Новы механізм гарантый стабільнасці — тысяча пераваг і адзін недахоп
Народ у нас непанятлівы. Вось ім чалавек канкрэтна кажа: «Абавязкова пайду, толькі пакуль яшчэ не вырашыў», а яны ўсё роўна кожны раз пытаюцца. Па-праўдзе, насамрэч, яго спыталі аднойчы, але ён адказвае да гэтага часу. І, што адметна, кожны раз па-рознаму, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
«Вядома, я пайду на выбары. Толькі яшчэ пакуль не вырашыў. А так абавязкова пайду, нават не сумнявайцеся. Таму што надакучыла ўжо мне гэтае прэзідэнцтва. Таму сказаў, што пайду — значыць, пайду. А што я там сказаў, што пайду, гэта ж не значыць, што я пайду. Я можа абавязкова пайду, таму што лепшага за мяне вам усё роўна нікога не знайсці. Таму я можа нікуды і не пайду. А можа куды-небудзь і пайду. Толькі пакуль сам не ведаю, куды канкрэтна».
Гэта, як ты разумееш, сёй-той учора канкрэтна адказаў, пойдзе ён на прэзідэнцкія выбары ў наступным годзе ці не пойдзе. Выразна адказаў. Як пацан. Ужо не першы, што характэрна, раз. Проста народ непанятлівы. Вось канкрэтна ім чалавек кажа: «Абавязкова пайду, толькі пакуль яшчэ не вырашыў», а яны ўсё роўна кожны раз пытаюцца. Па-праўдзе, насамрэч яго спыталі аднойчы, але ён адказвае да гэтага часу. І, што адметна, кожны раз па-рознаму.
І я вось думаю, што прычына разнастайнасці гэтых адказаў не толькі ў некаторых узроставых асаблівасцях арганізма. У іх, вядома, таксама хаваецца прычына. Аднак жа не галоўная.
Я думаю, у гэтай разнастайнасці адказаў на простае і немудрагелістае пытанне хаваецца глыбокі палітычны сэнс. Або тонкі палітычны разлік.
Не ведаю, дарэчы, як правільна. Карацей, глыбокі сэнс тонкага разліку. Ну як сёй-той сам сабе разумее глыбокія палітычныя сэнсы тонкіх палітычных разлікаў.
Таму што тут жа ўсё проста. Як толькі сёй-той абвесціць, што ні на якія выбары ён больш не пойдзе, ён адразу перастане быць гарантам стабільнасці для яе сведак. Ну якая гэта стабільнасць, калі гэтай стабільнасці хопіць на адзін год? А праз год будзе ўжо зусім іншая стабільнасць.
І можа так здарыцца, што сведкі стабільнасці пачнуць шукаць сабе новага гаранта загадзя — не чакаючы, пакуль у старога гаранта выйдзе тэрмін прыдатнасці. А ў працэсе пошукаў новага гаранта стабільнасці са старым гарантам могуць здарыцца любыя непрыемнасці. Таму для сваёй асабістай стабільнасці камусьці лепш, вядома, паказваць гатоўнасць гарантаваць стабільнасць і далей.
Але ёсць жа яшчэ некаторыя ўзроставыя асаблівасці арганізма. І гэтыя ўзроставыя асаблівасці арганізма такія, што ў працэсе выканання службовых абавязкаў раптам можа наступіць хранічная недзеяздольнасць.
Калі што, я меў на ўвазе палітычную недзеяздольнасць, а не тую недзеяздольнасць, пра якую ты можа раптам падумала.
А з былым гарантам стабільнасці, у якога, у працэсе выканання службовых абавязкаў, здарылася раптоўная хранічная недзеяздольнасць, таксама могуць стацца і розныя непрыемныя рэчы.
Вядома, сёй-той прыдумаў сабе свой Усебеларускі сход, каб сведкі стабільнасці думалі, што іх гарант усё роўна застанецца з імі. Вось, з аднаго боку, ты зноў гарантуеш стабільнасць, але толькі на больш высокім узроўні. Аднак стабільнасць можа быць гарантаваная не так рэгулярна, як раней. А калі гарантуеш стабільнасць нерэгулярна, некаторая недзеяздольнасць (палітычная, я хачу сказаць, а не тая, пра якую ты зноў падумала) значна менш кідаецца ў вочы.
Карацей, у новага механізму гарантый стабільнасці ёсць тысяча пераваг і адзін недахоп.
Я вось асабіста сумняваюся, што гэтая канструкцыя, з новым прэзідэнтам і старым гарантам у сходзе, можа гарантаваць стабільнасць нават самой сабе. Яна альбо наогул не будзе працаваць, альбо будзе працаваць занадта добра. А калі яна будзе працаваць занадта добра, то старому гаранту будзе дрэнна.
І добра б, толькі б я сумняваўся. Мяне, можа, ніхто і не пытаўся. Але гарант стабільнасці і сам жа не верыць у сваё вынаходніцтва. Таму віхляе са сваімі адказамі, нібы той заяц, каб усіх канчаткова заблытаць. Ён, у сілу некаторых узроставых асаблівасцяў арганізма, можа і хацеў бы ўжо нікому нічога не гарантаваць, але не можа сабе гэтага дазволіць. З таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.