Хронікі рэпрэсій за 30 ліпеня: Палітвязня-змоўніка Зянковіча будуць судзіць трэці раз, а Крыгера памілавалі
12 зняволеных прызнаныя палітвязнямі, Лукашэнка памілаваў асуджанага да расстрэлу грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, працягваецца завочны суд над журналістам і праваабаронцам Уладзімірам Хільмановічам.
- Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
Усе яны з’яўляюцца фігурантамі спраў — абвінавачанымі, заключанымі пад варту ці асуджанымі — паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Новыя 12 палітвязняў — Дзмітрый Лабачоў, Ілля Талстоў, Яўген Раманаў, Вячаслаў Калавусаў, Мацвей і Леанід Аверчукі, Генадзь Клімашэвіч, Алег Літвінчук, Дзмітрый Лысюк, Валянціна Жукоўская, Вадзім Луцэвіч і Юрый Маісеенка.
Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць пераслед, вызваліць згаданых асоб, а таксама выпусціць на волю ўсіх палітвязняў, грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, а таксама спыніць рэпрэсіі.
Цяпер праваабаронцамі «Вясны» прызнаныя палітзняволенымі 1390 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1484 палітычных зняволеных.
- Палітвязня Юрася Зянковіча зноў будуць судзіць па новай крымінальнай справе
Юрась — амерыканскі юрыст беларускага паходжання, асуджаны па «справе змоўшчыкаў». Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзілі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
27 снежня 2022 года ў судзе Мядзеля разглядалася яшчэ адна справа супраць Юрася аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Паводле пярэдняй інфармацыі, Зянковічу тады дадалі яшчэ паўгода зняволення.
Спачатку Юрась Зянковіч адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, дзе на яго аказваўся ціск. Палітвязень правёў у ШІЗА 8 дзён і абвяшчаў галадоўку.
Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Цяпер стала вядома, што 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва Юрася Зянковіча пачнуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы» паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Палякова.
- У Гродне завочна судзяць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча
У Гродзенскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі завочна судзіць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самому праваабаронцу.
Уладзіміру пагражае да сямі гадоў зняволення завочна. Справу разглядае Ігар Собалеў. 30 ліпеня працэс працягваецца.
Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста накладзены арышт.
- У Магілёве звальняюць «нафтавікоў», якія ў 2020 годзе пакідалі подпісы за незалежных кандыдатаў
Як паведамілі падпісанты @MAYDAYMog, 30 ліпеня намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах прадпрыемства «Беларуснафта» Аляксандр Ткачоў прыбыў у магілёўскую філію кампаніі.
З сабой ён прывёз спіс з данымі 30 супрацоўнікаў, якія ў 2020 годзе ставілі подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Па дадзеных крыніцы, людзям прапануюць напісаць заяву аб сыходзе па ўласным жаданні. У адваротным выпадку пагражаюць звальненнем «па артыкуле».
Варта адзначыць, што апроч пасады ў «Беларуснафце», Аляксандр Ткачоў таксама з'яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.
- Слуцкі стралковы клуб павіншаваў хлопца з днём нараджэння — імітаваў яго затрыманне. Цяпер да іх прыйшоў сапраўдны АМАП
Слуцкі гідрабольны клуб Battlefield павіншаваў 15-гадовага падлетка з днём нараджэння, зладзіў імітацыю яго затрымання: на хлопца надзелі кайданкі, скамандавалі «мордай у падлогу», пасля чаго прынеслі торт, на якім трэба было задзьмуць свечкі.
Відэа “віншавання” клуб апублікаваў у інстаграме, піша «Медыязона». Пасля гэтага ў Battlefield прыйшлі сілавікі.
Сёння праўладны тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў пост, у якім распавёў, што арганізатараў пранку затрымалі.
«Празмерна актыўныя выдумшчыкі за сваю задуму ўжо атрымалі пратаколы за дробнае хуліганства — зараз у іх будзе час падумаць над сваімі паводзінамі ў ІЧУ».
- Затрымалі адміністратарку чата «Беларусы ў ЗША»
Паведамляецца, што ў чаце размяшчалі спасылкі на зборы для беларусаў, а сама затрыманая нібыта абражала прадстаўнікоў улады і сілавікоў.
У сацыяльных сетках жанчына падпісаная як Olga Vredinka. Вядома, што яна стала пражывае ў Нью-Ёрку.
- Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі беларуса
Падчас размовы з правакатарам, які прадставіўся супрацоўнікам украінскай СБУ, мужчына сказаў, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, мае фотаздымак з Сяргеем Ціханоўскім і чытае незалежныя СМІ.
На «палонным відэа» затрыманы таксама «прызнаецца» ў тым, што негатыўна выказваўся «на адрас РФ і дзеючай улады ў Беларусі».
- У Гомелі за распаўсюд «экстрэмізму» судзілі шматдзетнага бацьку
Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Учора, 29 ліпеня, у Навабеліцкім судзе Гомеля праходзіў суд над прадпрымальнікам і шматдзетным бацькам Марыянам Голубам. Справу разглядаў суддзя Генадзь Калацэй. Марыяна абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Абставіны справы невядомыя.
Марыян — бацька шасцярых дзяцей, вывучаў псіхалогію ў каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Працаваў у грамадскай арганізацыі «Добрая сям’я», апошнім часам яго дзейнасць была звязаная з IT-сферай.
- Лукашэнка памілаваў асуджанага да расстрэлу грамадзяніна Германіі
Пра памілаванне Рыка Крыгера паведамляюць прапагандысты. “Кіраўніком дзяржавы з улікам усіх абставінаў прынятае рашэнне”, — паведамілі ў прэс-служба Лукашэнкі.
Нагадаем, у Мінскім абласным судзе 24 чэрвеня 29-гадовага супрацоўніка «Нямецкага Чырвонага крыжа» Рыка Крыгера (Rico Krieger) асудзілі да смяротнага пакарання.
У Беларусі яго абвінавацілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 4 арт.295), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361). Грамадзянін Германіі не абскардзіў прысуд і ён набыў моц.
Сёння, 30 ліпеня, стала вядома, што Рыка напісаў памілаванне на імя Лукашэнкі. Лукашэнка з гэтай нагоды сёння ж збіраў нараду.