«З TikTok-рэвалюцыяй беларускія генералы абавязкова справяцца. Асабліва калі праціўнік не з'явіцца»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як беларускія генералы ўмеюць адбіваць пагрозы стабільнасці ў тэлевізары і любой віртуальнай прасторы. Але толькі тады, калі гэтыя пагрозы стабільнасці — нябачныя.

1614279956_30_p_chernii_fon_dlya_tik_toka_36.jpg

Міліцэйскі генерал Казакевіч учора з нагоды Дня міліцыі паабяцаў, што міліцыя пераможа рэвалюцыю ў TikTok. І ведаеш, я лічу, што ён жа не схлусіў. Беларускія генералы адбілі ўжо столькі пагроз стабільнасці ў тэлевізары, што і з пагрозай стабільнасці ў TikTok беларускія генералы таксама справяцца.

Наогул у беларускіх генералаў выдатна атрымліваецца адбіваць пагрозы ў любой віртуальнай прасторы. Асабліва нябачныя пагрозы ў віртуальнай прасторы. Такія пагрозы, якія беларускія генералы самі сабе прыдумалі.

Ці ведала ты, што нябачныя ворагі хацелі сарваць электаральны працэс? І я не ведаў. Мне вось неяк здавалася, што да электаральнага працэсу беларускіх уладаў нікому, акрамя беларускіх уладаў, няма ніякай справы. Ні нам з табой, ні інтрыгам Захаду.

Я ўвогуле падазраю, што інтрыгі Захаду беларускага электаральнага працэсу маглі б і не заўважыць, калі б беларускія ўлады ім пра гэта ўвесь час не нагадвалі. Таму што ў інтрыг Захаду ёсць цяпер у прынцыпе чым заняцца, акрамя электаральнага працэсу беларускіх уладаў.

А менш за ўсё справаў да электаральнага працэсу беларускіх уладаў было ў беларускіх выбаршчыкаў. Нават у тых, якіх беларускім уладам атрымалася завабіць у свой электаральны працэс. І мне, дарэчы, здаецца, што гэтым разам завабіць у электаральны працэс атрымалася менш людзей, чым звычайна. Хоць сродкаў прымусовага ўключэння грамадзян у выбарчую актыўнасць цяпер у беларускіх уладаў, вядома, значна больш. Але сродкі прымусовага ўключэння выбаршчыкаў у электаральны працэс дрэнна працуюць ва ўмовах поўнай адсутнасці цікавасці выбаршчыкаў да электаральнага працэсу.

Што там выбаршчыкаў. Па-мойму, нават непасрэдныя ўдзельнікі электаральнага працэсу не праяўлялі ў электаральным працэсе ніякай глыбокай асабістай зацікаўленасці. Ну гэта значыць, у тэлевізары, вядома, праяўлялі, а ў асабістым жыцці — не вельмі.

Але глядзі ты. Аказваецца, у электаральнага працэсу ўсё ж такі былі нябачныя ворагі. І беларускія генералы гэтых нябачных ворагаў увесь час бачылі. Можна быць, гэтыя нябачныя ворагі нават знаходзіліся з беларускімі генераламі ў адным пакоі.

Таму беларускія генералы былі ў курсе пра нябачную пагрозу. І своечасова, як гаворыцца, «купіравалі ўсе адзінкавыя экстрэмісцкія інцыдэнты». Не проста так. Коштам, вядома, «поўнай мабілізацыі» ўсіх даступных генералам рэсурсаў ва ўсім ім даступным тэлевізары. Але ж справіліся. Змаглі ж яны гэта рабіць.

І беларускі тэлевізар, вядома, цалкам мае рацыю, калі кажа пра зруйнавальную перамогу стабільнасці падчас электаральнага працэсу. Стабільнасць сапраўды перамагла па прычыне няяўкі праціўніка і выбаршчыкаў.

Таму і з TikTok-рэвалюцыяй беларускія тэлегенералы, я лічу, таксама абавязкова справяцца. Асвояць сабе яшчэ трохі сучасных тэхналогій і справяцца. Хоць у TikTok, хоць у Minecraft. Асабліва калі праціўнік на іх TikTok-рэвалюцыю не з'явіцца. Таму што калі раптам з'явіцца, то могуць быць усякія нечаканасці. Нават у TikTok.

У беларускіх генералаў вунь ледзь атрымалася справіцца з сокаламі, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.

Глядзіце таксама