Дакладна не Прыгожын і не Лукашэнка. Хто камандуе «вагнераўцамі» ў Беларусі?

Журналісты знайшлі камандзіра баевікоў Прыгожына, якія размешчаны ў Беларусі. Ім стаў ураджэнец Украіны з цікавым мінулым.

Лагер ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі. Фота: «Associated Press»

Лагер ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі. Фота: «Associated Press»

Камандуючым ПВК «Вагнер» у Беларусі з'яўляецца ўраджэнец Чарнавіцкай вобласці Украіны 46-гадовы Сяргей Чубко, сцвярджаюць у сваім расследаванні журналісты праекта «All Eyes on Wagner» і выдання «Наша Ніва».

19 ліпеня Яўген Прыгожын падчас знаходжання ў лагеры ПВК «Вагнер» пад Асіповічамі заявіў, што «старшым па кірунку Беларусі» становіцца нейкі Сяргей з пазыўным «Піянер». Супрацоўнікі праекта «All Eyes on Wagner», які маніторыць актыўнасць наймітаў, устанавіў, што поўнае імя «Піянера» — Сяргей Уладзіміравіч Чубко, піша «Настоящее время».

У сваю чаргу, журналісты «Нашай Нівы» высветлілі, што Сяргей Чубко нарадзіўся ў 1977 годзе ў сям'і вайскоўца ва ўкраінскім горадзе Чарнаўцы. Вядома, што бацька «вагнераўца» ваяваў у Афганістане.

Пасля распаду СССР сям'я Чубко пераехала ў Наварасійск. Скончыўшы школу, з 1994-га па 2002 гады Сяргей Чубко служыў па кантракце, у тым ліку ваяваў у Чачні. Пасля таго, як ён звольніўся з Узброеных сіл РФ, мужчына ўладкаваўся на працу ў прыватнае ахоўнае прадпрыемства.


Камандзір наймітаў у Беларусі Сяргей Чубко. Фота: currenttime.tv

Камандзір наймітаў у Беларусі Сяргей Чубко. Фота: currenttime.tv

У 2003 годзе Сяргей Чубко, як адзначаюць расследавальнікі, узначаліў камітэт па справах моладзі ў мэрыі Наварасійска, а ў 2005 годзе перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Мышакскай сельскай акругі.

У 2017 годзе мужчына, паводле звестак журналістаў, уступіў у ПВК «Вагнер», у складзе якой ваяваў у Сірыі і Лівіі. Менавіта ў Лівіі яго прызначылі кіраўніком штаб-кватэры ПВК. Улетку 2021 года Чубко стаў начальнікам аператыўнага аддзела прыватнай ваеннай кампаніі ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы.

У Беларусь найміты ПВК «Вагнер» пачалі пераязджаць пасля бунту, арганізаванага яе заснавальнікам Яўгенам Прыгожыным у канцы чэрвеня 2023 года. Паводле звестак тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», раніцай 23 ліпеня ў Беларусь прыбыла 11-я калона ПВК «Вагнер». «Цяпер можна канстатаваць, што пік арганізаванага прыбыцця наймітаў ПВК "Вагнер" у РБ прыйшоўся на перыяд з 15 да 19 ліпеня. Пры гэтым у краіну працягваюць прыбываць невялікія калоны з тэхнікай наймітаў», — адзначаецца ў тэлеграм-канале.


Глядзіце таксама

Мінабароны Расіі 12 ліпеня заявіла, што ад ПВК яны атрымалі больш за дзве тысячы адзінак тэхнікі і ўзбраення, у тым ліку танкі Т-90, Т-80, Т-72Б3, рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град» і «Ураган» і іншае ўзбраенне. Акрамя таго, сцвярджалася, што ім былі перададзеныя больш за 2,5 тысячы тон розных боепрыпасаў і каля 20 тысяч адзінак стралковай зброі.

Асноўнай базай ПВК «Вагнер» называюць лагер непадалёк ад Асіповічаў. 14 ліпеня Міністэрства абароны заявіла пра тое, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны трэніруюць менавіта найміты Прыгожына, а 20 ліпеня ведамства паведаміла пра правядзенне сумесных вучэнняў з байцамі «Вагнера» на палігоне «Брэсцкі» ля польскай мяжы. У Міністэрстве абароны Польшчы ў адказ заявілі, што сочаць за сітуацыяй на мяжы з Беларуссю і «гатовыя да розных сцэнарыяў развіцця».


Глядзіце таксама

ПВК «Вагнер» — неафіцыйнае расійскае ўзброенае падраздзяленне, створанае блізкім да Крамля прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным. Яно не звязана з Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнераўцы» бралі ўдзел у наземных аперацыях Расіі ў Сірыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай, дзе іх падазраюць у здзяйсненні шматлікіх ваенных злачынстваў. ЗША прызналі ПВК «Вагнер» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвялі санкцыі супраць звязаных з ёй і яе заснавальнікам структур. Санкцыі супраць ПВК увёў і Еўрасаюз. Парламенты Літвы і Францыі, а таксама Парламенцкая асамблея АБСЕ прызналі ПВК «Вагнер» тэрарыстычнай арганізацыяй.