Жанчына, якая перажыла акупацыю ў Бучы: «Усё гэта сон, і я не магу прачнуцца»
Два гады таму ад расійскай акупацыі была вызвалена ўкраінская Буча. У той дзень усяму свету адкрылася жахлівая праўда — расійскія вайскоўцы катавалі, гвалтавалі і забівалі жыхароў горада. Журналісты «Настоящего времени» наведалі месца самай вялікай брацкай магілы ў Бучы і паразмаўлялі са сведкамі расійскай акупацыі.

Фота: mykyivregion.com.ua
Два гады таму, 31 сакавіка 2022 года, украінскія вайскоўцы вызвалілі горад Буча ў Кіеўскай вобласці. Пад акупацыяй горад быў крыху больш за месяц. Аднак наступствы гэтага месяца жыхары будуць адчуваць яшчэ многія гады. Украінская пракуратура ўстанавіла, што за час акупацыі расійскія вайскоўцы забілі ў Бучы больш за 600 грамадзянскіх асоб, многіх з якіх катавалі. Праз два гады 60 целаў, знойдзеных у Бучы, усё яшчэ застаюцца неідэнтыфікаванымі.
****
У храме Андрэя Першазванага ў Бучы два гады таму знайшлі самую вялікую брацкую магілу ўкраінцаў, якіх расстралялі расійскія вайскоўцы падчас акупацыі горада. Тут эксгумавалі 117 целаў, з якіх тры дзясяткі – гэта жанчыны, а таксама двое дзяцей. Цяпер на гэтым самым месцы ўсталявалі памятны мемарыял.
На таблічках мемарыяла ахвяр расійскай акупацыі больш за паўтысячы прозвішчаў закатаваных і расстраляных людзей. Дата смерці ва ўсіх адна — сакавік 2022 года.
«Самы малодшы хлопчык 2020 года нараджэння. Для параўнання: [самай старэйшай] жанчыне амаль 100 гадоў», — кажа настаяцель храма Андрэй Галавін, адзін са сведкаў злачынстваў расійскага войска.
Галавін заставаўся ў Бучы падчас акупацыі горада. Ён кажа, што бачыў забітых жыхароў на вуліцах горада: «гэта нерэальна забыцца. Ты ідзеш і ўвесь час да гэтага вяртаешся. Мімалётна, нават у размовах. Ужо нават хочаш забыць гэта, але ўсё роўна да гэтага вяртаешся».
Калі стала відавочна, што загінулых у горадзе становіцца ўсё больш, а да могілак расійскія вайскоўцы не пускалі, успамінае святар, было прынята рашэнне хаваць людзей на тэрыторыі храма. Так тут і з'явілася брацкая магіла.
«Тут яны на царкоўнай зямлі знайшлі часовы, але спакой, — распавядае Андрэй Галавін. — Мы іх стараліся пахаваць, каб яны не ляжалі на вуліцах. Каб дзікія звяры і сабакі іх цела не трывожылі».
Андрэй Галавін прысутнічаў пры эксгумацыі целаў з траншэй на тэрыторыі царквы, якую пачалі ўкраінскія следчыя пасля вызвалення горада. Ён кажа, што амаль усе загінулыя былі або застрэленыя, або закатаваныя расійскімі вайскоўцамі. Некаторыя целы былі абгарэлыя.
Глядзіце таксама

