«Хачу зрабіць усё, каб спыніць злачынную вайну». Салдат збег з РФ і згодны сведчыць пра злачынствы ў Бучы ў судзе

Салдат 64-й брыгады РФ, якая стаяла ў Бучы, збег з Расіі і гатовы даць паказанні пра ваенныя злачынствы.

Фота: gettyimages

Фота: gettyimages

Брытанская газета «Guardian» распавядае гісторыю салдата расійскіх узброеных сіл, які быў адпраўлены на вайну ва Украіне, але здолеў збегчы і цяпер просіць прытулку ў Іспаніі.

Па словах 27-гадовага Мікіты Чыбрына, ён правёў ва Украіне больш за чатыры месяцы ў складзе 64-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады — таго самага падраздзялення, якое абвінавачваюць у здзяйсненні ваенных злачынстваў пад Кіевам у сакавіку гэтага года.

У размове па тэлефоне з карэспандэнтам газеты ён заявіў пра сваю недатычнасць да ваенных злачынстваў, у якіх абвінавачваюць яго падраздзяленне, сказаў, што за час знаходжання ва Украіне ён не зрабіў ні адзінага стрэлу.

Па яго словах, ён поўны рашучасці даць паказанні ў міжнародным судзе пра ўсё, чаму яму давялося стаць сведкам ва Украіне. «Мне хаваць няма чаго», — сказаў ён.

«Гэта злачынная вайна, якую развязала Расія. Я хачу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб спыніць яе».

Чыбрын распавёў, што прыняў рашэнне бегчы з Расіі пасля таго, як у чэрвені дэзерціраваў са свайго атрада. Паводле яго слоў, ён абвясціў сваім камандзірам, што супраць вайны, у першы ж дзень ўварвання, 24 лютага.

Пасля таго, як салдат выказаў услых сваю пазіцыю, яго вывелі са складу падраздзялення, у якім ён служыў у якасці механіка, і адправілі займацца фізічнымі работамі.

«Яны пагражалі мне турмой, — распавёў Чыбрын. — Урэшце мае камандзіры вырашылі выкарыстаць мяне ў якасці прыбіральшчыка і грузчыка. Мяне адправілі ў тыл».

Мікіта Чыбрын родам з Якуцка. Як ён кажа, на службу ў армію пайшоў летам 2021 года, таму што адчуваў фінансавыя цяжкасці і не думаў, што яму давядзецца ўдзельнічаць у якой-небудзь вайне.

На тэрыторыі Украіны ён апынуўся ў першы ж дзень вайны — заехаў туды праз Беларусь: з ягоных слоў, ім ніхто не паведаміў, куды і навошта іх вязуць.

Яго падраздзяленне размяшчалася ў вёсцы Ліпаўка, за 45 кіламетраў ад Кіева, непадалёк ад Бучы і Андрэеўкі — дзвюх вёсак, дзе здзяйсняліся масавыя зверствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва. У гэтых злачынствах абвінавачваецца 64-я брыгада, у якой служыў Чыбрын. Пасля таго, як аб злачынствах у Бучы стала вядома ўсяму свету, Пуцін прысвоіў гэтай брыгадзе званне гвардзейскай.

Па словах Чыбрына, хоць ён асабіста не бачыў расстрэлаў мірных жыхароў у той час, калі знаходзіўся ў Ліпаўцы, размовы аб забойствах і згвалтаваннях гучалі пастаянна, а разрабаванне ўкраінскіх дамоў было звычайнай справай.

«Яны кралі ўсё, што толькі маглі: пральныя машыны, электроніку, усё», — кажа ён.


Чыбрын гаворыць, што яму ўдалося збегчы 16 чэрвеня: схаваўся ў грузавіку, што адправіўся ў Расію для папаўнення запасаў харчавання. Праз некаторы час ён уступіў у кантакт з праваабаронцамі, якія дапамаглі яму з'ехаць з краіны. Заснавальнік праваабарончай арганізацыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін у гутарцы з «Guardian» пацвердзіў, што сапраўды дапамог Чыбрыну пакінуць Расію.

Як піша выданне, у гэты аўторак Чыбрын прыляцеў у Мадрыд. Увечары ў чацвер ён быў адпушчаны з цэнтра часовага ўтрымання імігрантаў і накіраваны ў часовае жыллё на час разгляду яго прашэння аб прытулку.

Газета адзначае, што не валодае незалежным пацвярджэннем гісторыі, расказанай вайскоўцам. Аднак ён падаў дакументы і фотаздымкі, якія сведчаць аб тым, што ён знаходзіўся ў складзе 64-й мотастралковай брыгады на тэрыторыі Украіны.

Чыбрын — другі вядомы расійскі вайсковец, які ўцёк з краіны пасля таго, як пабываў на вайне ва Украіне. Улетку гэтага года былы расійскі дэсантнік Павел Філацьеў, які таксама браў удзел ва ўварванні, з'ехаў з Расіі і апублікаваў кнігу «ZOV», у якой распавёў, што з ім адбывалася на вайне.


Паводле ВВС