікання, нельга не адзначыць, што склад ніколі не быў такім канцэнтратам высокапастаўленых гарадскіх чыноўнікаў і людзей, якія кантралююць сур'ёзныя рэсурсы (кіраўніцтва праўлення «Беларусбанка» і «Белінвестбанка»). Рэпрэзентацыя выбаршчыкаў знаходзіцца на нулі, па сваіх пазіцыях дэпутаты моцна далёкія ад патрэб сярэдняга гараджаніна. Больш ніякіх шырмаў і кулуарных размоў, усіх сабралі ў адным месцы і далі зялёнае святло працы «па паняццях». Пачынаючы ад адукацыйнага сектара ў асобе рэктара БДУ і прарэктара Акадэміі кіравання, закранаючы сілавы блок (МУС, МНС, мытня) і заканчваючы ідэалагічнай лінейкай (БРСМ, «Белая Русь»), Мінгарсавет 29 склікання будзе тварыць вялікія справы.

Вялікія і жудасныя.