Лукашэнкаўцы фактычна прызналіся ў фальсіфікацыях у Мінску. Займальныя лічбы

У акругах Партызанскага раёна выбарцы сапсавалі 1231 бюлетэнь, а ў Кастрычніцкім раёне — нуль, піша «Наша Ніва».

_belarus_kraina_zyccjo_vybary_2024_fota_novy_czas__5__logo.jpg_logo_1.webp

Колькасць «несапраўдных» бюлетэняў на выбарах выдатна даказвае ўсеагульнасць беларускіх фальсіфікацый.

Несапраўдныя бюлетэні — тыя, дзе выбарцы не паставілі ніводнай пазнакі ці паставілі адразу некалькі. Альбо напісалі нейкае пасланне членам камісій. Існаванне такіх бюлетэняў — нармальная практыка ў любым грамадстве. Іх колькасць заносіцца ў пратакол.

Аднак тэрытарыяльныя камісіі не маюць строгага ўказання, якую лічбу трэба маляваць у гэтым радку выніковага пратакола. Ёсць арыенцір, што пераможца мусіць атрымаць 55%, а яго спарынг-партнёр, напрыклад, 30%.

А што пісаць у «несапраўдных бюлетэнях»? Агульнай інструкцыі па краіне няма. Таму на месцах робяць усё на свой густ. І ў выніку атрыманыя лічбы неверагодна адрозніваюцца ад лічбаў суседзяў.

Важны момант: падлічыць сумленна хаця б адну гэту лічбу немагчыма — бо тады пасыпяцца ўсе астатнія лічбы, прыдуманыя.

На парламенцкіх выбарах Мінск традыцыйна дзеляць на 20 акругаў. Улады стараюцца, каб акругі групаваліся па існуючых раёнах Мінска. Напрыклад, у Фрунзенскі раён уваходзяць Заходняя, Каменнагорская, Кальварыйская і Лынькоўская акругі.

Аднак паколькі ёсць патрэба, каб у акругах была сувымерная колькасць выбарцаў, даводзіцца часткова карэктаваць межы. Напрыклад, у Лынькоўскую ўключылі яшчэ і некалькі кварталаў Цэнтральнага раёна, аднак «каардынуецца» яна ўсё адно Адміністрацый Фрунзенскага раёна. Гэта будзе бачна пасля.


Глядзіце таксама

Выданне згрупавала акругі па раёнах Мінска і пазначылі колькасць несапраўдных бюлетэняў, якія камісіі нібыта налічылі там.

Заводскі раён

Паўночная акруга №91 — 275

Машынабудаўнічая акруга №92 — 262

Васняцоўская акруга №93 — 172

Ленінскі раён

Купалаўская акруга №94 — 779

Свіслацкая акруга №95 — 806

Кастрычніцкі раён

Кастрычніцкая акруга №96 — нуль

Чкалаўская акруга №97 — нуль

Маскоўскі раён

Дзяржынская акруга №98 — 131

Ясенінская акруга №99 — 102

Паўднёвазаходняя акруга №100 — 97

Фрунзенскі раён

Заходняя акруга №101 — 602

Каменнагорская акруга №102 — 622

Кальварыйская акруга №103 — 595

Лынькоўская акруга №104 — 635

Цэнтральны раён

Старавіленская акруга №105 — 280

Савецкі раён

Коласаўская акруга №106 — 978

Усходняя акруга №107 — 1136

Першамайскі раён

Першамайская акруга №108 — 224

Уручанская акруга №109 — 217

Партызанскі раён

Партызанская акруга №110 — 1231

Выдатна бачна, што ў кожным раёне быў свой арыенцір на несапраўдныя бюлетэні. У Фрунзенскім пісалі каля 600, у Маскоўскім — каля 100. Рэкардсменам стаў Партызанскі — тут «налічылі» ажно 1231 сапсаваны бюлетэнь.

А вось у Кастрычніцкім, такое адчуванне, пра несапраўдныя бюлетэні проста забыліся і пакінулі ў пратаколах нуль. Калі верыць гэтым махлярам, то з 75 тысяч чалавек, якія прыйшлі на ўчасткі ў абедзвюх акругах гэтага раёна, не было ніводнага сапсаванага бюлетэня.

Матэматычная імавернасць такога супадзення абсалютна нулявая. Чарговае пацверджанне фальсіфікацый.