Бягуць з Беларусі: найміты ПВК «Вагнер» атрымалі адпачынкі і масава вяртаюцца дадому
«Вагнераўцы», якія з'ехалі ў Беларусь за Яўгенам Прыгожыным, масава сыходзяць у адпачынкі, высветліў тэлеграм-канал «Можам патлумачыць», вывучыўшы чаты іх сваякоў. З пачатку гэтага тыдня ў чатах абмяркоўваюць куплю білетаў у Расію і дэталі вяртання.
Як паведамляецца ў чатах, некаторыя з тых, хто атрымаў адпачынкі, сышлі ў запой яшчэ па дарозе дадому, і на радзіму не спяшаюцца. «П'яныя на вакзале не каб дадому іх чакаюць яны квасяць у сваё задавальненне», — піша ўдзельніца чата (пунктуацыя аўтаркі захавана). Падобных паведамленняў шмат: «Мой дома, хоць і выпіў. А тыя яшчэ даехаць не паспелі, затое на рагах ужо»; «Мой тэлефануе, кажа, аднаго ўжо на хуткай павезлі, напіўся, дрэнна стала».
Як паведамляюць каардынатары чатаў, распушчана кожная другая брыгада ПВК. У лагеры застаюцца толькі самыя вопытныя — тыя, хто будзе заняты ваеннай падрыхтоўкай на беларускіх палігонах і адправіцца ў Сірыю і Афрыку.
Сваякі абмяркоўваюць, што тыя, хто застаўся ў Беларусі, жывуць у выдатных умовах, іх кормяць смачна і некалькі разоў на дзень. «Яны тушонкі з'елі больш, чым за ўсё жыццё», — іранізуюць у чатах. Акрамя таго, у адрозненне ад базы ў Молькіна, у беларускі лагер могуць прыязджаць іх жонкі. У самім лагеры з'явіўся мем «баба Зіна» — зборны вобраз маладой прадаўшчыцы лагернага ларка, да якой заляцаюцца ПВКшнікі. «Спаць з імі — гэта суіцыд», — папярэджваюць у чатах жонкі «вагнераўцаў», сцвярджаючы, што прадавачкі — жонкі мясцовых КДБшнікаў.
«Вагнераўцы», якія ўсё ж даехалі да дома, вельмі небяспечныя — паведамленні пра новыя злачынствы экс-байцоў «Вагнера» паступаюць адусюль. У Кіраўскай вобласці былы зняволены Іван Расамахін вярнуўся з вайны, адслужыўшы ў ПВК «Вагнер», і, паводле версіі следства, забіў 85-гадовую жанчыну.
На Кубані былы вагнеравец Дзям'ян Кеварк'ян забіў двух чалавек, сцвярджаюць праваахоўнікі.
У Новасібірскай вобласці баец ПВК, які вярнуўся, затрыманы за згвалтаванне 10-гадовай і 12-гадовай дзяўчынак.
Новыя злачынствы шмат каму з іх дарма праходзяць. Суд РФ вызваліў ад пакарання асуджанага за ДТЗ з двума загінулымі: ён нібыта «перастаў быць грамадска небяспечным», паколькі ўдзельнічае ў баявых дзеяннях ва Украіне.
Тым часам самі «вагнераўцы» скардзяцца на значнае скарачэнне заробкаў. Яны праселі на 40% пасля паходу Прыгожына на Маскву і спынення ўдзелу ПВК у вайне. Замест 240 тысяч расійскіх рублёў у месяц, якія наймітам плацілі за ўдзел у баявых дзеяннях, цяпер яны маюць толькі 150 тысяч рублёў.
Па словах жонак «вагнераўцаў», разлічваць на 150 тысяч расійскіх рублёў у месяц змогуць тыя, хто гатовы паехаць у Беларусь, дзе цяпер базіруецца ПВК, альбо ў афрыканскія ці арабскія краіны.
Праўда, і гэтыя грошы атрымліваюць не ўсе: пасля згортвання дзейнасці ПВК у Расіі пачасціліся скаргі на затрымкі ў выплатах, якіх раней не было.