Што можа прымусіць Лукашэнку паводзіць сябе з палітвязнямі больш асцярожна?

Лукашэнка вельмі ўважліва назірае за рэакцыяй сусветнай супольнасці на смерць расійскага апазіцыянера. І ад таго, якой яна будзе, шмат у чым залежыць лёс беларускіх палітвязняў, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

piket_u_batumi_logo.jpg

У Мінскай раённай бальніцы памёр палітвязень Ігар Леднік, якога прывезлі сюды з калоніі ў Бабруйска. Гэта ўжо пяты вядомы выпадак смерці палітзняволенага за кратамі.

Леднік быў асуджаны ў 2022 годзе за паклёп на Лукашэнку. Ён меў інваліднасць, у зняволенні яму праводзілі хірургічную аперацыю.

Пра чарговы трагічны выпадак Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— У сувязі з чарговай смерцю ў няволі гучаць галасы, што Ігар Леднік не проста памёр, што яго забілі. Як і Вадзіма Храсько і Мікалая Клімовіча, якія трапілі за краты, маючы інваліднасць. На вашу думку, ці можна менавіта так трактаваць гэтыя смерці?

— Так, можна і так казаць. Былі створаныя ўмовы, наўмысна створаныя, у якіх гэтыя людзі маглі памерці. Я думаю, што такое развіццё падзей улічвалася. Лукашэнкаўскі бок такое развіццё падзей яўна не бянтэжыла.

Там дакладна ведалі, каго яны накіроўвалі за краты, у якім стане знаходзіліся гэтыя людзі. Турэмная адміністрацыя гэта таксама дакладна ведала. І яе гэта таксама не бянтэжыла.

Людзей адпраўлялі ў такія ўмовы, у якіх яны са сваімі дыягназамі не маглі выжыць. І прадстаўнікі рэжыму ўлічвалі той факт, што гэта можа скончыцца менавіта такім чынам. І іх гэта не бянтэжыла, яны былі падрыхтаваныя да такога.

Калі б гэта была нейкая выпадковасць і яны сказалі, што вось адзін чалавек памёр, так не павінна быць, бо такія здарэнні наносяць шкоду дзяржаве, то, напэўна, яны ўлічвалі б гэты момант і ў дачыненні да іншых. 

Калаж «Радыё Свабода»

Калаж «Радыё Свабода»

А так мы маем ужо цэлую чараду падобных здарэнняў. І відавочна, што нічога не робіцца, каб гэта спыніць. Паміраюць і паміраюць сабе. Можа, яшчэ і лепш, што паміраюць. Бо тыя, хто яшчэ нешта сабе думае ў Беларусі ці за яе межамі, лішні раз узважыць: а ці трэба яму штосьці рабіць супраць дзяржавы?

Паўтаруся, такое развіццё падзей улічвалася. А што тычыцца Ігара Ледніка, я б нагадаў тут пра відэа, якое запісалі сілавікі, якія ладзілі перад арыштам ператрус у ягонай кватэры. Як яны яго зневажалі, як абразліва да яго звярталіся. І ў якім стане ён тады ўжо быў.

Зразумела было, што яго нічога добрага не чакае ў турме з ягоным дыягназам. І гэта яшчэ раз дэманструе сутнасць гэтага рэжыму.

— Гэтыя смерці — самамэта? Ці можна казаць пра сістэмнасць і мэтанакіраванасць дзеянняў тых, у чыіх руках сёння жыцці палітзняволеных? 

— Я думаю, што нейкіх планаў, што мы мусім забіць пэўную колькасць людзей, яны не выпрацоўваюць. Яны проста не ўлічваюць тое, да чаго гэтыя асаблівасці, стан здароўя, могуць прывесці.

Памрэ і памрэ, усё роўна. Галоўнае, каб гэты чалавек быў пакараны. А пра нейкую міласэрнасць гаворкі ўвогуле не ідзе, гэта проста не ўлічваецца.

Акрамя таго, калі яны арыштоўваюць людзей, ім самае галоўнае лічбы, яны ганарацца гэтымі паказчыкамі — колькі затрымана, арыштавана і ўрэшце асуджана. А чалавечы фактар, што з тымі людзьмі можа здарыцца ў турме, іх зусім не цікавіць.

Прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму ўпэўненыя, што ім нічога за гэта не будзе. І пакуль што яны маюць рацыю. Людзі паміраюць, але пытанне санкцый, нейкага пакарання за тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, няма ў публічнай прасторы.

Безумоўна, зараз будзе пэўнае асуджэнне з боку Варшавы, з боку Берліна. Будзе сказана пра недапушчальнасць такога. Але акрамя гэтага нічога больш і не будзе.

Таму лукашэнкаўцы абыякава да гэтага ставяцца. Ну, пакрытыкуюць іх, ізноў скажуць, якія яны дрэнныя. І што? Не першы і не апошні раз.

Адзіная іх асаблівасць — стаўленне да вядомых палітвязняў. Іх яны змясцілі ў інфармацыйны вакуум. У якім стане яны там знаходзяцца, мы фактычна не ведаем. Калі глядзець на гэта лагічна, то не ў інтарэсах Лукашэнкі, каб нешта жахлівае здарылася з Бяляцкім, Калеснікавай, Статкевічам ці Бабарыкам. Бо ў такім разе ён страціць асаблівых і важных палітвязняў, якіх у перспектыве можа было б на нешта абмяняць.

Але ў яго можа быць свая логіка. І расправа над людзьмі, якіх ён лічыць асабістымі ворагамі, здзек над імі, можа пераважыць усе дывідэнды, якія ён можа атрымаць дзякуючы ім.

Так гэта або не, мы даведаемся ў будучыні. На жаль, такія выпадкі, як тое, што адбылося ў Расіі з Навальным, магчымыя таксама і ў Беларусі.

— Ці паспрыяла, калі так можна сказаць, гібель Аляксея Навальнага падвышэнню ўвагі да праблемы беларускіх палітвязняў?

— Гэта ўжо адбылося. З’яўляюцца раз-пораз публікацыі акурат пасля смерці Навальнага, у якіх падкрэсліваецца, што ўжо больш за год няма ніякай інфармацыі пра Калеснікаву, Бабарыку і пра іншых палітвязняў. То бок, гэтая тэма ў сувязі з падзеяй у Расіі прысутнічае ў замежнай прэсе. Большага пакуль няма.

Што тут важна. Лукашэнка вельмі ўважліва назірае за гэтай рэакцыяй на смерць расійскага апазіцыянера. І ад таго, якой яна будзе, шмат у чым залежыць лёс беларускіх палітвязняў.

Калі ён пабачыць, што з-за гэтага Расія атрымала нешта непрыемнае — новыя санкцыі, больш зброі для Кіева — і пры гэтым будзе падкрэсленая сувязь паміж новымі мерамі і смерцю Навальнага, тады ён можа зрабіць выснову пра неабходнасць паводзіць сябе больш асцярожна.   

А калі ўсё скончыцца нейкімі фармальнасцямі, заявамі, санкцыямі супраць адміністрацыі калоніі, дзе сядзеў Навальны, выклікамі расійскіх амбасадараў, то ягоныя высновы будуць іншымі.

Маўляў, глядзіце, яны такое зрабілі з Навальным, да якога ў лякарню Меркель прыходзіла, з якім Шольц сустракаўся, для якога Байдэн адмысловую прамову зрабіў, і што? А нічога. То што тады яны мне зробяць?

Таму так, ад рэакцыі Захаду на расійскую гісторыю шмат у чым залежыць і лёс беларускіх палітзняволеных.