Асобная думка. Сіла ёсць. А розум?
Ліпень 2024 выдаўся досыць багатым на самыя розныя падзеі, часам зусім супярэчлівыя. Тлумачальныя брыгады працавалі на знос, а кожны тыдзень ці нават дзень падкідваў новых нечаканасцей. Улады спрабавалі рабіць выгляд непахіснасці ды маналітнасці з быццам бы чалавечым тварам, але ж, як у вядомай прымаўцы, «хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды». Да таго ж усё часцей стала ўзнікаць пытанне аб тым, хто ж на самой справе «ўлада» ў сучаснай Беларусі.
Безумоўна, адной з галоўных падзеяў ліпеня стала навіна аб вызваленні некаторай колькасці палітвязняў. Улада імкнулася пагуляць у «чалавечнасць», але ўжо бачна, што атрымалася ніяк. І справа нават не ў тым, што спачатку хацелі вызваліць найбольш хворых, а потым хуценька нешта перавырашылі. Справа ў тым, што грамадству ў цэлым дагэтуль невядома — а каго канкрэтна вызвалілі? Зразумела, што гэтая «гульня ў чалавечнасць» арыентавана цалкам на Захад і здавалася б цалкам лагічным адразу апублічыць імёны. Маўляў, вось мы якія добрыя і гуманныя, вызвалілі такога, такога і такую каб лячэнне іх было болей якасным і нават прапануем ім прайсці медагляд у лепшых клініках! Але ж нічога падобнага. Гучна пасадзілі — ціха адпусцілі і тым самым звялі эфектыўнасць гэтай падзеі да нуля ці ўвогуле ў вобласць адмоўных лічбаў, бо нават зацятым прыхільнікам існуючай улады зусім незразумела навошта было гэта рабіць.
Яшчэ больш нелагічным з'яўляецца і тое, што каток рэпрэсіяў не спыняецца, а толькі паскараецца. Толькі за мінулы тыдзень каля 20 новых чалавек прызнаныя палітвязнямі, а затрымана, канешне ж, яшчэ больш. Штодня праўладныя тг-каналы і медыя смакуюць і ўхваляюць жорсткасць у абыходжанні з людзьмі, якія смеюць мець іншы пункт гледжання. Нешта гэта ніяк не падобна на праявы гуманізму і ніяк не пасуе «моцнай і маналітнай» уладзе. Аб смяротным прысудзе нямецкаму грамадзяніну я нават і прыгадваць не буду, бо ўжо ўсё сказана і дадаць няма чаго.
Цікавая і абсурдная сітуацыя і на рынку працы — кожны месяц лічба вакансіяў толькі павялічваецца, а людзей дзясяткамі працягваюць звальняць па загаду так званых «ідэолагаў». Нават ужо і чыноўнікі ўраду пачалі прызнаваць праблему недахопа працоўных рук, але нешта я не чуў, каб хтосьці з іх заікнуўся аб спыненні звальнення «нядобранадзейных». Зразумела, што на новую працу звольненых «за палітыку» таксама ніхто браць не хоча.
Усе гэтыя і іншыя недарэчнасці дастаткова празрыста намякаюць на тое, што ў краіне няма адзінай маналітнай улады, а ёсць некалькі блокаў, наймацнейшым з якіх з’яўляецца сілавы. Менавіта сілавікі кантралююць і ўплываюць амаль на ўсе галіны жыцця Беларусі. Невялікая, але вельмі істотная дэталь — на кожнай сваёй нарадзе чалавек, які лічыць сабе кіраўніком краіны, пастаянна незадаволены працай то прамысловасці, то адукацыі, то эканомікі ўвогуле і толькі ў бок сілавікоў ужо некалькі гадоў не чуваць аніводнага дрэннага слова. Выглядае так, што ідэальна працуюць цяпер толькі людзі ў пагонах, напоўніцу выкарыстоўваючы стан «не да законаў».
Апетыт прыходзіць падчас харчавання, і вось ужо сілавікі рукамі сваіх фармальна былых калег (а як у народзе кажуць — «былых не бывае») выкараняюць іншадумства звальненнямі на прадпрыемствах, заганяючы і без таго хворую эканоміку ў труну і ніхто нават пікнуць не смее. Толькі сілавому блоку выгадна не спыняць, а толькі больш разганяць махавік рэпрэсіяў — гэта прэміі, званні, кватэры ды іншыя карыснасці на крыві. Дарэчы, яны і далей будуць прыдумляць новыя трактоўкі законаў і распрацоўваць новыя артыкулы кодэксаў, бо незакранутых засталося не так ужо і шмат, а вынік даваць трэба. Менавіта сілавому блоку кожнае прыгадванне імёнаў палітвязняў — костка ў горле, бо аўтаматычна прыгадваецца хто канкрэтна датычны да гэтага прававога бязмежжа. Вядома, што з кожным вызваленым па тэрміну праводзяцца размовы, падчас якіх прамым тэкстам загадваюць «не высоўвацца» і пагражаюць вяртаннем на нары, нават такія прыклады ўжо ёсць. Ну, а калі вызваляюць з «поглядаў гуманізму» і датэрмінова, то гэта неяк зусім зняважліва да «цяжкай працы» следчага, суддзі ды іншых удзельнікаў працэсаў. Публічнасць тут зусім не патрэбная, як і ва ўсім, што тычыцца пашырэнні ўплыву сілавога блоку.
Відавочна, што гэтае становішча ёсць коштам карт-бланшу, атрыманаму ў 2020 годзе словамі «часам не да законаў» і які дзейнічае дагэтуль. Сістэма стрымак і процівагаў была ўшчэнт разбурана пад задаволенае плясканне ў далоні і бразгатанне юбілейных медалёў на мундзірах. Вядома, шмат каму ў розных галінах улады такое становішча не вельмі падабаецца, але ніхто не хоча прачнуцца ад грукату ботаў спецназу па падлозе ўтульнага катэджу, нават калі ёсць за што. А прыйдзецца, бо «сваіх» у барацьбе за ўладу пры існуючых умовах не бывае. Бываюць толькі часовыя супадзенні інтарэсаў і гэта трэба памятаць у першую чаргу тым, хто адчувае цяпер сабе «каралём гары». Сышлі тыя — сыйдуць і гэтыя.