Путч 1991-га — няскончаная гісторыя. Працяг будзе?

Путч ГКЧП у жніўні 1991-га паскорыў гібель СССР, хоць і ставіў сваёй задачай ягонае захаванне. Наколькі імаверным ёсць сцэнар новых путчаў у Расіі, якія выканаюць ролю забойцы (хай і міжвольнага) ідэі аднаўлення Расійскай імперыі?

Фота з drive2.ru

Фота з drive2.ru

Прагноз, які знянацку спраўдзіўся

Увечары 18 жніўня 1991-га я дыскутаваў з былым афіцэрам вайсковай выведкі (сустрэліся выпадкова ў адной кампаніі) на тэму сітуацыі ў краіне (тады — яшчэ СССР). Ён настойваў на стабільнасці сітуацыі. Я ж сцвярджаў, што заўтра мы прачнемся, і пад нашымі вокнамі будуць стаяць танкі. Літаральна такімі словамі.

Той ноччу я чытаў стокераўскага «Дракулу», які толькі зьявіўся ў агульным доступе на друкаваных носьбітах. Тэкст быў захапляльным, і я праглынуў яго да трэцяй гадзіны ночы. Потым даваялося змагацца з больш рэальнымі вампірамі, якія заляцелі ў адчыненую фортку. Я тады заўважыў, што гарадскія камары больш вёрткія за сваіх сельскіх таварышаў, таму ўпаляваць апошняга злыдня атрымалася толькі а чацвёртай гадзіне. А а шостай гадзіне мяне абудзілі крыкам: «Грамадзянская вайна!».

Канечне, мае словы пра танкі пад вокнамі былі метафарычнымі. Я зусім не думаў, што менавіта 19 жніўня 1991-га ў саўку пачнуцца падзеі, якія, накіраваныя, быццам, на ягоны паратунак, значна паскораць ягоны жа здох. Гэта, хутчэй, быў шырокі прагноз, заснаваны на аналізе агульнай сітуацыі ў краіне. А сітуацыя былы адназначная: савок здыхаў, і ягоная агонія мусіла неяк праявіцца.

Прыкметы канца савецкай дзяржавы адчуваліся раней за 1991 год. Яшчэ ў першай палове 80-х, да гарбачоўскай эпохі, даводзілася чуць ад кампетэнтных людзей пра катастрафічную сітуацыю ў эканоміцы. Абвешчаная новым генсекам «перабудова», падавалася б, мусіла зрабіцца лекам ад смяротнай хваробы. Але чым далей, тым болей яна ўспрымалася як сродак лагоднай эўтаназіі.

Больш за тое, людзі прагнулі пераменаў. У тым ліку — у палітычным фармаце, які аб’ядноўваў «саюзныя рэспублікі». У савецкім войску канца 80-х тэма падзелу на самастойныя нацыі гучала даволі моцна. І спробы афіцэраў расійскага паходжання напалохаць, што маўляў, вы, вось, аддзеліцеся, і анічога не будзе, а калі ад вас аддзеліцца Расія, то, маўляў, будзе вам гора, выклікалі выключна смех. Калі пачалі гучаць пагрозы зладзіць паліўную блакаду балтыйскіх рэспублік, расійцы, каўказцы, сярэднеазіяты абяцалі саслужыўцам-літоўцам дасылаць бензін каністрамі. Пры гэтым маляваліся карціны, як нашыя літоўцы праз тыя каністры робяцца ў сваіх рэспубліках каралямі…

1990-ты — пачатак 1991-га зрабілі гэтыя трэнды больш відавочнымі. XXVIII-мы (менавіта так — рымскімі лічбамі пазначалася нумарацыя партыйных з’ездаў) з’езд КПСС быў сустрэты стыхійнымі лозунгамі: «Может, съезд КПСС все же съест КПСС?». На тэрыторыі Лужнікоў, якая ў той час ператварылася ў расійскую версію Гайдпарку (цікава, ці памятае цяпер хто, што гэта значыць для свабоды слова?) саматужныя паэты дэкламавалі свае саматужныя вершы: «Куда не пойдешь Во владениях Мишки, Везде над тобою Партийные шишки. Природа не терпит Подобных излишек: Пора избавляться От Мишек и шишек» (цытую па памяці). 

Дый «глыбінны народ», як цяпер модна казаць, дэманстраваў тыя ж трэнды. У пачатку 91-га чарга ў «Маккдональдс» цалкам сабе канкуравала з чаргой у маўзалей да трупу «дзядулі Леніна». А самай страшнай знявагай было: «Да ты камуніст!».

