Мілінкевіч: «Пуціну можа спатрэбіцца новая здабыча, і такой можа стаць Беларусь»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч разважае пра своечасовасць абрання курсу на Еўропу, які агучылі дэмсілы, пра пагрозу ўзнікнення новай «жалезнай заслоны» ў дачыненні да Беларусі, і пра няскончанасць рэвалюцыі 2020-га.

aleksandr_milinkevich_vas_tutby_phsl_12102016_img_5113_e2acd1b706ea683b8f1a74e2c5b226b84fe7a9a2.jpg

Пра гэта палітык паразважаў у вялікім і ў нечым філасофскім інтэрв’ю Філіну.

— У 2020 годзе ў часе выбарчай кампаніі і паслявыбарчых масавых пратэстаў мы не бачылі сцягоў Еўразвязу і амаль не чулі праеўрапейскіх лозунгаў. Сёння лідары дэмсілаў выступаюць за еўрапейскі шлях развіцця, за ўступленне ў ЕС — на фоне росту колькасці прыхільнікаў саюза з Расіяй, якіх, паводле апошніх сацыялагічных замераў, добра калі не палова. Ці не палітычнае гэта самагубства — ісці насуперак жаданням грамадства?

— Магутныя маніфестацыі 2020 года адбыліся з прычыны шырокіх пратэсных настрояў супраць рэжыму. Беларусы выйшлі бараніць сваю годнасць, а не права на еўрапейскі выбар. 

Калі б сёння мы жылі ў дэмакратычнай краіне і ставілі мэтай выйграць выбары, то палітыкам трэба было б гаварыць акурат тое, чаго хочуць людзі. Каб перамагчы. Гэта нармальна, тыпова. Але мы зусім у іншых умовах. Наша краіна знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй, грамадства ў значнай ступені інфармацыйна ізаляванае. Дзяржаўныя медыя вядуць шалёную хлуслівую прапаганду. Пры гэтым не ўсе маюць смеласць чытаць ды слухаць праз VPN. Плюс яшчэ фактар татальнага страху.

Таму сёння праводзіць такую рэактыўную палітыку — «чаго пажадаеце» — гэта проста пагадзіцца з вынікамі запалохвання, дэзынфармацыі і спроб зачысткі грамадскай актыўнасці.

Мы разумеем, што сёння пытанне еўраінтэграцыі перад беларусамі не стаіць, зараз трэба перш за ўсё Беларусь захаваць. Але стратэгічна нам трэба ісці ў Еўропу, таму што мы родам адтуль. Бо там адносіны паміж краінамі грунтуюцца на ўзаемнай павазе і маральных каштоўнасцях, найперш хрысціянскіх.

На гэтым паўстала Еўропа, там не эксплуатуюць слабейшых, там ім дапамагаюць, што мы бачылі на прыкладзе краінаў, якія ужо паспяхова даганяюць лідараў Еўрасаюза. Гляньце на прыклады Іспаніі і Грэцыі, Польшы і Чэхіі.

А інтэграцыя з Расіяй — гэта вечная вайна, алігархі, хлусня, рэпрэсіі, санкцыі, паўзучая анексія нашай краіны. Для Пуціна і ўкраінцы і беларусы — неданацыі, і Украіна, і Беларусь — недадзяржавы.

У нас няма альтэрнатывы, стаіць жорсткае пытанне — жыць або знікнуць. Ніколі геапалітычны выбар для нашага грамадства рэальна не стаяў так экзістэнцыйна, як сёння.

Лукашэнка ад самага пачатку паставіў на глыбокую інтэграцыю з Расіяй, стала казаў беларусам, што мы без яе аніяк, што трэба «паўзці туды на каленях», што на Захадзе нас ніхто не чакае. І гэта ўвесь час паўтаралі прапагандысты.

Разам з тым людзі сапраўды не зусім разумелі — а што такое Еўропа, чаму нам там будзе добра. Большасць беларусаў нават не падазрае, што ў былой савецкай рэспубліцы Эстоніі напачатку гэтага года сярэдняя зарплата была 1741 еўра, і яна вырасла за апошні год на 13%.

Пры тым, калі мы кажам пра еўрапейскі выбар, гэта не азначае, што да Расіі мы маем назаўсёды павярнуцца спіной. Нам выгадна з усімі суседзямі мець добрыя ўзаемавыгадныя адносіны, але гэта магчыма толькі, калі расійцы пазбавяцца ад пуцінізму — нацызму ХХІ стагоддзя.

Як толькі з’явіцца магчымасць, Беларусь павінна рухацца ў бок Еўрасаюза. І гэта адказнасць перш за ўсё палітыкаў і грамадзянскай супольнасці. Мы павінны быць лідарамі свабоднай думкі і памятаць, што лёсы краінаў вырашае звычайна не большасць, а актыўная пасіянарная меншасць.  

