Латушка: ёсць чатыры механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці
Беларусаў, якія вымушана ўцяклі з краіны з-за пераследу паводле палітычных падстаў, можна лічыць ахвярамі дэпартацыі. А дэпартацыя, як заявіў палітык Павел Латушка — гэта злачынства супраць чалавечнасці, піша «Позірк».
![_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8_.jpg _cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8_.jpg](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Чатыры прававыя механізмы прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і “яго саўдзельнікаў” за злачынствы , якія здзяйсняюцца, назваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка на лекцыі ва ўніверсітэце Беластока (Польшча) 26 сакавіка, паведамляе прэс-служба палітыка.
Першы механізм, адзначыў Латушка, — перадача дзяржавамі — удзельніцамі Рымскага статута матэрыялаў аб сітуацыі ў Беларусі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе.
Глядзіце таксама
![Павел Латушка: Адказнасць немінучая, здраднік дзяржавы — гэта Лукашэнка Латушка: Сёння Лукашэнка прыйшоў да нас з ператрусам, мы вернемся да яго з ордэрам на арышт](/img/v1/images/marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Судовая практыка МКС сведчыць, што суд патэнцыйна можа здзейсніць юрысдыкцыю “як мінімум у дачыненні да злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе дэпартацыі, пад якой разумеюцца сітуацыі, калі грамадзянскае насельніцтва вымушана пакінула тэрыторыю краіны ў выніку стварэння “атмасферы страху і тэрору”, сказаў палітык.
Грамадзянскае насельніцтва, якое вымушана ўцякло з Беларусі ў Польшчу з-за пераследу паводле палітычных падстаў, можа лічыцца ахвярамі дэпартацыі, заявіў Латушка.
Паколькі Польшча з’яўляецца ўдзельнікам МКС, яна мае права перадаць “сітуацыю ў Беларусі” ў офіс пракурора, нягледзячы на тое, што Беларусь не ўдзельнік Рымскага статута МУС, падкрэсліў ён.
Глядзіце таксама
![Латушка: Не можа быць ніякай справядлівасці, пакуль Лукашэнку не асудзяць Латушка: Беспакаранасць Лукашэнкі — гэта выклік усёй міжнароднай сістэме правасуддзя](/img/v1/images/latuszka_3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Другім механізмам названая ўніверсальная юрысдыкцыя, якая дазваляе дзяржавам расследаваць найбольш сур’ёзныя міжнародныя злачынствы, нават калі такія здзейсненыя на тэрыторыі іншай краіны. У яе рамках “заявы ўжо былі пададзеныя ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі і Швейцарыі”, нагадаў кіраўнік НАУ.
Трэцім механізмам, паводле слоў Латушкі, з’яўляецца перадача дакументаў у Міжнародны суд ААН — “у святле масавага здзяйснення актаў, якія з’яўляюцца катаваннямі і іншымі жорсткімі відамі абыходжання, ёсць падставы сцвярджаць, што Беларусь парушыла свае абавязацельствы ў рамках міжнароднай Канвенцыі супраць катаванняў ад 1984 года”.
“Паколькі парушаныя палажэнні канвенцыі з’яўляюцца абавязацельствамі перад усёй сусветнай супольнасцю, то фактычна любая дзяржава — удзельніца канвенцыі можа падаць заяву супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН”, — адзначаецца ў рэлізе.
Глядзіце таксама
![Не менш за 15 падстаў, паводле якіх улады дыскрымінуюць беларусаў, што з’ехалі за мяжу Не менш за 15 падстаў, паводле якіх улады дыскрымінуюць беларусаў, што з’ехалі за мяжу](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_habrejski_dvoryk_2023_fota_novy_czas__5__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акрамя таго, “Лукашэнка і яго саўдзельнікі падлягаюць прыцягненню да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы”, заявіў Латушка, у тым ліку за незаконнае перамяшчэнне дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.
Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь магло быць вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, прадпрыемства “Беларуськалій”, праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) і інш. Ёсць сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.
17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі.
Глядзіце таксама
![У Нюрнбергу пачынаецца канфэрэнцыя па «злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва» У Нюрнбергу пачынаецца канфэрэнцыя па «злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва»](/img/v1/images/photo_2021_10_11_10_26_24.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, паколькі арганізацыя не вызваліла ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцый ЕЗ супраць РФ, прыняты 23 лютага 2024 года. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША, ухвалены напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне.
У лютым 2024 года Шаўцоў быў названы Цэнтрвыбаркамам у ліку пераможцаў выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.