У гэтай фразе быў заключаным галоўны канфлікт таго часу: дэмакратычныя перамены супраць гнілога камуністычнага саўка. І дэмакратычныя перамены прадугледжвалі змену — тады яшчэ незразумелую, неакрэсленую, але жаданую — усяго палітычнага ладу яшчэ актуальнай, але ўжо амаль былой савецкай прасторы.

Глядзіце таксама

«Что не сложилось, вместе не сложишь»

Рэферэндум сакавіку 1991-га пра «захаванне СССР» захаваўся ў памяці, перш за ўсё, маніпулятыўнасцю фармулёўкі пытання. У арыгінале ён гучаў так: «Считаете ли Вы необходимым сохранение Союза Советских Социалистических Республик как обновлённой федерации равноправных суверенных республик, в которой будут в полной мере гарантироваться права и свободы человека любой национальности?». Пагадзіцеся, што пад такую фармулёўку можна падвесці шмат якія разуменні і трактоўкі «обновленной федерации».

Той працэс, які быў запушчаны пасля рэферэндуму дзеля пошукаў формаў «адноўленай федэрацыі», атрымаў назву «Новаагароўскі» — па падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова, дзе ішлі перамовы паміж саюзным кіраўніцтвам і прадстаўнікамі рэспублік пра новы фармат саюзу. І, у адпаведнасці з агульным трэндам, перамовы ішлі, хутчэй, за форму раздзелу саюзу, але не за ягонае захаванне. Роля расійскага кіраўніцтва, якое ў чэрвені 91-га атрымала ўласнага прэзідэнта — Барыса Ельцына — была ў гэтых справах адной з ключавых. 

Моцныя дыскусіі ішлі вакол назвы будучага палітычнага ўтварэння. Што не дзіва: тут не толькі сутыкаліся процілеглыя жаданні захаваць/не захаваць былую назву СССР (хаця б у выглядзе абрэвіятуры), але і падсвядомае адчуванне, што як вы яхту назавеце, так яна і паплыве. Таму на фоне прапановы некаторых рэспубліканскіх кіраўнікоў надаць новаму аб’яднанню назву: «Союз Суверенных Социалистических Республик» перыядычна з’яўляліся разнастайныя жартоўныя варыянты кшталту: «Совсем-Совсем Суверенные Республики». 

Уласна, жарты больш адлюстроўвалі рэчаісныя працэсы, чым жаданні захаваць хаця б цень саўка праз назву. Варыянт, на якім спыніліся ўдзельнікі новаагароўскага працэсу, гучаў як «Союз Суверенных Государств». І адлюстроўваў змест новага ўтварэння, які пазначаўся як «мяккая федэрацыя». Што, фактычна, ставіла крыж на ўсёй мадэлі СССР. Новая форма «саюзнай» дамовы мусіла быць падпісанай прадстаўнікамі рэспублікаў у канцы жніўня — верасні 1991-га. Подпіс БССР павінны быў з’явіцца 3 верасня, а ўвесь працэс планавалася распачаць 20 жніўня, калі подпісы пад дамовай мусілі паставіць лідары Казахскай і Узбекскай ССР і РСФСР. Але «путч ГКЧП» сарваў гэтае падпісанне.

Фота з pulse.mail.ru

Фота з pulse.mail.ru

Нават судзячы па маім прыкладзе «прароцтва» пра танкі пад вокнамі, падзеі жніўня 91-га не былі нечаканымі. Было ў грамадстве гэтае чаканне нейкага «западла» ад прыхільнікаў старой сістэмы. Ну не магло тое, што звалося «партыйнай і савецкай наменклатурай», і што было галоўным бенефецыярам усёй савецкай сістэмы, вось проста так узяць і капітуляваць перад новымі дэмакратычнымі трэндамі. Канечне, быў у грамадстве і страх перад гіпатэтычнымі спробамі рэваншу савецкай сістэмы. Але ж было і адчуванне, што сістэма гэтае не мае, перш за ўсё, волі да свайго захавання. Бо былі ўжо падзеі ў Вільні і Рызе, якія прадэманстравалі, што ў сістэмы яшчэ хапае рэсурсу, каб задушыць людзей фізічна, але на тое, каб зламіць волю да пераменаў, у сістэмы няма, у першую чаргу, рэсурсу валявога.

Гэты факт недвухсэнсоўна прадэманстравалі на ўвесь тады яшчэ СССР дрыжачыя рукі аднаго з лідараў путчу Янаева. Што мусяць дэманстраваць людзі, якія бяруць на сябе адказнасць за лёс дзяржавы? Упэўненасць, у першую чаргу. Калі яе няма, ім не павераць і іх не падтрымаюць. Тыя шэсць мужчынаў, якія 19 жніўня 1991-га на прэсавай канферэнцыі прадстаўлялі Дзяржаўны камітэт надзвычайнага становішча (ГКЧП), дэманстравалі няўпэўненасць і стомленасць. У той час як журналісты задавалі ім нечакана вострыя пытанні, дэманструючы народзіны новай — незалежнай і ўпэўненай у сабе — журналістыкі.

