«У Беларусі хачу працаваць простым лекарам». Станіслаў Салавей з'ехаў з Украіны і ўвайшоў у АПК

«Спадзяюся, што канчаткова не развітаўся з медыцынай і не перайшоў у разрад чыноўнікаў», — цытуе Станіслава Салаўя «Наша Ніва ». Доктар дадае, што да бюракратычнай пасады ставіцца як да неабходнасці.

Фота з асабістага архіва Станіслава Салаўя

Фота з асабістага архіва Станіслава Салаўя

З Украіны выехаў вымушана

Станіслаў Салавей больш за два гады рабіў доктарам у Адэсе. З Украіны яму давялося з'ехаць, бо ў красавіку сканчаўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Без яго ён не змог бы абнавіць часовы від на жыхарства і працаваць. А статус бежанца ва Украіне беларусу атрымаць дужа няпроста.

У Польшчы Станіслаў з 19 сакавіка, а 28-га Аб'яднаны пераходны кабінет афіцыйна абвясціў, што Салавей прызначаны намеснікам прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай. Яго асноўная задача — распрацоўка праекта рэформ сістэмы аховы здароўя пераходнага перыяду, а таксама абарона правоў беларускіх медыкаў.

«Можна сказаць, што Вольга прапанавала далучыцца да яе каманды, і я пагадзіўся», — даводзіць ён.

Медык кажа, што на адной з нарад кабінета з удзелам сябраў Каардынацыйнай рады ён спытаў, ці ўваходзяць у кампетэнцыі Гарбуновай пытанні сістэмы аховы здароўя. Быў адказ, што так, але ёй патрэбны быў прадстаўнік, які меўся гэтым займацца.

Да сваёй пасады Станіслаў ставіцца як да неабходнасці, бо рэфармаваннем беларускай медыцыны трэба было займацца, паводле яго, «яшчэ ўчора».

Ён кажа, што гэтым пытаннем займаецца даволі вялікая група людзей, але ахвотных ісці на яго цяперашнюю пасаду асабліва не было, бо адкрытае далучэнне да апазіцыйнай структуры цягне за сабою рызыку крымінальнага пераследу на радзіме.


Глядзіце таксама

Чаму трэба план рэформаў

Кірунак працы Станіслава абмяркоўваўся некалькі месяцаў, сам жа ён пытаннем аварыйных рэформ сістэмы аховы здароўя займаўся больш за два гады.

Паводле яго слоў, цяперашняя беларуская медыцына задавальняе толькі чыноўнікаў, якім падабаецца паказваць добрыя лічбы. «Яна трымаецца на выказванні дыктатара, што «іншым разам не да законаў». Такая практыка склалася ў медыцыне даволі даўно. У ёй дужа шмат болевых кропак. У ёй не абароненыя ні пацыенты, ні медыкі», — даводзіць ён.

«Калі ўлада пяройдзе да дэмакратычна абраных сіл, то ўзнікае цікавы парадокс: напісана, што чалавек, адпрацаваўшы 24 гадзіны, павінен сысці са змены і вярнуцца на яе толькі праз 48 гадзін. Іначай гэта будзе незаконна і за гэта будуць пэўныя наступствы. Пры цяперашніх рэаліях такія парушэнні ўсцяж», — ілюструе прыкладам Станіслаў.

Таму, каб не дапусціць развалу сістэмы аказання дапамогі ў пераходны перыяд, удакладняе ён, трэба мець варыянт яе рэфармавання.

Паводле слоў Станіслава, складанасць сітуацыі ў тым, што рэальнай карцінай у сістэме аховы здароўя не валодаюць ані незалежныя эксперты, ані Мінздароўя, у якога ёсць лічбы, якім веры няма, бо на нізавым узроўні лякарняў падробліваюць статыстыку.

Да таго ж і самі чыноўнікі яе фальсіфікуюць, а некаторыя лічбы сакрэцяць. Неабходна правесці шмат асобных даследаванняў, каб зразумець ад чаго мы адштурхоўваемся, заўважае медык.

Рэформы медыцыны трэба рухаць сваімі сіламі, але з далучэннем заходніх экспертаў.

«Мы разумеем спектр праблем, якія перад намі стаяць, але мы не ведаем сыходных рэсурсаў: дакладную колькасць лекараў, суадносіны іх узросту і іншае. Аднак гэта не перашкаджае нам зрабіць план, як спыніць негатыўныя тэндэнцыі, якія ёсць», — запэўнівае Станіслаў.


Глядзіце таксама

Па вяртанні хацеў бы працаваць простым доктарам

Салавей заўважае, што колькасць медыкаў, якія з'ехалі з Беларусі, невядомая. Ускосныя звесткі паказваюць, што маштаб адтоку кадраў каласальны. Станіслаў спадзяецца, што падлічыць, колькі яго калегаў атрымалі дазволаў на працу за мяжой, дапамогуць запыты ў міністэрствы Польшчы, Германіі і іншых краін.

Станіслаў Салавей прызнаецца, што на радзіме адміністрацыйная праца яму была чужой і па вяртанні ён хацеў бы працаваць простым доктарам.

«Нягледзячы на тое, што мне падабаецца працаваць практыкуючым доктарам, жыццё змусіла заняцца цяпер гэтай справай. Спадзяюся, што канчаткова не развітаўся з медыцынай і не перайшоў у разрад чыноўнікаў», — даводзіць ён.

Станіславу Салаўю 34 гады. Ён выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Прайшоў інтэрнатуру ў Рэспубліканскім цэнтры «Маці і дзіця» па спецыялізацыі «акушэрства і гінекалогія». Там адрабіў акушэрам-гінеколагам два гады і перайшоў у 3-ю клінічную бальніцу, дзе адпрацаваў яшчэ 5 гадоў. За гэты час атрымаў дадатковую спецыялізацыю «ультрагукавая дыягностыка і анкалогіі».

Займаўся навуковай працай, у 2019 годзе атрымаў прэмію за навуковыя дасягненні.

Станіслава за ўдзел у пратэстах (двойчы сядзеў на сутках) і прафсаюзную дзейнасць (узначальваў галіновую прафсаюзную арганізацыю медыкаў «Панацэя») звольнілі з 43-й мінскай бальніцы. Адшукаць працу ў іншай лякарні ён не змог.

Станіславу не ўдалося скончыць аспірантуру. У 2021 годзе ён меўся бараніць дысертацыю, але давялося з'ехаць з краіны. Да 2024 года рабіў акушэрам-гінеколагам у Адэсе, таксама быў валанцёрам.