Латушка: Галоўнай мэтай з’яўляецца прыцягненне да адказнасці пачвары па імені Лукашэнка
Ужо тры з паловай гады дэмакратычныя сілы спрабуюць дамагчыся прыцягнення да адказнасці людзей, якія «здзекуюцца з беларускага народа», заявіў Павел Латушка.
Абавязак усіх беларускіх дыяспар за мяжой — «змагацца за нашу Бацькаўшчыну, за нашу зямлю, за кожнага беларуса, які сёння сядзіць у турме», заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ўвечары 20 лютага ў Варшаве на экстранным мітынгу з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка, перадае «Позірк».
«Дай божа, каб такіх момантаў больш не было ў нашай гісторыі», — падкрэсліў палітык.
Смерць Ледніка ён назваў «момантам, калі мы павінны быць разам і паказаць, што мы сіла і моц».
«Я як юрыст заўсёды верыў у тое, што права павінна быць асновай усяго. Таму што менавіта яно прывядзе нас да галоўнай мэты — незалежнай еўрапейскай Беларусі», — заявіў кіраўнік НАУ.
Паводле яго слоў, ужо тры з паловай гады дэмакратычныя сілы спрабуюць дамагчыся прыцягнення да адказнасці людзей, якія «здзекуюцца з беларускага народа».
«Галоўнай нашай мэтай з’яўляецца прыцягненне да адказнасці гэтай пачвары, якая носіць імя Лукашэнка. Каб менавіта ён паўстаў перад міжнародным судом (лепш нацыянальным, але хай нават міжнародным) як адказны за ўсе тыя ахвяры, смерці беларусаў, якія адбываліся ўсе папярэднія дзесяцігоддзі і якія сёння адбываюцца на нашых вачах», — падкрэсліў Латушка.
Палітык выказаў надзею, што знойдуцца адказныя еўрапейскія палітыкі, якія «змогуць праявіць палітычную волю». Разам з тым, дадаў ён, «калі нас будзе мала, мы не зможам прыцягнуць іх увагу».
На думку Латушкі, «трэба больш санкцый, больш ордэраў на арышт гэтых злачынцаў, у тым ліку і Лукашэнкі».
Пра смерць Ледніка ў магілёўскай папраўчай калоніі №15 стала вядома 20 лютага. Палітвязень памёр на 64-м годзе жыцця.