«Як скажа куратар КДБ, так і будзе». Беларусы расказалі, як ім пісалі характарыстыкі

На прыём грамадзян, які праводзіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прыйшла мінчанка з нестандартнай праблемай. У характарыстыцы з папярэдняга месца працы жанчыне напісалі, што яна «пляце інтрыгі». Паводле яе слоў, праз гэтую рэмарку яна цяпер не можа працаўладкавацца. «Люстэрка» спытала ў чытачоў, што незвычайнага пісалі ў іх характарыстыках.

Ілюстрацыя: risovach.ru

Ілюстрацыя: risovach.ru

«У нас ёсць куратар ад КДБ, калі ён скажа абылгаць і ачарніць чалавека, так і будзе»

Вадзім (усе імёны зменены) 15 гадоў прапрацаваў у дзяржарганізацыі. Займаў кіруючыя пасады. Увосень 2021-га яго затрымалі за «лайк» пад каментаром пра сілавіка. Пазней, калі азнаёміўся з матэрыяламі справы, убачыў характарыстыку з месца працы. Кажа, было напісана, што ён сістэматычна парушаў дысцыпліну, пасіўны і галоўнае — «ідэалагічна няўстойлівы».

— Прачытаў і пасмяяўся, — апісвае суразмоўца сваю першую рэакцыю на дакумент. — Зразумела, што гэта трызненне. Я ўвесь час працаваў на кіруючых пасадах, і тут такая цікавая рэмарка — «ідэалагічна няўстойлівы». Да таго ж я займаўся спортам і ўвесь час удзельнічаў у спаборніцтвах.

Прыкладна за паўгода да з'яўлення гэтага дакумента Вадзім ішоў на павышэнне. Для гэтага кіраўніцтва таксама складала яму характарыстыку. У ёй, успамінае мужчына, яго так нахвальвалі, што супрацоўніка можна было залічаць «ледзь не ў сан святых».

— Характарыстыкі ў нас рыхтуе аддзел кадраў, але я дакладна ведаю, што маю складаў ідэолаг, а падпісваў начальнік аддзела. Хоць ён на той момант толькі нядаўна заняў сваю пасаду, са мной асабліва не быў знаёмы, — разважае суразмоўца.

Чаму ж у дакуменце, які падалі ў суд, яго выставілі ў такім непрывабным святле? У Вадзіма на гэта сваё тлумачэнне:

— У нас ёсць куратар ад КДБ, калі ён скажа абылгаць і ачарніць чалавека, так і будзе. Плюс арганізацыя такая, што найменшае налева-направа — і ты адразу вораг народа. Усім, з кім развітваліся за палітыку пасля затрымання, выдавалі дрэнныя характарыстыкі. Хоць тых, хто сыходзіў па гэтай жа прычыне без пратаколаў, стараліся звальняць па пагадненні бакоў.

Паводле слоў Вадзіма, калі падчас працэсу агучылі яго характарыстыку, адзін з калег, які даўно яго ведае і быў на пасяджэнні, вымавіў «Пф-ф-ф». За гэта мужчыну зрабілі заўвагу і папярэдзілі: яшчэ раз будзе нешта падобнае — выдаляць з залы.

— Калі дзяржабвінаваўца зачытаў характарыстыку, адвакат папрасіла суддзю азнаёміцца са старонкай у справе, дзе пазначаны вытрымкі з маімі дасягненнямі, пералічаны граматы і ўзнагароды, — успамінае суразмоўца. — Думаю, у суддзі здарыўся дысананс, хоць сказала яна толькі: «Ну гэта добра». І, думаю, улічыла толькі апошнюю характарыстыку.

Прысуд Вадзіму — паўтара года калоніі. Пасля вызвалення ён пераехаў у Літву. Характарыстыка ж засталася ў матэрыялах справы.

— Мне яна не патрэбна. Навошта мне гэтае адкрытае трызненне? — кажа мужчына.


Глядзіце таксама

«Заўсёды даволі ярка выказваў свой пункт гледжання, не выдыгаў перад начальствам»

Максім са сферы медыцыны. Некалькі гадоў ён жыў у абласным цэнтры. У пачатку 2022-га мужчына вырашыў змяніць жыццё і пераехаць у невялікі горад. Тады ж стаў уладкоўвацца ў новую медустанову. Там па дэкрэце №6 зрабілі запыт па месцы яго папярэдняй працы — і атрымалі характарыстыку. У ёй было напісана, што Максім «рэзкі ў выказваннях, упарта адстойвае свае погляды», а таксама «не знаходзіцца ў прафсаюзе, таму што мае свой пункт гледжання на дзяржаўны і канстытуцыйны лад».

— Калі прынёс у аддзел кадраў пакет дакументаў, там сказалі, што атрымалі на мяне характарыстыку. Пацікавіўся, што і як. Мне працягнулі яе са шматзначным поглядам, пракаментаваўшы: «Не вельмі добрая», — апісвае тую сітуацыю суразмоўца. — Нягледзячы на гэта ніхто з кіраўніцтва на размовы мяне не выклікаў і на працу мяне ўзялі. Чаму? Думаю, таму што медперсаналу неверагодна не хапае, а я выконваю вялікі пласт працы.

Паводле слоў мужчыны, характарыстыку яму складаў кіраўнік арганізацыі, у якой ён працаваў. Чаму ён апісаў былога супрацоўніка менавіта такім чынам, Максім не ведае.

— Улічваючы, якія адносіны былі ў мяне з начальствам пасля 2020-га, нават здзіўлены, што ён напісаў менавіта так, а не горш, — не хавае суразмоўца і кажа, што дакумент яго павесяліў. — Я заўсёды даволі ярка выказваў свой пункт гледжання, не выдыгаў перад начальствам.

Ці ўплывае характарыстыка на стаўленне да яго новых калег? Нічога такога Максім не заўважае. Мяркуе, што, хутчэй за ўсё, практычна ніхто з іх пра яе не ведае. Хоць яго непасрэдны начальнік неяк пажартаваў, што ён Максіму «свой чалавек».

— Але невялікія адрозненні ў адносінах з боку адміністрацыі ў параўнанні з іншымі супрацоўнікамі я да сябе адчуваю. Напрыклад, мне не дазваляюць браць дадатковыя змены, — кажа мужчына. — Хоць, магчыма, гэта звязана не з характарыстыкай, а з тым, што я не ў прафсаюзе і, напрыклад, не здаю грошай на падпіску.