У Полацкім раёне дзяцей не пусцяць вучыцца ў школу, бо будынак аддадуць вайскоўцам
«Вагнераўцы» прыбудуць у Полацкі раён на вучэбныя зборы, паведаміў «Байпол», а жыць яны і беларускія ўдзельнікі вучэнняў будуць у школе. Што пра гэта вядома? «Наша Ніва» даведалася, што кажуць у раёне.
«Байпол» паведаміў, што вучэбныя зборы тэрабароны будуць
праходзіць у вайсковай часці №25888, якая дыслакуецца за 2 кіламетры ад вёскі
Багатырская.
На час манеўраў расійскіх наймітаў з «Вагнера» і беларускіх удзельнікаў вучэнняў маюць пасяліць у мясцовай школе. Навучальны працэс у ёй адновяць толькі ў кастрычніку.
Вучняў малодшых класаў будуць вадзіць у дзіцячы садок, а старэйшых — вазіць у Полацк, які за тры кіламетры ад Багатырскай, адзначае «Байпол».
Выданне даведалася, што вучні малодшых класаў сапраўды тры тыдні будуць вучыцца ў дзіцячым садку.
Пра тое было абвешчана на бацькоўскіх сходах. Усе пытанні з навучаннем у садку мусіць вырашаць адміністрацыя школы. Сад выдзяляе толькі памяшканні для класаў.
Але ці сапраўды ў школе паселяць «вагнераўцаў»? У Багатырскай базавай школе гэту інфармацыю супрацоўніца адміністрацыі назвала «брахнёй». Там заяўляюць, што падрыхтоўка да навучальнага года ідзе ў штатным рэжыме.
У Полацкім райвыканкаме, куды званіў мясцовы жыхар, на згадку пра вагнераўцаў адрэагавалі нервова і заявілі, што іх зʼяўленне ў раёне выдумка. «Адтуль вы пра гэта даведаліся? Менш чытайце інтэрнэт!» — абурылася пытанню намесніца старшыні райвыканкама Святлана Валюшкіна. Яна настойвае, што пашпарт гатоўнасці Багатырскай школы падпісаны і перапыняць навучальны працэс няма неабходнасці.
Паводле слоў Валюшкінай, вучэнні тэрытарыяльнай абароны, якія неўзабаве пачнуцца ў Полацкім раёне, былі запланаваныя яшчэ летась. «Сёння на базе Багатырскай школы і сельскага савета, які там знаходзіцца, праводзіцца сустрэча з мясцовым насельніцтвам. Ніякай надзвычай сітуацыі ў нас няма. У нас усё спакойна і планава. Сітуацыя не выклікае турбот», — запэўніла чыноўніца.
Вучэбны збор вайсковаабавязаных тэрытарыяльнай абароны пачаўся сёння, 22 жніўня, і будзе працягвацца да 14 верасня. Пра ўдзел у іх вагнераўцаў афіцыйна не паведамляецца. Раней на такіх зборах расійскія найміты ўдзельнічалі інструктарамі.
У Беларусі вагнераўцы абаснаваліся на тэрыторыі былой вайсковай базы ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Колькі іх знаходзіцца ў краіне, дакладна невядома. Паводле ацэнак «Беларускага гаюна» іх можа быць ад 4 да 5 тысяч.
У Беларусь наймітаў пачалі ссылаць пасля мяцяжу ў Расіі. На тое даў згоду Лукашэнка.
ПВК «Вагнер» у некаторых краінах свету лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй, якая вядомая ваеннымі злачынствамі ва Украіне. У яе шэрагах ваююць шматлікія крымінальнікі, якіх завербавалі ў расійскіх турмах. Зафіксаваныя злачынствы «вагнераўцаў» і ў іншых краінах — афрыканскіх.