Што да сённяшніх сацыялагічных замераў, то я хачу нагадаць, што яшчэ нядаўна, калі Масква аб’яўляла нам гандлёвыя войны — цукровыя, малочныя ды мясныя, — то ў момант узрастала праеўрапейская арыентацыя нашых суграмадзянаў, і больш за палову беларусаў ужо былі за Еўрасаюз.

Сённяшні стан грамадскай думкі вельмі лабільны і праўдзівая інфармацыя з часам пераможа хлусню. Як толькі краіна будзе вольнай, у Беларусь вернуцца з выгнання нашы незалежныя медыя, а праграмы беларускага грамадскага тэлебачання будзе рабіць сённяшняя каманда Белсата, у кароткія тэрміны большасць нашага грамадства будзе ведаць чаму нашы суседзі пайшлі ў Еўрасаюз і ўступілі ў НАТА.

Таму што мы — еўрапейцы. І менталітэт, і гісторыя, і культура, і традыцыі — усё ў нас еўрапейскае. Прыйшло новае лічбавае пакаленне, яно не хоча ў СССР.

Таму я лічу абсалютна правільным абвяшчэнне курса нашай дэмакратычнай супольнасці на Еўропу, які быў прадэклараваны на канферэнцыі «Новая Беларусь». Гэтага нам вельмі не хапала доўгі час.

У нашай сітуацыі палітыкі зараз павінны думаць не пра перамогу ў выбарах, якіх у нас пакуль і няма, а пра тое, як пераканаць людзей у тым, у чым мы самі шчыра перакананыя.

— Вы былі ўдзельнікам лёсавызначальных падзей пачатку 90-х, калі Беларусь здабыла незалежнасць. Гэта былі няпростыя часы для дэмакратыі, бо беларусы ў большасці сваёй былі глыбока саветызаванымі людзьмі, далёкімі ад дэмакратычных ідэалаў.

На вашу думку, калі мы праз нейкі час ізноў апынемся на парозе глабальных зменаў, ці не стане грамдства, ягоны стан, перашкодай на шляху да пераменаў? Ці ўсё ж беларусы змяніліся за апошнія тры дзесяцігоддзі?

— Я думаю, што адказ на гэтае пытанне даў перш за ўсё 2020 год. Для мяне ён стаў вырашальным этапам беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі, якая можа ісці хвалямі.

Яшчэ раз нагадаю — у палякаў магутная 10-цімільённая Салідарнасць перамагала камуну 10 гадоў, у Нідэрландах у свой час рэвалюцыя доўжылася 80 гадоў. І ў Францыі знакамітая рэвалюцыя ішла дзесяцігоддзі.

Тут не трэба заломваць рукі і галасіць, што мы ўсё прайгралі. Так, мы не перамаглі палітычна, але 2020 год паказаў, што мы нацыя. Мы гэта і сабе даказалі, і ўсяму свету. Усе даведаліся, што мы не проста існуем на мапе, але што хочам жыць годна, у Свабодзе, Праўдзе і Справядлівасці. Увесь свет сёння лічыць беларусаў сапраўднай еўрапейскай нацыяй.

Ці варта было адмовіцца ад мірных маніфестацый і пайсці на радыкальныя крокі? Абсалютна не. Па-першае, узброены чын не падтрымала б абсалютная большасць «неверагодных» пратэстоўцаў і яны б перасталі выходзіць на вуліцы.

Па-другое, у беларускай уладзе адбыўся эфектыўны негатыўны адбор і ў ёй не мог адбыцца раскол, неабходны для перамогі дэмакратыі пры дыктатуры. Па-трэцяе, Крэмль з вялікай радасцю скарыстаўся б з магчымасці рэалізаваць дамовы АДКБ і ўвёў бы свае войскі для «аказання брацкай дапамогі».

Цывілізаваны свет нам бы, канечне, спачуваў і выказаў бы традыцыйную занепакоенасць.

Я разумею, што час ідзе, а перамогі няма. Многія, асабліва «новая хваля» пратэстоўцаў, расчараваныя. Тыя, хто даўно змагаецца за свабоду, ведаюць, што ў адказ нават на мірную рэвалюцыю можа быць адкат ў рэакцыю і тэрор, што мы сёння і назіраем.

Але тое, што адбываецца, не ёсць перамога рэжыму — ён праходзіць этап агоніі разам са сваімі саюзнікамі ў Крамлі. Баланс сілаў моцна не змяніўся. Рэальна прыхільнікаў Лукашэнкі не стала больш, павялічваецца колькасць «нейтралаў», перш за ўсё з прычыны атмасферы татальнага страху. 

