Павел Латушка дамагаецца допуску да Алімпійскіх гульняў беларускіх спартсменаў, якія выступілі за перамены ў краіне
«Мы стукаліся ўсюды і стукаемся. Але пакуль не можам праламаць гэтую сцяну».
Дэмакратычныя сілы дамагаюцца допуску да Алімпійскіх гульняў і іншых міжнародных спаборніцтваў беларускіх спартсменаў, якія выступілі за перамены ў краіне, вынікае са слоў намесніка старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі падчас стрыму ў сацсетцы «Цікток» 11 траўня. Палітыка цытуе «Позірк».
«Вы не ўяўляеце, колькі па гэтым напрамку намі за апошнія месяцы прыкладзена намаганняў. Мы пачалі займацца гэтай тэмай літаральна некалькі месяцаў таму. І гэта кожны дзень перапіска — з МЗС, з мінспорту Польшчы, Літвы, Францыі, Германіі, Нарвегіі, многіх іншых краін, Міжнародным алімпійскім камітэтам», — заявіў Павел Латушка.
«Мы, шчыра кажучы, ужо, прашу прабачэння за гэтае слова, задзяўбалі МАК, што яны вымушаныя былі нават нам ператэлефанаваць і ўступіць ужо нават у тэлефонную камунікацыю. Бо мы не адпускаем», — сказаў экс-дыпламат.
Паводле словаў Латушкі, «расчараванне заключаецца ў тым, што беларускія спартсмены ў 2020 годзе — больш за дзве тысячы чалавек — выйшлі супраць гвалту, выйшлі супраць таго, што ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя выбары — іх выкінулі з нацыянальных зборных, ім забаранілі займацца той справай, якой яны прысвяцілі сваё жыццё».
«Многія з іх былі вымушаныя выехаць, эміграваць. Пачалася вайна — 2022 год. І тады былі накладзены агульныя санкцыі па прынцыпе грамадзянства на ўсіх беларускіх спартсменаў. І яны патрапілі пад падвойныя санкцыі — з боку рэжыму і з боку МАК», — растлумачыў кіраўнік НАУ.
Спартсмены, якія выступілі супраць гвалту і вайны, павінны мець магчымасць спаборнічаць на Алімпійскіх гульнях, лічыць ён.
«Так, гэта праблема. Мы стукаліся ўсюды і стукаемся, — сказаў Латушка. — Але, на жаль, спорт — гэта вялікая палітыка, спорт — гэта велізарная бюракратычная машына, спорт — гэта вялікія грошы. І мы пакуль не можам праламаць гэтую сцяну».
8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў нейтральным статусе.
Атлеты абедзвюх краін не змогуць узяць удзел у цырымоніі адкрыцця гульняў, іх вынікі не будуць адлюстроўвацца ў агульным медальным заліку. У выпадку перамогі прадстаўнікоў дзвюх краін у Парыжы будзе ўзняты зацверджаны МАК для такіх выпадкаў сцяг у суправаджэнні спецыяльнага гімна (без слоў).
На 10 траўня беларускія спартоўцы атрымалі 26 ліцэнзій на ўдзел у Алімпіядзе, паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 года.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з-за яго пашпарта».
28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў» (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.