Уласна, прэсавая канферэнцыя з дрыжачымі рукамі была толькі ілюстрацыяй правальнасці самой ідэі путчу нават да ўзнікнення ідэі пра яго. Як сведчыць запіс у нататніку Ахрамеева, ён успрымаў дзеянні ГКЧП як авантуру з наканаваным правалам. Але краіна кацілася да гібелі, і Ахрамееў бачыў у путчы шанц прадэманстраваць, што былі, усё ж, тыя, хто супраць развалу СССР, пратэставалі. Гэта досыць добра ілюструе тое, што ўдзельнікі ГКЧП не мелі цвёрдай скіраванасці на перамогу. Яны ішлі менавіта выказаць сваю пазіцыю. А сітуацыя  ў той жа час патрабавала жорсткіх рашэнняў і цвёрдасці ў іхняй рэалізацыі. Таму і дрыжэлі рукі Янаева пад час прэсавай канферэнцыі. Таму і не было аддадзена загаду на штурм Белага Дома.

Уласна, путч быў бунтам дзяржаўнай наменклатуры супраць краху ейных пазіцыяў. Бунтам, загадзя асуджаным на правал самімі ягонымі выканаўцамі. Змяніць хаду падзеяў у Расіі і СССР ён не мог. Ён мог яе толькі паскорыць. Што і зрабіў.

Глядзіце таксама

Няўмольная логіка гісторыі

За тыя трыццаць з лішкам год, якія прайшлі з падзеяў жніўня 91-га, шмат што зрабілася больш зразумелым. Напрыклад, тое, што распад савецкай імперыі быў выкарыстаны новым пакаленнем расійскіх палітыкаў дзеля таго, каб пазбавіцца старой савецкай наменклатуры і выйсці на лідуючыя пазіцыі. Дзеля гэтага можна было выкарыстаць, падобна бальшавікам у 1917-м, лозунг: «Бярыце суверэнітэту, колькі хочаце». У далейшым, мелася на ўвазе ў абодвух выпадках, мы яго ў вас усё роўна адбярэм. На гэта былі накіраваны высілкі бальшавікоў і падпарадкаванай ім Чырвонай арміі ў пачатку ХХ стагоддзя. На гэта накіраваны высілкі Расіі і ейнай арміі (разам з навамоднымі ПВК) у пачатку ХХІ-га.

Але няўмольная логіка гісторыі не пакідае імперыям спадзявання на вечнае існаванне. І з ейнага пункту гледжання падзеі 91-га былі толькі пачаткам гэтага працэсу для імперыі Расійскай. Зноўку, можна як заўгодна называць пажаданае імперцамі палітычнае ўтварэнне — хоць расійскай імперыяй, хоць СССР 2.0, хоць якой Канфедэрацыяй суперпупернезалежных-бліжэйшых-расійскіх-саюзнікаў, але плён будзе адзіным: як вы яхту не называйце, яна не паплыве.

На гэта ўказвае іншы нядаўні путч. Путч Прыгожына з ягонымі «вагнераўцамі». Такі ж няўдалы, як і путч ГКЧП. Але гэта — адзінае, што аб’ядноўвае дзве гэтыя падзеі. Так, путч Прыгожына не атрымаўся. І не атрымаўя ён праз тое, што ў ягонага арганізатара таксама, як у Янаева, трэсліся рукі. Гэтага не дэманстравалася наўпрост, але зрабілася відавочным праз спыненне руху мяцежных калонаў, не дасягнулых мэты.

На гэтым падабенства завяршаецца. Прыгожын — не прадстаўнік аджылай сваё наменклатуры, які змагаецца за сваю сістэму і свае прывілеі ў ёй. Ён ёсць прадстаўніком новых сілаў, якія не жадаюць цярпець над сабой панавання акурат той «наменклатуры», якая выскачыла на першы план з-за спіны Ельцына, адправіўшы ў нябыт папярэднюю наменклатуру КПСС/СССР. Ён пры гэтым, безумоўна, з’яўляецца прыхільнікам імперыі (не, не таму, што ён ідэйны імперац, але таму, што так прынята, і пра гэта кажуць з кожнага праса). І пры гэтым жа ён выканаў вельмі істотную антыімперскую місію, прадэманстраваўшы, што імперыя — гэта Багатыр з аднайменнага аповеду Салтыкова-Шчадрына. Усе вераць у ягоную сілу, спадзяюцца на ягонае заступніцтва і баяцца яго — а ад яго засталася толькі бачная ўсім галава, а тулава даўно гадзюкі аб’елі. Пад час прыгожынскага путчу «галава» і тая па ўсіх баках катушкі компасу разляталася на бізнес-джэтах, што ўжо пра «тулава» казаць!