Разам з тым у чарговы раз паўтару, наш лёс ужо ў першую гадзіну пасля Лукашэнкі вызначыцца не шырокімі праеўрапейскімі настроямі грамадства, яны сфармуюцца паступова пазней, а станам нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычнай і культурніцкай самасвядомасці.

Украінцы скансалідавана працавалі на іх фармаванне апошнія два дзесяцігоддзі і дасягнулі неверагоднага поспеху. Сёння ў змаганні за свабоду супраць крамлёўскага рэйха нашыя паўднёвыя суседзі перамагаюць не столькі за кошт сучаснай заходняй зброі, але перш за ўсё дзякуючы непахіснаму нацыянальнаму духу і святой любові да сваёй Бацькаўшчыны.

Гэта для нас галоўны ўрок расійскай агрэсіі ва Украіне. Станем свядомымі беларусамі — будзем жыць у еўрапейскай беларускай Беларусі.

Глядзіце таксама

— Былы ўкраінскі пасол Ігар Кізім выказаў перасцярогу, што ён можа стаць апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі, бо хуткасць інтэграцыйных працэсаў ставіць будучыню беларускага суверэнітэту пад вялікую пагрозу. Ці падзяляеце вы такія трывогі?

— Сапраўды, гэта выклікае вялікую трывогу. Залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы татальная і ўвесь час узрастае. Якім будзе наш лёс, вырашыцца ў значнай ступені па выніках дзікай імперскай вайны Крамля.

Перамогуць украінцы, у ва што я цвёрда веру, адыдзе Пуцін, і ў Беларусі з’явіцца вакно магчымасцяў на перамены. Калі б замарозіўся канфлікт, або яшчэ горш, выйграла б Масква, нас бы чакалі змрочныя часы. 

Пагроза анексіі па-ранейшаму існуе. Крэмль у любы час можа вырашыць, што раз ва Украіне справы не вельмі, дзеля рэйтынгу, асабліва перад чарговымі выбарамі, Пуціну можа спатрэбіцца новая здабыча, чарговая тэрыторыя для драпежнай імперыі. Такой каменсацыяй для Пуціна і лекам для грамадства можа стаць Беларусь.

Пагроза існуе, і мы павінны пра гэта памятаць. Хаця я лічу, што пакуль Маскве выгадней выкарыстоўваць нашу фармальна незалежную краіну як плацдарм для пагроз і правакацый супраць Захаду.

Сёння нам вельмі важна заручыцца падтрымкай дэмакратычных краінаў — перш за ўсё еўрапейскіх і Злучаных Штатаў. Неабходна дэманстраваць, што 2020-ты не быў выпадковасцю, што мы працягваем змагацца.

Грамадзянская супольнасць у Беларусі непублічна, падпольна, я гэта ведаю, працягвае дзейнічаць, наколькі гэта магчыма ў сённяшніх умовах палітыкі ўнутранага тэрору. Адначасова і ў замежжы вялікая колькасць беларусаў адстойвае сваё права жыць цывілізавана ў дэмакратычнай вольнай Беларусі.

І тое, што наша грамадзянская супольнасць дэманструе такую волю да барацьбы за сваю краіну, гэта вельмі важна. Надзвычай важна і тое, што прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская, якая застаецца адзіным легітымным прадстаўніком беларускага народа ў вачах цывілізаванага свету, ажыццяўляе візіты і сустрэчы на самым высокім узроўні з кіраўнікамі дзяржаваў.

І паўсюдна кажа, што мы ёсць, не зніклі і хочам быць незалежнымі і свабоднымі. Таксама і Дэкларацыя пра еўрапейскі выбар, пра які было заяўлена на канферэнцыі «Новая Беларусь», ёсць дэманстрацыяй нашай супольнай волі.

Нам неабходна, каб беларусаў не шкадавалі і спачувалі ім, а каб у іх верылі. Мы ў стане прайсці трансфармацыю хутчэй і якасней, чым нашы суседзі ва Усходняй Еўропе, і стаць донарам бяспекі ў рэгіёне.

Падтрымка шырокай сусветнай супольнасці пасля сканчэння вайны, будзе вырашальнай для беларускай незалежнасці, якая патрэбна і нам, і суседзям.

Ведаеце, што вельмі важнае для нас канчаткова змянілася у часе крывавай бессэнсоўнай агрэсіі?

Калі я на працягу 10 гадоў ездзіў пасля нашых выбараў 2006 года у Брусель і іншыя сталіцы на самыя высокія публічныя і закрытыя сустрэчы, саміты, форумы, то ў той час нам вельмі настойліва казалі: «Ведаеце, канечне, добра, што вы падзяляеце дэмакратычныя каштоўнасці. Але вы знаходзіцеся ў зоне ўплыву і інтэрэсаў Крамля. Не трэба яго дражніць. Вы мусіце з імі знайсці паразуменне. Яны таксама хочуць дэмакратызавацца, лепш, каб вы гэта рабілі разам».

