766-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Новая дактрына РПЦ прадугледжвае поўнае ўкраінцаў і беларусаў як нацый. Расійцы ўпершыню выкарысталі 1,5-тонную авіябомбу над украінскім населеным пунктам. У выніку атакі на Адэсу загінулі ўжо 5 чалавек.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату аб'яднала некалькі крамлёўскіх ідэалагічных наратываў, спрабуючы сфармаваць больш шырокую нацыяналістычную ідэалогію вакол вайны ва Украіне і экспансіянісцкай будучыні Расіі, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

РПЦ МП узмацніла крамлёўскую рыторыку адносна вайны Расіі ва Украіне і назвала яе экзістэнцыяльнай і цывілізацыйнай «Святой вайной», што з'яўляецца значным адхіленнем для расійскай улады, якая дагэтуль старанна пазбягала афіцыйнай фармулёўкі ўварвання Расіі ва Украіну як любой «вайны».

РПЦ МП, падобна, аб'ядноўвае папярэднія паралельныя крамлёўскія наратыўныя намаганні ў адносна цэласную ідэалогію, засяроджаную на нацыянальнай ідэнтычнасці і дэмаграфічным адраджэнні, якая абяцае расійцам перыяд нацыянальнага адраджэння ў абмен на сацыяльныя і грамадзянскія абавязкі.  

РПЦ МП падкрэсліла, што «аднаўленне адзінства рускага народа» з-за вайны ва Украіне з'яўляецца ключавой умовай выжывання і паспяховага развіцця Расіі на працягу XXI стагоддзя. 

Аналітыкі ISW мяркуюць, што гэты заклік да аднаўлення мае на ўвазе поўнамаштабнае знішчэнне ўкраінскай нацыі і зацягванне яе ў Расію. 

РПЦ МП мае на мэце таксама канвертаваць этнічных беларусаў у расійскую нацыю праз сваю канцэпцыю «дактрыны трыадзінства», а таксама масава рэпатрыяваць іншых «суайчыннікаў» за мяжой. 

Крэмль можа вырашыць не цалкам далучацца публічна да ультранацыяналістычнай ідэалогіі, якую РПЦ МП прапанавала, але, хутчэй за ўсё, запазычыць і выкарыстоўвае яе для падтрымкі ваенных дзеянняў ва Украіне і любых будучых актаў агрэсіі супраць суседзяў Расіі і Захаду.

***

У ноч на суботу вораг на працягу трох гадзін атакаваў энергетычную інфраструктуру паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў. Вайскоўцам удалося збіць сем дронаў тыпу «Шахід», але абломкі аднаго з іх выклікалі пажар на элеватары ў Днепрапятроўскай вобласці, паведамляюць Сілы абароны поўдня

Баявая праца сіл супрацьпаветранай абароны працягвалася больш за 3 гадзіны.

Дроны тыпу «Shahed-131/136» манеўравалі над некалькімі абласцямі, спрабуючы выкрываць і абыходзіць сродкі СПА. 

У аперацыйнай зоне Сіл абароны поўдня ўдалося вынікова адпрацаваць па 7 баражуючых снарадаў:

  • 4 збіта ў небе на Днепрапятроўшчыне;
  • 2 — у Адэскай вобласці; 
  • 1 — на Херсоншчыне.

Пападанняў не дапушчана, аднак у Днепрапятроўскай вобласці абломкі збітага беспілотніка ўпалі на тэрыторыі элеватара. Успыхнуў пажар, які пажарныя аператыўна ліквідавалі. 

Крытычных разбурэнняў і пацярпелых не зафіксавана.

***

За мінулыя суткі адбылося 72 баявыя сутыкненні. Агулам вораг нанёс 38 ракетных і 75 авіяцыйных удараў, здзейсніў 98 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. 

У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся шэраг шматпавярховак, медыцынскія ўстановы, аўтамабілі, школа, дзіцячы садок і іншыя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры.

Уначы расійскія акупанты зноў атакавалі Украіну, ужыўшы БПЛА тыпу «Shahed» і крылатыя ракеты розных тыпаў. Авіяцыйным ударам падвергліся населеныя пункты Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Запарожскай абласцей.

