Дзеці з «ДНР» і «ЛНР» будуць «праходзіць рэабілітацыю» ў Магілёве
17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Пуціна за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі.
![Украінскія дзеці ў Беларусі, 2023 год. Ілюстрацыйны здымак БелТА Украінскія дзеці ў Беларусі, 2023 год. Ілюстрацыйны здымак БелТА](/img/v1/images/deti_24_05.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715498897&w=528)
Украінскія дзеці ў Беларусі, 2023 год. Ілюстрацыйны здымак БелТА
Дзеці з так званых данецкай і луганскай «народных рэспублік» будуць «праходзіць рэабілітацыю» ў Магілёве, паведаміла 11 мая дзяржгазета «Магілёўскія ведамасці». Яе цытуе «Позірк».
«Пацярпелыя ад мінна-выбухных раненняў дзеці разам з роднымі зусім нядаўна прыбылі ў санаторый «Дубровенка», дзе будуць аздараўляцца да 24 мая», — гаворыцца ў матэрыяле.
Яны прыбылі ў суправаджэнні «дарадцы кіраўніка «данецкай народнай рэспублікі» па правах дзіцяці» Элеаноры Федарэнка.
Дзяцей таксама чакае «насычаная культурная праграма, якая дапаможа лепш пазнаёміцца з Магілёўскай вобласцю».
Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Украіны, акупаванымі РФ.
У Растове-на-Доне не пазней за ліпень плануецца адкрыць генеральнае консульства Беларусі.У яго акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскім войскам тэрыторыі Украіны — так званыя «ДНР», «ЛНР», часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым, піша «Позірк».
Нагадаем, Павел Латушка заяўляў, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі падлягаюць прыцягненню да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы, у тым ліку за незаконнае перамяшчэнне дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.
Глядзіце таксама
![Латушка прапанаваў чатыры механізмы, як прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку Латушка: ёсць чатыры механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь магло быць вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, прадпрыемства “Беларуськалій”, праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) і інш. Ёсць сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.
17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі.