Новыя наглядчыкі за спортам — надзейныя і правераныя. Чым будзе займацца «камісія спартсменаў»?
Рэжым не выпускае са сваіх лап кантроль за беларускім спортам. Нядаўна ў «Нацыянальным алімпійскім камітэце» абнавілі склад так званай «камісіі спартсменаў». Адметна, што за спортам будуць наглядаць самыя адданыя прыхільнікі Лукашэнкі, для якіх іх праца даўно стала палітыкай.

Ілюстрацыйнае фота: AFP
17 траўня ў «НАК» Лукашэнкі абвясцілі новы склад сваёй камісіі спартсменаў. Наогул гэтая камісія павінна ўносіць прапановы па «ўсямернай падтрымцы беларускіх спартсменаў», «садзейнічаць працаўладкаванню» тых, хто скончыў кар'еру, а яшчэ дапамагаць змагацца з допінгам і «праявамі любых форм дыскрымінацыі і гвалту ў спорце». А па факце, што звыкла для сістэмы, у склад набралі тых, хто актыўна выступае за дыскрымінацыю і гвалт, падтрымліваючы рэжым.
У новы склад камісіі ўвайшлі заўзятыя «лукашысты» і пастаянныя госці розных рэжымных мерапрыемстваў: Сяргей Рутэнка, Максім Недасекаў, Аляксандр Глеб, Аліна Гарнасько, Дзінара Смольская і Ігнат Галавацюк. Таксама засталіся рэжымны старшыня камісіі Аляксандр Багдановіч (які можа і не працягнуць менавіта «руліць»), яшчэ адна лукашыстка Кацярына Галкіна, удзельніца біятлоннай каманды Лукашэнкі Людміла Калінчык і Ала Цупер — украінка, якая цалкам суіснуе з прыхільнікамі вайны ва Украіне, піша «Трыбуна».
Глядзіце таксама

Увогуле, сярод 10 сябраў камісіі — цяпер спрэс вядомыя і памятныя сваімі выступамі на карысць рэжыму імёны. Магчыма, менш за іншых вядомы Галавацюк, але з прамовамі ён дакладна стараўся, ды і давяраюць яму ў сістэме не ўпершыню.
Мінулым разам склад аб'яўлялі ў красавіку 2021 года — але зрабілі гэта крыва. Спачатку былі названыя імёны шасці членаў, «абраных» на «форуме атлетаў», што праводзіўся з расійскім удзелам. У камісію ўвайшлі Багдановіч, Галкіна, Цупер, а яшчэ не давалі рэжыму падставы ў сабе ўсумніцца Міхаіл Грабоўскі з Кацярынай Карстэн і тады яшчэ нечакана Максім Мірны. Астатніх чатырох абяцалі назваць па выніках «выканкама», але так гэтага і не зрабілі, а ў траўні проста паведамілі: Багдановіч стаў старшынёй, Грабоўскі — яго намеснікам, Галкіна — сакратаркай. І прыклалі вось такое фота.

