767-мы дзень вайны: 10 тысяч чалавек у Адэскай вобласці засталіся без электраэнергіі

Расіяне скінулі бомбу вагой 1500 кг на Сумскую вобласць, украінцы знішчылі 18 паветраных цэляў з 27.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

***

Расійскія агрэсары ажыццявілі запускі 16 ракет рознага тыпу, а таксама 11 дронаў Shahed-136/131.

У ноч на нядзелю падраздзяленні ўкраінскай СПА знішчылі большасць ракет і дронаў, якія выпусцілі расіяне. Расіяне атакавалі 14 крылатымі ракетамі Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС, 11 «шахедамі», балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59.

У адказ УСУ задзейнічалі зенітныя ракетныя падраздзяленні і знішчальную авіяцыю, мабільныя агнявыя групы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

У выніку супрацьпаветранага бою знішчана 18 паветраных цэляў: 9 крылатых ракет Х-101 / Х-555 і 9 ударных БПЛА «Shahed-136/131». 

***

Падчас начной паветранай трывогі 31 сакавіка, Расія атакавала крылатымі ракетамі той аб'ект крытычнай інфраструктуры на Львоўшчыне, які быў яго мэтай 24 і 29 сакавіка. У выніку ўдара адзін чалавек загінуў.

Акрамя аднаго загінулага, пад заваламі могуць быць людзі — ратавальнікі іх разбіраюць.

Ад ракетнай атакі разбураны адміністратыўны будынак, быў пажар. Украінскія ўлады не ўдакладняюць, куды менавіта трапілі акупанты.

***

Над Адэскай вобласцю СПА Украіны збіла 8 варожых дронаў, падзенне аднаго з «Шахедаў» выклікала пажар і абясточыла некалькі населеных пунктаў.

Пад прыцэлам расіян зноў была энергетычная інфраструктура Адэскай вобласці і аграпрамысловыя магутнасці Херсонскай вобласці. Напружаная баявая праца ўкраінскіх сіл супрацьпаветранай абароны працягвалася каля 2 гадзін. 

Падзенне абломкаў збітага дрона выклікала пажар на адным з энергааб'ектаў вобласці, у выніку чаго адбылося абясточванне некалькіх населеных пунктаў. Пажар ратавальнікі ліквідавалі, вядуцца аднаўленчыя работы.

Падчас дронавай атакі расіяне ўжылі і балістыку, і кіраваную авіяцыйную ракету. Трапілі ў закансерваванае аграпрадпрыемства, пацярпелых няма. 

Па стане на 10 гадзін раніцы 31 сакавіка без электразабеспячэння ў Адэскай вобласці знаходзяцца 10 тысяч абанентаў. 

Глядзіце таксама

***

Праз ракетную атаку Расіяй Украіны ў Польшчы зноў паднялі авіяцыю.

Польскія вайскоўцы адзначылі, што назіралася «дзейнасць далёкай авіяцыі Расійскай Федэрацыі, звязаная з нанясеннем ракетных удараў па аб'ектах, размешчаных на тэрыторыі Украіны».

Узброеныя сілы Польшчы адзначылі, што праз расійскую атаку праводзілі «працэдуры для гарантавання бяспекі паветранай прасторы Польшчы і пастаянна манітораць сітуацыю».

***

117-я асобная брыгада ТрА УСУ паведаміла, што расіяне ўпершыню ўжылі цяжкую авіябомбу вагой 1500 кг, скінуўшы яе ў Сумскай вобласці.

Авіябомбу расіяне скінулі на Вялікапісараўскую суполку. Такія боепрыпасы ў параўнанні з іншымі маюць значна большую сілу выбуху.

***

За суткі расійская армія страціла 650 салдат, таксама знішчаныя 15 расійскіх танкаў, 44 артсістэмы і 7 сродкаў СПА, паведамляе Генштаб Украіны.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 31.03.24 арыентыровачна склалі:

  • асабістага складу — каля 442 170 (+650) чалавек,
  • танкаў — 6966 (+15) адз.,
  • баявых браніраваных машын — 13 304 (+20) адз.,
  • артылерыйскіх сістэм — 11 050 (+44) адз.,
  • РСЗА — 1023 (+0) адз.,
  • сродкаў СПА — 743 (+7) адз.,
  • самалётаў — 347 (+0) адз.,
  • верталётаў — 325 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8731 (+30) адз.,
  • крылатых ракет — 2048 (+2) адз.,
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.,
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14717 (+47) адз.,
  • спецыяльнай тэхнікі — 1823 (+9) адз.