Украіна: Колькасць «вагнераўцаў» у Беларусі зменшылася на 1,5 тысячы чалавек

Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны фіксуе памяншэнне колькасці баевікоў «ПВК Вагнер» у Беларусі з 5,8 тысяч да 4,4 тысяч чалавек. Адзначаецца, што прычынай адтоку наймітаў з'яўляецца адсутнасць фінансавання з боку Расіі.

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

«Частка наймітаў падпісала кантракт і адбыла ў краіны Афрыкі, частка сышла ў адпачынак, але плануе альбо перайсці ў іншыя тэрарыстычныя структуры або наогул звольніцца», — гаворыцца ў паведамленні.

У ЦНС дадаюць, што цяпер рэжым Лукашэнкі не задавальняе «вагнераўскіх» інструктараў узроўнем аплаты за паслугі, таму большасць з іх не плануе заставацца ў краіне надоўга.

Нагадаем, што Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны — гэта структура, створаная Сіламі спецыяльных аперацый Украіны для навучання, каардынацыі і маштабавання рухаў супраціву акупацыі Украіны.

Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, не можа пацвердзіць або аспрэчыць гэтыя звесткі. Паводле яго ацэнак, усяго ў Беларусі можа знаходзіцца 4000-4500 наймітаў ПВК «Вагнер». Інфармацыя пра арганізаваны вываз часткі наймітаў з Беларусі ў Расію па-ранейшаму не атрымала пацвярджэнняў. Тым не менш паступалі звесткі пра «неарганізаваны» выезд наймітаў у Расію.

Глядзіце таксама

Таксама не фіксавалася спецыяльных вывазных рэйсаў з наймітамі з Беларусі ў Афрыку.

Асноўным месцам размяшчэння наймітаў з'яўляецца лагер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Па інфармацыі «Гаюна», найміты таксама выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў тэрыторыю былога ваеннага гарадка №28 «Паплавы» ў Асіповіцкім раёне.

Актыўных перасоўванняў наймітаў ПВК «Вагнер» па тэрыторыі Беларусі не фіксуецца. Аднак на 18 жніўня асобныя «вагнераўцы» былі заўважаныя ў Маладзечанскім раёне і ў Барысаве.

Адным з кірункаў дзейнасці наймітаў з'яўляецца правядзенне трэніровак з УС РБ і іншымі сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі. Апошнія такія паведамленні паступалі на мінулым тыдні. Таксама паведамлялася, што вайскоўцы 38-й дэсантна-штурмавой брыгады завяршылі сумесныя трэніроўкі з наймітамі.

«Прысутнасць наймітаў у Беларусі актыўна выкарыстоўваецца для правядзення інфармацыйных правакацый і стварэння напружанасці на межах з краінамі НАТА», — гаворыцца ў інфармацыі «Гаюна».

Глядзіце таксама