Пад артылерыйскім агнём былі каля 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

За апошнія суткі ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі 730 расійскіх акупантаў і 45 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 30.03.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 441 520 (+730) чалавек;
  • танкаў — 6951 (+29) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 13 284 (+20) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 11 006 (+15) адз.;
  • РСЗА — 1023 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 736 (+1) адз.;
  • самалётаў — 347 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8701 (+45) адз.;
  • крылатых ракет — 2046 (+24) адз.;
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 670 (+25) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1814 (+7) адз.

***

Расійскія акупанты 29 сакавіка забілі і паранілі некалькіх цывільных у выніку абстрэлаў Херсонскай і Данецкай абласцей.

За суткі расійскія вайскоўцы папалі ў жылыя кварталы населеных пунктаў Херсонскай вобласці, у выніку чаго пашкоджаны шматпавярхоўка і 2 прыватныя дамы.

Таксама былі зафіксаваныя пападанні ў сотавую вежу і складское памяшканне.

Праз расійскую агрэсію ў вобласці адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў раненні.

У Данецкай вобласці расійцы забілі жыхара Максімільянаўкі.

Колькасць загінуўшых у вобласці, без уліку Марыупаля і Валнавахі, узрасла да 1896 чалавек.

***

У Днепрапятроўскай вобласці з-за начной атакі загарэўся элеватар. Над рэгіёнам ноччу збілі чатыры расійскія «Шахіды», абломкі аднаго з іх упалі на тэрыторыі элеватара, успыхнуў пажар, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай ваеннай адміністрацыі. Паводле яго звестак, крытычных разбурэнняў і пацярпелых няма.

У выніку атакі расійскага беспілотніка маецца таксама пашкоджанне інфраструктурнага аб'екта ў Нікапалі на правым беразе Дняпра.

Удару падвергнуўся і інфраструктурны аб'ект пад Палтавай. Вораг у чарговы раз атакаваў нашу вобласць з дапамогай БПЛА. Ёсць некалькі пападанняў ў інфраструктурны аб'ект на тэрыторыі Палтаўскага раёна», — паведаміў кіраўнік мясцовай абласной адміністрацыі Філіп Пронін. Паводле яго, у выніку атакі ахвяр і пацярпелых няма.

***

Колькасць пацярпелых ад удару па Адэсе 29 сакавіка ўзрасла да 5. Пра гэта паведаміў мэр Адэсы Генадзь Труханаў.

Пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку 15-гадовы падлетак, які знаходзіўся на момант атакі на вуліцы, [ён] шпіталізаваны ў дзіцячую клінічную бальніцу», — напісаў ён.

Раней кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер паведамляў пра трох пацярпелых, сярод якіх было двое дзяцей.

***

Расія ўпершыню ўжыла ва Украіне цяжкую авіябомбу АДАБ-1500. Такой боегалоўкай УС РФ атакавалі пасёлак Вялікая Пісараўка ў Сумскай вобласці.

Як адзначае эксперт «BILD» па аналізе адкрытых даных Юльян Рэпке, пасля ўдару АДАБ-1500 у небе паднялося воблака дыму вышынёй у 1 км.

Аб'ёмна-дэтануючая авіяцыйная бомба (АДАБ) — гэта тэрмабарычны снарад часоў СССР, які прыкладна за 10 метраў да пападання ў цэль выпускае гаручую вадкасць у выглядзе аэразоля і запальвае яе. Гэта называюць аб'ёмным выбухам. Такі боепрыпас мае большую сілу паражэння, чым класічны. Раней УС РФ ўжывалі АДАБ, але меншай масы: ад 170 да 500 кг.

Выкарыстанне 1,5-тоннай бомбы ў населеным пункце Рэпке называе «новым дном у вайне Расіі супраць украінскіх гарадоў».

***

Расійскія войскі разбурылі Зміеўскую ЦЭС, адну з найбуйнейшых станцый Харкаўшчыны.

— Удар 22 сакавіка знішчыў усе блокі, пашкодзіў дапаможнае абсталяванне. Ступень разбурэння розная, ад поўнай — да значнай, — паведамляюць ва ўкраінскім «Цэнтрэнерга».

Цяпер на прадпрыемстве працягваецца разбор завалаў і няма доступу да большай часткі абсталявання.

Таму магчымасцей больш дакладна ацаніць маштаб пашкоджанняў, дакладныя лічбы па суме, якая неабходна на аднаўленне, а таксама нейкіх прагнозаў па часе рамонту таксама няма.