«Маладая гвардыя» — пра тое, як сілавікі рыхтуюць сабе змену
Сілавікі ствараюць не толькі ваенна-патрыятычныя клубы, але і спрабуюць іх аб'яднаць у нешта больш маштабнае. І пад іх «крылом» ужо знаходзяцца тысячы маладых людзей.
У ваенна-патрыятычных клубаў з'явіўся свой дабрачынны фонд. Пра яго стварэнне абвясціў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.
У Беларусі стварылі мясцовы дабрачынны фонд з красамоўнай назвай «Маладая гвардыя» — паводле задумы арганізатараў, ён аб'яднае 18 ваенна-патрыятычных клубаў войскаў (больш за 2000 выхаванцаў), а таксама палітыкаў і бізнэсменаў, піша «Салідарнасць».
На прэзентацыі 19 мая ў в/ч 3214 ва Уруччы падлеткі-выхаванцы клубаў паказалі свае ўменні: зборку і разборку аўтаматаў, стральбу з розных відаў зброі, скалалазанне, рукапашны бой, аказанне першай дапамогі, кіраванне беспілотнікамі, у тым ліку FPV-дронамі. Калі ў 2024 годзе беларускі школьнік усяго гэтага не ўмее, то патрыятызму ў ім, мабыць, недастаткова.
Галоўнай ідэяй арганізатары фонду назвалі аказанне бязвыплатнай дапамогі клубам і развіццё патрыятычнага руху сярод моладзі.
Як заявіў на прэзентацыі клуба камандуючы ўнутранымі войскамі, намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў, акрамя «развіцця патрыятычнага выхавання», новая структура будзе рэалізоўваць розныя праграмы: «адукацыйныя, духоўныя, культурныя для нашых дзяцей», ну і дадаткова акумуляваць фінансы для аказання дапамогі «там, дзе яна патрэбная».
Сілавік адзначыў, што назва савецкай падпольнай арганізацыі ўзятая «дзеля захавання гістарычнай праўды», паколькі беларускія дзеці, маўляў, «праўнукі пераможцаў Вялікай Айчыннай», а таксама «наша светлая будучыня і наша абароненасць».
Дырэктарка фонду Ала Веруш — прафесарка кафедры філасофіі і ідэалагічнай працы Акадэміі МУС Беларусі — запэўнівае, што «ёсць вельмі шмат свядомых грамадзян» з ліку прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў сістэмы дзяржкіравання, якія прагнуць дапамагчы «Маладой гвардыі» словам, справай і, вядома, рублём. На сёння, да прыкладу, у апякунскім фондзе 13 чалавек: «Прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, работнікі СМІ, прадпрымальнікі, палітыкі», — але гэтая колькасць можа павялічыцца.
«Вішанька на торце» — юрыдычна фонд быў зарэгістраваны яшчэ два тыдні таму па адрасе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
І тут, падобна, сышліся адразу два моманты. Па-першае, сілавікі, якія маюць карт-бланш ад усіх дзяржструктур на «патрыятычнае выхаванне» і ідэалагічную працу, працягваюць нарошчваць свой актыў.
Хоць чаму «духоўнаму» і «культурнаму» можа навучыць беларускіх хлопчыкаў і дзяўчат Мікалай Карпянкоў, вядомы асаблівай агрэсіяй і адкрытымі заклікамі да гвалту ў 2020-м, а таксама тым, што асабіста граміў вітрыны кавярні ў цэнтры Мінска, дзе хаваліся пратэстоўцы, — пытанне рытарычнае.
Але, па-другое, на падрыхтоўку наступных пакаленняў адданых слуг рэжыму, якія будуць атрымліваць ільготы пры паступленні ў міліцэйскія і ваенныя ўстановы адукацыі, а далей — кватэры, добрыя заробкі і іншыя «плюшкі» за руплівую службу, патрэбныя грошы.
Таму ў Беларусі, як грыбы пасля дажджу, растуць не толькі новыя падраздзяленні спецназа і ваенна-патрыятычныя клубы, але і спатрэбіўся асобны, спецыяльны дабрачынны фонд у шастаючай абгортцы «патрыятызму», шчодра пасыпанай адсылкай у савецкае мінулае і ранейшую «маладую гвардыю».
І калі цяпер, як запэўніваюць прапагандысты і чыноўнікі, хапае лаяльных да ўладаў бізнэсменаў, гатовых падтрымаць гэтую ідэю фінансава, то ў перспектыве нельга выключыць новага, абавязковага ўжо для ўсіх прадпрымальнікаў, падатку «на патрыятызм» або рэгулярных добраахвотна-прымусовых збораў.
Таму што бізнэсменаў у краіне, у адрозненне ад сілавікоў, больш не становіцца, а грошы на ўтрыманне апошніх рэжыму вельмі патрэбныя.