«Шмат целаў былі ў такім стане, што іх цяжка было ідэнтыфікаваць. Знаёмы ехаў на мапедзе ў першыя дні вайны, снайпер яго застрэліў на трасе паміж Бучай і Ворзелем. Куля трапіла ў патыліцу. Ад твару нічога не засталося», — працягвае ён.
Многіх загінулых настаяцель храма ведаў асабіста: «магу паказаць фатаграфіі. Гэта не для газет і фэйсбука, такое наўрад ці можна паказваць. Вось гэта — спявак нашага храма. Бачыце, у яго няма рукі. Гэта не спаленая рука, яе проста расейцы адсеклі. Яму 30 гадоў было. Проста здзекаваліся над ім у доме. Суседзі чулі крыкі, як мама крычала гучна».
Па даных Кіеўскай абласной пракуратуры, за месяц акупацыі Бучы былі забітыя больш за 600 грамадзянскіх. Следчыя падкрэсліваюць, што яны не загінулі ў выніку баёў: іх мэтанакіравана расстралялі. Гэта пацвярджаюць не толькі следчыя, але і журналісты-следчыя з заходніх выданняў.
Ігар Барткіў — начальнік архіўнага аддзела Бучанскай адміністрацыі. На яго камп'ютары сотні тэчак з інфармацыяй пра забітых расійскімі вайскоўцамі мясцовых жыхароў, тысячы фота і відэа са сведчаннямі. Усё гэта Ігар сартуе і апісвае на працягу апошняга года.
«Мы, атрымліваецца, як паліцыя, высвятляем, якім чынам чалавек загінуў», – кажа Ігар. Усе звесткі Ігар уносіць у інтэрактыўную карту і адзіную базу, каб ніводная гісторыя тых, хто быў забіты ў Бучы, не была забытая.
Глядзіце таксама

Праз два гады трагедыі ў Бучы ўсё яшчэ апазнаныя не ўсе загінулыя. Неідэнтыфікаванымі застаюцца 60 цел. Ігар памятае не толькі прозвішчы многіх загінулых, але і месца, дэталёвыя абставіны гібелі гэтых людзей.
«Складана гэта ўсё пераносіць. Асабліва калі выслухоўваеш гэтыя гісторыі. І зноў сваякі плачуць. Уяўляеш сабе гэта. У далейшым гэта сніцца, таму што яно ўсё ў галаве», — працягвае Ігар Барткіў.
Пахаванне побач з царквой было найбуйнейшым масавым пахаваннем у горадзе, але яно было не адзіным. Буча стала сімвалам ваенных злачынстваў расійскай арміі.
Два гады таму ў Бучы загінуў і Віталь. Пасля вызвалення Кіеўскай вобласці яго цела знайшлі побач з загінулым сябрам Алегам Грышчанкам на сумна вядомай вуліцы Яблунскай у Бучы. Яго пляменніца Наталля прыйшла да мемарыяла памянуць сваяка. «Наколькі я ведаю, снайпер трапіў Віталіку ў нагу, і потым у бок. Яго расстралялі, гэтак жа і Алега. У жывот, і ў пах», — распавядае Наталля.
Глядзіце таксама

Толькі на Яблунскай расійскія вайскоўцы расстралялі каля шасцідзесяці грамадзянскіх. Амаль месяц цела загінулага Віталя ляжала на вуліцы. Пасля апазнання сваякі крэміравалі яго, прах пахавалі.
«Я б кожнаму пажадала такога дзядзьку мець. Гэта не проста дзядзька, гэта сябар. Ты можаш усё яму расказаць», — працягвае Наталля. Наталля і сама была ў палоне ў расійскіх вайскоўцаў — на Яблунскай, 144, дзе расійскія вайскоўцы арганізавалі штаб і катавальную. Яна цудам адтуль вырвалася. Прайшло два гады, але забыцца перажытае жанчына не можа да гэтага часу.
«Я як быццам да гэтага часу сплю. Усё гэта сон, і я не магу прачнуцца. Няма таго жыцця, што было. І не будзе такога. Раней я магла марыць і жыць. Цяпер гэта не тое, усё па-іншаму. Так, я стараюся быць шчаслівай, але цяжка», — кажа Наталля.
Падобныя пачуцці ў многіх жыхароў Бучи. Настаяцель храма Андрэя Першазванага Андрэй Галавін кажа, што горад дагэтуль прасякнуты болем і горам: «на вуліцах горада ўжо не гінуць людзі, але гінуць вайскоўцы. У нас кожны тыдзень адзін герой ці два... на жаль, мы іх хаваем. Гэта зноў-такі нашы жыхары. У кожнага свае сем'і, дзеці, жонкі, бацькі. Яно ледзь-ледзь змянілася, але працягваецца ўсё гэта далей».
Глядзіце таксама