Крыніца фота: by.tribuna.com
Па здымку вынікала лагічная выснова, што ў камісію таксама дабралі згаданую Калінчык, Уладзіміра Карыцьку і Цімура Цімашкова. Ён на фота крайні справа — цалкам магчыма, вы ніколі не бачылі гэтага чалавека і не чулі пра яго. І, трэба сказаць, у «НАК» усё прыкладна гэтак жа: аніводнай згадкі Цімашкова на сайце арганізацыі не знаходзіцца, гэта значыць застаецца зусім незразумелым, ці ўдзельнічаў наогул ён у дзейнасці камісіі. Брэстаўчанін раней быў капітанам зборнай Беларусі па хакеі на траве, а потым стаў трэнерам і ў 2023-м як член штаба зборнай Расіі прыехаў на гульні краін СНД. А там здарыўся цырк, дзякуючы якому камандзе Цімашкова не дасталіся залатыя медалі.
У сваіх «спектаклях» удзельнічала і «камісія спартсменаў». З пары згадак «НАК» пра тое, чым яна займаецца, выдзялялася, мабыць, датаваная сакавіком 2022-га «катэгарычная нязгода» з санкцыямі ў адказ на вайну ва Украіне з заклікам «прадухіліць распальванне варожасці, злосці і нянавісці ў рамках спартыўнай грамадскасці» (за рамкамі, мабыць, было можна — і ў той жа беларускай прапаганды выдатна атрымлівалася). А ў астатнім камісія, здаецца, толькі і займалася тым, што праводзіла «сумесныя пасяджэнні з калегамі» з алімпійскага камітэта Расіі — іх было чатыры: у 2022-м і 2023-м у красавіку праходзілі ў Мінску, а ў верасні — у Маскве. У навінах пра гэта мільгалі розныя прозвішчы — так што, магчыма, склад самой камісіі мяняўся, проста пра гэта нічога адкрыта не паведамлялі.
Асабліва стараліся члены ў Расіі ў 2023-м. Так, Багдановіч, беспадстаўна называючы чырвона-зялёны сцяг «нацыянальным», замест радасці за допускі да міжнародных стартаў заявіў, што нейтральны статус беларускіх спартсменаў «нас не задавальняе» і «неабходна працягваць змагацца» за дазвол сімволікі дзяржавы, міжнародна прызнанай суагрэсарам у вайне. Таксама Багдановіч патлумачыў адсутнасць допуску ў некаторых відах тым, што члены выканкамаў міжнародных федэрацый гэтых відаў паходзяць з «краін, якія палітызаваныя», а ў саміх федэрацыях уладкаваная «бюракратычная сістэма, каб кіраваць па-за».
Глядзіце таксама

Актыўнічаў на тым мерапрыемстве фрыстайліст Павел Дзік (як сябра камісіі ці не — чорт яго ведае). Ён бравурна заявіў, што яго віду, маўляў, «вельмі пашанцавала», таму што «расійцы былі і застаюцца сусветнымі лідарамі» і цяпер беларускія фрыстайлісты «спаборнічаюць з самымі моцнымі спартсменамі, і ўзровень расце», а падае ў спартсменаў з іншых краін, пазбаўленых такога цудоўнага раскладу. Праўда, на АГ-2022, калі ўсе яшчэ спаборнічалі разам, у мужчынскай лыжнай акрабатыцы расіец Ілля Бураў стаў не першым, а трэцім, а найлепшы з беларускіх фрыстайлістаў Станіслаў Гладчанка — 11-м. Дзік жа аказаўся 22-м і насмяшыў сваім правальным скачком расійскага каментатара, а праз некаторы час пасля турніру завёў рыторыку ў стылі прапаганды
Таксама Дзік прызнаўся, што сустрэў «свайго асабістага куміра» — расійскага гімнаста Мікіту Нагорнага. Відавочна, фрыстайліста не бянтэжыць, што Нагорны ўзначальвае расійскую мілітарысцкую арганізацыю для дзяцей «Юнармія», дзе прапагандуюць вайну і акупацыю Украіны.
Глядзіце таксама

Усе гэтыя прамовы ішлі гэткім фонам для расійскага прапагандысцкага хору — аповедаў пра «несправядлівыя» санкцыі, абвінавачанні на адрас МАК і гэтак далей. А кіраўнік Алімпійскага камітэта Расіі Станіслаў Пазнякоў наогул заявіў, што расійскія спартсмены жывуць у «свабоднай, дэмакратычнай, квітнеючай краіне», таму маюць выбар: застацца дома або пайсці «шляхам нейтралізацыі» на АГ. Ну а потым чыноўнік стаў рабіць усё, каб на Гульні ніхто з расійцаў не паехаў — вельмі «свабодна» і «дэмакратычна».
Чым будзе займацца новы склад беларускай «камісіі спартсменаў» — пытанне рытарычнае. Як і тое, навошта яна наогул патрэбна.