Украінскія выбары: як гэта было. Дасье ў карыкатурах

31 сакавіка ва Украіне павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары. Але іх не сталі прызначаць з-за поўнамаштабнай вайны, якую супраць Украіны пачала Расія.

1_934.jpg

Усяго пасля набыцця незалежнасці ў 1991 годзе ва Украіне праводзіліся сем разоў. І, мусіць, толькі адзін раз можна было адразу прагназаваць іх вынік. У снежні 1991-га былы лідар кампартыі Леанід Краўчук чакана выйграў выбары ў нацыяналіста Вячаслава Чарнавола. Краўчук атрымаў каля 65 працэнтаў за кошт таго, што выглядаў у тым ліку як гарант добрасуседства з Расіяй. Затое напрыканцы жыцця Краўчук радыкалізаваўся і нават абяцаў страляць па расійцах са сваёй стрэльбы, што зрабіла яго героем карыкатур.

Да канца сваёй кадэнцыі Леанід Краўчук не дасядзеў праз эканамічны крызіс. І ўжо ўлетку 1994-га ва Украіне прыйшлося праводзіць першыя датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Першы тур Краўчк выйграў, але ў другім пераможцам стаў экс-прэм'ер Леанід Кучма. А вось у 1999-м у праблем з пераабраннем у Кучмы ўжо не было. За кошт камбінацый у другім раўндзе яго супернікам стаў камуніст Пятро Сіманенка. У выніку Кучма стаў кандыдатам Заходняй Украіны і нацыянал-дэмакратаў і ўвогуле ўсіх, хто баяўся чырвонага рэваншу. З такім раскладам перамога была яму гарантавана. Тэхналагічныя махінацыі Кучмы былі сюжэтам тагачасных карыкатур.

2_851.jpg

Выбары 2004-га да гэтага часу застаюцца самымі фенаменальнымі. Яны скончыліся масавымі пратэстамі супернікаў Віктара Януковіча — кандыдата данецкіх алігархаў і Масквы. У выніку падзеяў, якія ўвайшлі ў гісторыю як «Аранжавая рэвалюцыя», ЦВК пагадзіўся правесці нідзе не прапісаны ў Канстытуцыі трэці тур, на якім святкаваў перамогу лідар дэмакратаў Віктар Юшчанка. Зрэшты, радасць ад такой развязкі хутка змянілася расчараваннем. Віктар Юшчанка — аматар гаршкоў і пчол, аказаўся слабым рэфармістам, што ілюструюць мастакі таго часу.

3_750.jpg

Разам з Юшчанкам быў дыскрэдытаваны ўвесь дэмакратычны лагер. Акрамя таго, дэмакраты неўзабаве раскалоліся на шэраг фракцый. За кошт гэтага Віктар Януковіч, якога было ўсё спісалі ва ўтыль, нечакана пачаў набіраць ачкі і на выбарах даволі лёгка перамог у другім туры Юлію Цімашэнка. Як бачым на малюнку, апазіцыя спрабавала неяк пратэставаць, пагражаючы новым Майданам, але далей слоў справа не пайшла.

4_677.jpg

Наступным разам прэзідэнта ва Украіне абралі ў 2014-м, ужо пасля Рэвалюцыі годнасці і ўцёкаў Януковіча. Выбары ў поўнай меры цяжка назваць ідэальнымі, паколькі Крым і частка Данбаса ўжо была непадкантрольная Кіеву. У любым выпадку ніхто не аспрэчваў, што Пётр Парашэнка выйграў бы там таксама. Многім імпанавалі яго цэнтрысцкія і пацыфісцкія пазіцыі. Не скупіўся алігарх і на абяцанні. У выніку ён сабраў ураджай у 60 працэнтаў галасоў (У Юліі Цімашэнкі, якая прыйшла другой, было каля 15). Парадаксальна, але пасля перамогі Парашэнка паспрабаваў сілавымі метадамі вырашыць пытанне Данбаскага сепаратызму, што дазволіла карыкатурыстам іранізаваць над яго пацыфізмам падчас выбараў.

5_632.jpg

І нарэшце, выбары 2019-га, калі на палітычную арэну нечакана выйшаў шоўмэн і комік Уладзімір Зяленскі. У раках кампаніі яму ўдалося надаць выбарам фармат шоў, дзякуючы чаму ён адчуваў сябе вельмі звыкла. Да таго ж да гэтага часу яго галоўны канкурэнт Пётр Парашэнка меў непапулярны імідж «ястраба». У сваю чаргу Зяленскі, абяцаючы мір і ўсё добрае, дастаткова гладка прайшоў выбарчую дыстанцыю, заручыўшыся ў другім крузе падтрымкай прыкладна 74 працэнтаў выбаршчыкаў. Першапачаткова падавалася, што ягонае прэзідэнцтва таксама будзе нейкім шоў. Так інаўгурацыю Зяленскага малявалі як нейкі конкурс. Але пасля пачатку вайны стала відавочна, што ў гісторыю ён усё ж увойдзе не як комік, а прэзідэнт краіны, якая змагаецца з агрэсіяй.

6_471.jpg

Што  будзе цяпер, калі выбары адмененыя? Адны кажуць, што Зяленскі і пасля 20 траўня, калі скончыцца яго кадэнцыя, павінен заставацца прэзідэнтам, а выбары можна правесці толькі пасля таго, як у краіне скончацца баявыя дзеянні. Іншыя (як правіла супернікі Зяленскага) звяртаюць увагу на тое, што аўтаматычнае падаўжэнне прэзідэнцкага тэрміна ў Канстытуцыі не прадугледжана. Затое там прапісана, што абавязкі прэзідэнта павінен выконваць старшыня парламента.

Пры гэтым тут ёсць важная дэталь. Рэгулярная зменнасць улады была адным з несумнеўных дасягненняў украінскай дэмакратыі, якое выгадна адрознівала яе ад большасці іншых экс-савецкіх рэспублік, перш за ўсё Расіі і Беларусі. Таму адсутнасць выбараў у хуткім часе можна інтэрпрэтаваць як «беларусізацыю» Украіны. Гэта дакладна электрызуе ўкраінскае грамадства. Таму дазволім меркаваць, што выбары прэзідэнта Украіны ўсё ж такі адбудуцца. Прынамсі, мастакі ўпэўненыя, што Зяленскага загоняць на выбарчы ўчастак.

7_338.jpg