Глядзіце таксама

«Тулава» праявіла сябе неварожай цікаўнасцю да тых, хто «галаве» прэтэнзіі прад’яўляў. І хай тыя справу да канца не давялі. Яны выканалі іншую істотную місію: прадэманстравалі, што Багатыра няма як такога. Ну няма ў расійскага кіраўніцтва рэсурсаў — ні вайсковых, ні грамадскіх (як у Ельцына ў 91-м, калі дзясяткі тысячаў грамадзянаў выйшлі на пратэст супраць путчу ГКЧП), каб абараніць сваё права на ўладу. Што не пакідае сумненняў: шанцы на новыя путчы ў Расіі зрабіліся вельмі вялікімі. 

Іншая справа — ад каго тых путчаў чакаць. Зараз будуць «падчышчаны» тыя сілы, якія першымі трпаляюць пад падазрэнне ў нелаяльнасці цэнтральнай уладзе: свавольныя ваеначальнікі, надта самастойныя «ваенкоры», валанцёры, якія дапамагаюць арміі агрэсара праз уласны энтузіязм і крытыкуюць пры гэтым афіцыйнае кіраўніцтва. У адрозненне ад 91-га няма альтэрнатыў Крамлю ў выглядзе саюзных рэспублікаў. Падаецца, аўтаномныя рэспублікі, якія ў тым жа 91-м даволі гучна абвяшчалі пра сваё жаданне зрабіцца незалежнымі (Татарстан, Башкартастан, Чачэнія), цяпер цалкам падпарадкаваны крамлёўскаму «цэнтру».

Але два аспекты тут прымушаюць з сумненнем глядзець на перспектывы захавання Расіі ў сучасным выглядзе. Першы — «нечаканасць» мяцяжу Прыгожына, якая, насамрэч, была даволі чаканай. Прынамсі, не менш чаканай, чым путч ГКЧП 32 гады таму. Ну відавочна ж: у Расіі няма рэсурсаў, каб процістаяць вядучым эканомікам свету і наймагутнейшай вайсковай арганізацыі, якія падтрымліваюць Украіну зброяй і санкцыямі. А гэта значыць, што бойка за ўсё больш абмежаваныя расійскія рэсурсы будзе ўсё больш абвастрацца, што прывядзе да паглыбення канфліктаў паміж «вежамі Крамля». Другі — лагодна-цікаўнае ўспрыяццё расіянамі мяцяжу і адсутнасць хоць нейкай грамадскай мабілізацыі на адпор яму — насуперак таму, што адбывалася ў выпадку процістаяння ГКЧП-істам у 91-м.

Гэта ўсё прымушае прыйсці да высновы, што новы путч/путчы ў Расіі ёсць непазбежнымі. Як бы не верылася ва ўсемагутнасць Расіі і ейнага кіраўніцтва. Вынікі прыгожынскага мяцяжу пальцам не раздушыш, і адсутнасць тулава ў «багатыра» не схаваеш, «накідаўшы тончык» рэпрэсіяў і прапаганды. Пакуль цяжка казаць, хто будзе натхняльнікамі, правадырамі і ідэялягічнымі лідарамі новых мяцяжоў. Гэта могуць быць і ваеначальнікі, і нацыянальныя лідары «аўтаномных» рэспублік. Цяжка казаць і пра час, калі гэта адбудзецца. Можа, заўтрашнім ранкам. А можа праз год. Прагнозы па часе — справа сумнеўная, няўдзячная і паспяховай можа быць толькі пры выпадковым збегу абставінаў. Але — адбудзецца.

Яшчэ адзін момант прыгадваецца ў сувязі з падзеямі жніўня 1991-га. Была такая газета тады — «Советская Белоруссия». Пакуль існаваў ГКЧП, яна друкавала заклікі захоўваць спакой і падпарадкоўвацца распараджэнням путчыстаў. Затое пасля краху путчу яна першай напісала: «Мы перамаглі!».

Гэтая газета і цяпер існуе, вядомая ў шырокіх колах як «Савецкая Б.». Штосьці падказвае, што пасля падзення дыктатуры (непазбежнага пасля краху Расіі), яна зноў абвесціць: «Мы перамаглі!». Ці будзе яна мець рацыю? Ці прынясуць перамены новых «савецкіх б.»? Прагноз — станоўчы. Бо ну куды ж без іх? Гісторыя ж, як дэманструе гісторыя, аніколі не завяршаецца.