На нашыя стрыманыя пярэчанні, што пуцінаўская Расія ёсць і будзе ваяўнічай імперыяй, якая пагражае незалежнасці краінаў рэгіёна, мы разам з палітыкамі Польшчы і Балтыйскіх дзяржаваў стала чулі папрокі, што мы ніяк не можам пазбавіцца ад посткаланіяльных комплексаў і фобій, нам казалі: «Расія ўжо не тая, а вы жывеце мінулым».

Цяпер такіх палітыкаў больш не засталося ў Еўропе. Я шчаслівы, што нашаму прэзідэнту Святлане Ціханоўскай не прыходзіцца стала даказваць, што Беларусь — гэта не Расія, што мы — еўрапейцы і хочам вярнуцца ў сваю сям’ю.

Сёння ў цывілізаваным свеце разумеюць, што не павінна быць такога беларускага анклава з таталітарным рэжымам, скіраванага ў бок Захаду. Беларусь мае стаць дэмакратычнай краінай. І ў гэтым інтарэс аб’яднанай Еўропы і ЗША.

Таму нашае становішча хоць і складанае, няпростае, але ўсё ж такі шанцы на свабоду ў нас вялікія. І яны непараўнальна большыя, чым да 2020 года. Нават вайна, якая ставіць пад пагрозу многае, таксама выхоўвае беларусаў. Яны будуць больш цаніць незалежнасць, права жыць у сваім доме. Што праўда, кошты гэтай навукі вельмі высокія.

Так, складаны час, шмат выпрабаванняў. Мы за год праходзім тое, што раней за пяць і за дзесяць гадоў маглі не прайсці. Час прыспешаны, акселераваны.

Я аптымістычна гляджу на стратэгічную перспектыву. А сёння мы, канечне, шчыра жадаем перамогі братам-украінцам, перамогі абсалютнага дабра над абсалютным злом.

— Так, натуральна, Захад і нашыя суседзі найхутчэй зацікаўленыя ў дэмакратычнай Беларусі. Але сёння мы маем тое, што Літва і Польшча ўсё часцей агучваюць планы па закрыцці мяжы з намі. Наколькі высокія шанцы ў беларусаў праз тры дзесяцігоддзі апынуцца ізноў за «жалезнай заслонай»?

— Давайце мы скажам сабе шчыра, што еўрапейскія палітыкі абіраюцца сваімі грамадзянамі. Адпаведна, яны павінны служыць свайму народу і забяспечваць найперш яму бяспеку, дабрабыт і стабільнае жыццё. Адносіны з намі заўсёды будуць другасныя. Гэта справядліва. Як і наш урад у дэмакратычнай будучыні перш за ўсё будзе клапаціцца пра беларусаў.

Чаму нашы суседзі не маюць права закрыць на ключ ад нас дзверы свайго дома, калі ў нас тысячы чужынцаў-«вагнераўцаў» невядома з якой мэтай знаходзяцца? Увесь свет ведае, што гэта галаварэзы і ваенныя злачынцы, якія шмат гадоў удзельнічаюць у крывавых канфліктах у Сірыі, у афрыканскіх краінах, ва Украіне.

Яны зараз вучаць нашых салдатаў і афіцэраў як ваяваць. Паводле ўласных метадаў, з кувалдай у руках. Ваяваць з кім? Вам гэта падабаецца?.. Вось і суседзям таксама. 

Рэжым парушыў міжнародныя дамовы і прыцягнуў да нас ядзерную зброю. Хочуць запусціць ракеты? А ў адказ што — не прыляціць? Плюс аванцюры з мігрантамі з дапамогай беларускіх памежнікаў, каб палякам і літоўцам псаваць жыццё.

Суседзі маюць права бараніцца ад агрэсараў, дыверсантаў і правакатараў.

Глядзіце таксама

Канечне, гэта было б вельмі кепска для нашых людзей, калі б паміж маім Гродна і Беластокам вырасла новая «берлінская сцяна». Я заўсёды быў за тое, каб санкцыямі і ізаляцыяй караць вінаватых, што зрабілі нашу дзяржаву суагрэсарам вайны, а не простых грамадзян.

Не лічу, што мы маем калектыўную віну за тое, што зараз адбываецца з нашай краінай, але калектыўную адказнасць нясем.

Ніхто з суседзяў ніколі б не ізаляваў добрасуседскую, дэмакратычную, вольную краіну.

Калі Беларусь стане такой, яе будуць цаніць і паважаць, яна будзе надзейным і пажаданым партнёрам, і безумоўна, атрымае і безвіз, як роўная сярод роўных.

Маю надзею, што закрыццё межаў з Еўразвязам не адбудзецца, але такія захады натуральныя, асабліва ў час вайны.