Асобная думка. Не здавацца. Даставаць
У адным з лістоў (калі яшчэ можна было пісаць і яны даходзілі па абодва бакі кратаў) Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка расказаў мне пра свой погляд на закон Парэта, класічнае разуменне якога — ацэнка карыснасці нашых дзеянняў: 20% зробленага прыносяць 80% вынікаў, а 80% зробленага — толькі 20% вынікаў.
У масавай свядомасці закон замацаваўся ў выглядзе фразы «20% людзей рухаюць свет наперад, астатнія 80% спажываюць іх здабыткі». У Віктара Дзмітрыевіча крыху іншае бачанне: 20% людзей рухаюць свет наперад, 20% цягнуць нас усіх назад, а 60% — ні туды ні сюды. Іх трэба пераконваць. Падазраю, што менавіта на гэтым і будавалася перадвыбарчая кампанія штаба.
Людзей трэба пераконваць. Даводзіць ім правільнасць тых ці іншых каштоўнасцей, палітычнага і маральнага выбару, правоў чалавека, негвалтоўнасці і іншых разумных і светлых рэчаў. Гэтак жа, як той бок — бок зла — пераконвае, што менавіта ён мае права на існаванне, менавіта яго (а)маральны кодэкс ёсць адзіным вартым прыняцця, менавіта з ім будзе шчасце чалавеку, жаданыя чарка, шкварка і свой кут.
Памятаю, у лютым 2022-га мяне больш за ўсё здзівіла не рыторыка «дэнацыфікацыі» з вуснаў звычайных таксоўшчыкаў, касірак і іншых простых людзей, якія раптам зрабіліся вялікімі палітыкамі. Больш за ўсё мяне здзівіла тое, з якой лёгкасцю яны прымаюць і апраўдваюць забойствы, масавыя забойствы — чаго дакладна не павінна быць у светапоглядзе людзей, якія цалуюць іконы і ставяць свечкі.
Людзей усё яшчэ трэба пераконваць, што жыццё мае каштоўнасць. Што мела каштоўнасць жыццё Навальнага, які аддаў яго за будучыню сваёй краіны — і хаця б таму варты павагі, не гаворачы ўжо пра іншыя, больш метафізічныя рэчы. Мела каштоўнасць жыццё кожнага з пяцярых палітвязняў, забітых лукашэнкаўцамі ў засценках беларускіх турмаў. Яны, можа быць, ні разу не хацелі быць героямі, але сталі імі, прыняўшы пакутніцкую смерць.
Каштоўнасць маюць жыцці кожнага і кожнай з мінімум як 1500 палітычных зняволеных, узятых у закладнікі рэжымам Лукашэнкі, — жыцці, якія могуць абарвацца кожную секунду, проста цяпер, пакуль я пішу гэтыя радкі, ці калі вы іх чытаеце. І гэта, падавалася б, банальная, відавочная думка, але не: людзей па-ранейшаму трэба пераконваць у тым, што палітвязняў трэба даставаць адтуль. Любым магчымым шляхам.
Таму што той жа згаданы мной Віктар Дзмітрыевіч адно збіццё перажыў, а другога можа не вытрываць. Марыя Калеснікава выжыла з прабадной язвай, а Алесь Пушкін загінуў. Проста цяпер, я ўпэўненая, за кратамі знаходзяцца сотні палітвязняў з сардэчнымі захворваннямі — і ў кожнага і кожнай з іх ёсць такая ж рызыка спынення сэрца, як у Ігара Ледніка.
Людзі не вытрымліваюць нечалавечых умоў, якія наўмысна ствараюць памагатыя дыктатара, застаючыся па-ранейшаму беспакаранымі. Яны помсцяць за тое, што іх зло не змагло перамагчы. За тое, што ім кожны дзень даводзіцца шукаць апраўданні сваім учынкам і баяцца, што аднойчы фартуна здрадзіць ім — і тады давядзецца адказваць. Чым большы гэты страх, тым большыя нашы ахвяры.
Смерць расійскага апазіцыйнага палітыка моцна ўдарыла па свядомасці беларусаў — напэўна, мацней, чым забойства яшчэ аднаго малавядомага беларускага палітвязня. Яна паказала тую прорву, у якую ляцяць усе нашы жыцці, нікому не патрэбныя — незалежна ад таго, ведаюць нас ці не. Гэта новая мяжа ўседазволенасці, а дакладней — адсутнасць мяжы, у якой ніхто не будзе весці падлік смерцям. А значыць, дыктатура нарэшце стане той, якой ёй заўсёды хацелася быць: у адным шэрагу з Салазарам, Кадафі, Піначэтам.
Закатаваць палітвязня? Калі ласка! Страляць жанчын? Давайце паспрабуем. Нельга цяпер у Беларусі галасаваць не за тых, чытаць не тое і думаць не так. Дзяржава сочыць, яна хоча быць паўсюль, яна запэўнівае людзей, што тыя больш самі сабе не належаць, а лёсы іх нічога не вартыя.
Дык вось няпраўда. Нашы лёсы, нашы жыцці па-ранейшаму маюць сваю каштоўнасць. Пастаянным змаганнем, нагадваннем пра кожнае з іх мы паказваем і ім, і сабе, што зло далёкае ад перамогі.
Людзей трэба пераконваць. Асабліва цяпер, калі больш за ўсё хочацца скласці лапкі і выйсці з гэтай «нармальнасці». Бо калі мы здамося, ахвяр будзе не 5 і не 10. Калі мы здамося, лік пойдзе на сотні, пакуль недзе там у еўропах будуць выказваць заклапочанасць, а мы — роспачна маўчаць.
Ніхто не зробіць нас асаблівымі і не кінецца вырашаць нашы праблемы. Такіх праблем па ўсім свеце — не разграбешся: КНДР, М’янма, Нікарагуа, Афганістан, Іран, Мексіка... Мы адзін на адзін з гэтым злом. І толькі нам з ім змагацца. Толькі нам ратаваць.
Людзей трэба пераконваць. Людзей трэба даставаць.