«Нядобранадзейныя» цяпер у Беларусі застаюцца без працы

Так рэжым помсціць тым, хто меў неасцярожнасць яго крытыкаваць.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Для таго, каб у Беларусі стаць супрацоўнікам дзяржпрадпрыемства або дзяржарганізацыі, недастаткова быць прафесіяналам. Перш за ўсё, неабходная характарыстыка з папярэдняга месца працы, у якой паказваюць, як супрацоўнік ставіцца да ўлады, ці не ўдзельнічаў у пратэстах і што думае пра палітыку «недружалюбных» краін. Негатыўны водгук папярэдняга працадаўцы закрывае шлях не толькі ў дзяржаўны сектар, «прыватнікі» таксама могуць запатрабаваць характарыстыку. Такі кантроль зрабілі больш жорсткім у канцы 2021 года. Так улады вырашылі пакараць нядобранадзейных работнікаў, якія выйшлі на пратэсты і крытыкавалі чыноўнікаў у Інтэрнэце, піша «Deutsche Welle».

Што пішуць у характарыстыцы

Характарыстыка з папярэдняга месца працы павінна ўтрымліваць як стандартныя звесткі — прафесійныя і маральныя якасці супрацоўніка, дасягненні і дысцыплінарныя спагнанні, так і дадатковыя, ідэалагічныя: стаўленне да ўлады, удзел у пратэстах, «антыдзяржаўныя» праявы на працоўным месцы. Пры гэтым улічваюцца даныя за апошнія пяць гадоў.

Кіраўнікі дзяржорганаў і дзяржпрадпрыемстваў абавязаныя вывучыць гэтую інфармацыю, перш чым прыняць кандыдата на працу. У «прыватнікаў» таксама ёсць права запытваць характарыстыку. Акрамя таго, правяраюць, ці прыцягваўся патэнцыйны супрацоўнік да адказнасці па «пратэсных» артыкулах.


Глядзіце таксама

Працадаўца не абавязаны паказваць супрацоўніку тэкст характарыстыкі, як і ўзгадняць з ім змест дакумента. Абскардзіць яго можна толькі ў судзе. Калі ў характарыстыцы будуць няпоўна адлюстраваны звесткі пра супрацоўніка, пакараюць кіраўніка — ад пазбаўлення прэміі да крымінальнай адказнасці, калі была нанесена шкода «дзяржаўным інтарэсам».

Спісы «нядобранадзейных» супрацоўнікаў

Алена больш за 15 гадоў працуе ў сферы адукацыі. З канца 2021 года, паводле яе слоў, у школах сталі складаць спісы «нядобранадзейных» супрацоўнікаў. «Гэта было патрабаванне ўпраўлення адукацыі, — удакладняе яна. — Па кожным дзіцячым садку, школе спускалі лічбы, колькі чалавек трэба звольніць. Спачатку звальнялі тых, каго затрымлівалі на пратэстах. Але потым у спісы ўключылі тых, хто падпісваўся за Ціханоўскую і Бабарыку. Далей вывучылі сацсеткі, калі была самая малая крытыка ўлады — таксама ўключалі ў спісы. Калі хтосьці ў калектыве выказваўся супраць Лукашэнкі, гэта яшчэ адна рызыка. У некаторых выпадках даходзіла да таго, што трэба звольніць да 30% калектыву».

Далей сітуацыя развівалася ў залежнасці ад пазіцыі дырэктара, тлумачыць суразмоўца: былі выпадкі, калі кіраўнікі адмаўляліся звальняць работнікаў спісамі, прасілі упраўленне адукацыі гарантаваць замену, і праз некаторы час ціск «зверху» зніжаўся. «У нашай школе з "нядобранадзейнымі" правялі тлумачальную гутарку, трэба было напісаць распіску, дзе прызнаеш, што памыляўся ў сваіх выказваннях, і абавязуешся больш так не паступаць. Гэта дапамагло многім захаваць працу», — кажа Алена. 

Калі затрымалі за «палітыку», адразу звальняюць

Калі ж работніка штрафавалі або адпраўлялі на суткі па «пратэсных» артыкулах, за гэтым адразу вынікала звальненне. «У гэтым выпадку ў школу ты ўжо больш не ўладкуешся, таму што на новым месцы цябе правяраюць па базе, ды і характарыстыка будзе негатыўная. Застаецца варыянт з рэпетытарствам, — тлумачыць Алена. — Калі пратаколу не было, проста кіраўніцтва даведалася пра "няправільныя" погляды, прапануюць звольніцца па ўласным жаданні. Тады можна атрымаць нейтральную характарыстыку, з якой можна ўладкавацца ў школу, але лепш у іншым раёне. Шмат што залежыць ад чалавечнасці дырэктара: ці пойдзе ён насустрач».


Глядзіце таксама

Аляксандр займаў кіруючую пасаду на дзяржаўным прадпрыемстве. Летась на яго склалі пратакол за тое, што ў сацсетках знайшлі рэпосты сайтаў, якія цяпер улады лічаць «экстрэмісцкімі». «Звальняўся па ўласным жаданні, але рэальнай прычынай быў прагул, — расказвае ён. — Я двое сутак прабыў у ізалятары, а потым атрымаў штраф. У мяне за ўсё жыццё не было ні аднаго спагнання па працы, але ў характарыстыцы паказана пра адміністрацыйнае пакаранне. У аддзеле кадраў адразу сказалі, што на дзяржаўнае прадпрыемства мяне больш не возьмуць. І "прыватнікі", якія працуюць па дзяржзамовах, цяпер таксама запытваюць характарыстыку. Паўгода быў без працы, зразумеў, што па спецыяльнасці нічога не знайду, таму вырашыў пайсці ў дальнабойнікі».

Характарыстыка як помста былым супрацоўнікам 

Улады ўводзілі патрабаванні па характарыстыках, каб адсякаць «нядобранадзейных» работнікаў, але на практыцы даходзіць да таго, што працадаўцы выкарыстоўваюць гэта для пагроз і нават помсты былым супрацоўнікам. Разбірацца ў такой сітуацыі нават давялося кіраўніцы Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, паведаміла яе прэс-служба. На прыём да яе прыйшла мінчанка Таццяна Рымдзёнак, якая расказала, што ўжо некалькі месяцаў не можа знайсці новую працу праз негатыўную характарыстыку, хоць да апошняга звальнення праблем у яе не было. Сітуацыя ўскладнялася тым, што жанчына адна выхоўвае дзіця.

«Былы наймальнік выдаў характарыстыку, якая змяшчае загадзя ілжывую, адмоўную інфармацыю, — заявіла Таццяна на прыёме ў Качанавай. — Пры працаўладкаванні ў адну, другую, трэцюю, чацвёртую, пятую арганізацыю я атрымлівала адмовы праз негатыўную інфармацыю ў характарыстыцы».

Што менавіта было напісана ў дакуменце, жанчына даведалася, толькі калі звярнулася ў пракуратуру. «Там пазначана, што мне не падабаецца жыць у Беларусі, як толькі прадставіцца магчымасць, я паеду ў Польшчу, — расказала жанчына. — Што я маніпулюю дзіцём, пляту інтрыгі». Дамагчыся праўды Таццяна змагла толькі ў судзе, у пастанове пазначана, што звесткі ў характарыстыцы з'яўляюцца асабістым меркаваннем былога наймальніка і не адпавядаюць рэчаіснасці. Толькі пасля гэтага жанчына змагла ўладкавацца на новую працу.