Хронікі рэпрэсій. За ахвяраванні BYPOL палітвязня будуць судзіць другі раз
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 22 лютага.
Палітвязня другі раз будуць судзіць за ахвяраванні. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі.
Аляксандра Зіязэтдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі да 3 гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL за шэсць месяцаў, як арганізацыю прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію №17.
Цяпер стала вядома, што 29 лютага Аляксандра зноўку будуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт.361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч.2 арт.290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»). Цяпер мужчыне пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько.
У судзе Савецкага
раёна Мінска 25 студзеня былі вынесены прысуды адразу дзвюм удзельніцам акцыі
пратэсту ў верасні 2020 года — менеджарцы Ганне Чаркас і індывідуальнай прадпрымальніцы Аляксандры Шыдлоўскай. Іх абвінавацілі ў актыўным удзеле
ў дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак паводле ч.1 арт.342 КК
(«Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу
разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Ганна і Аляксандра «публічна выкрыквалі лозунгі, рабілі гучныя воплескі рукамі, ажыццявілі блакіраванне руху транспарту, чым нанеслі шкоду «Мінсктрансу» ў памеры 5839 рублёў 65 капеек». У судзе фігуравалі фотаздымкі, якія пацвердзілі іх удзел у акцыі пратэсту.
Суд прызначыў сяброўкам абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2,5 гады.
У судзе Савецкага раёна Мінска 2 лютага на 2,5 гады «хатняй хіміі» паводле ч.1 арт.342 КК асудзілі Станіслава Семяненю. Яму інкрымінавалі ўдзел у акцыі пратэсту. Мужчыну знайшлі па фота ў тэлефоне знаёмага. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Згодна з версіяй абвінавачання, Станіслаў, «выкарыстоўваючы ў якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колераў з выявай у выглядзе герба «Пагоня», дэманструючы пратэсны знак у выглядзе V —вобразнага жэсту ўказальным і сярэднім пальцамі рук, рухаўся ў тым ліку па праезнай частцы дарогі, блакіраваў і заступаў шлях транспартным сродкам».
Былога журналіста
Андрэя Толчына абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах. Хутка
распачнецца суд.
Андрэя абвінавачваюць паводле арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім»), ч.2 арт.367 КК («Паклёп на Лукашэнку»), арт.369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Яго справу пачнуць разглядаць ужо 5 сакавіка ў Гомельскім абласным судзе. Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Казлоў.
Нагадаем, сілавікі затрымалі Андрэя напрыканцы верасня 2023 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі. Вядома, што палітвязень пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.
22 лютага скончыўся паўторны арышт былога палітвязня Аляксея Раманава. Яго затрымалі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ падчас масавага «хапуну» па ўсёй Беларусі. На судзе ён атрымаў 15 сутак нібыта за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля суд дадаў яму яшчэ 15 дзён арышту. Сёння ён мусіў выйсці з ізалятара, але яго не адпусцілі з гомельскага ІЧУ «ў сувязі з выбарамі». Ён мае інваліднасць, анкалагічнае захворванне і панкрэатыт. У ізалятары яму некалькі разоў рабілася блага. Яго адвозілі ў шпіталь і вярталі назад. «Лекары сказалі, што патрабна шпіталізацыя і яго пакладуць на лячэнне, калі адбудзе адміністрацыйны арышт», — сказала інфармаваная крыніца.
Не выйшаў пасля 30-сутачнага арышту і былы гомельскі палітык Васіль Палякоў. Пасля 23 студзеня ён двойчы атрымліваў 15 сутак паводле адміністрацыйных артыкулаў. Ёсць інфармацыя, што супраць яго пачалі крымінальную справу.
Сілавікі жорстка
затрымалі жыхара Ліды. Сцвярджаецца, што ён нібыта распаўсюджваў
«экстрэмісцкія матэрыялы».
Сілавікі
затрымалі жыхара Берасцейшчыны за абразы прадстаўнікоў улады падчас
выбараў. Сцвярджаецца, што супраць затрыманага распачалі крымінальныя справы
паводле арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі») і арт.369 КК («Абраза прадстаўніка
ўлады»).
Сілавікі
затрымалі майстра «Слоніммэблі». Сцвярджаецца, што ён нібыта
распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы».
Суддзя суда
Бешанковіцкага раёна Кацярына Мацкевіч 31 студзеня за распаўсюд «экстрэмізму» ў
сацыяльных сетках аштрафавала на 1200 рублёў трэнера-выкладчыка па валейболе
Бешанковіцкай ДзЮСШ Мікалая Пушнікава.
У судовым пасяджэнні стала вядома, што Мікалай нібыта быў падпісаны на некалькі «экстрэмісцкіх» інфармацыйных рэсурсаў. А менавіта на суполку тэлеканала «Белсат», «media-polesye» і «Радыё Свабода».
У суд перадалі справу «за спробу зрыву рэферэндуму». Чатырох яе фігурантаў будуць судзіць завочна.
У суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачвання, «распрацавалі план па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе». Іх будуць судзіць завочна.
Чатырох чалавек абвінавачваюць паводле ч.2 арт.191 КК у «перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненай з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове». Адзначаецца, што ў адрас членаў ЦВК і камісій па рэферэндуме накіравана не менш за 11 тысяч лістоў з пагрозамі.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць 27 снежня.
Двух святароў з
Віцебшчыны абвясцілі ў вышук у Расіі. Ксёндз Вячаслаў Барок, былы
пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, што ў Расонах, і
Андрэй Вашчук, былы пробашч віцебскай рымска-каталіцкай парафіі Святога
Духа, былі вымушаны пакінуць Беларусь, дзе іх пераследавалі за шчырасць у
выказваннях і антываенную пазіцыю.
Працягваюцца масавыя суды за атрыманне дапамогі праз IneedHelpBY.
Падчас рэйду КДБ напрыканцы студзеня за атрыманне прадуктовай дапамогі ад
ініцыятывы INeedHelpBY пад пераслед трапілі не менш за 275 чалавек. Па адміністрацыйных справах асудзілі мінімум 115 чалавек, 85 з якіх — паводле арт.24.15 КаАП («Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Суды прызначаюць
вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў Е-дастаўцы.