«Пагражаюць і патрабуюць таемнага пахавання». Людміле Навальнай паказалі цела сына

Маці Аляксея Навальнага Людміле паказалі цела памерлага сына. Пра гэта яна распавяла ў відэазвароце.

lyudmila_navalnaya.jpg

Людміла Навальная таксама паведаміла, што следства патрабуе пахаваць палітыка таемна, пагражаючы ў выпадку адмовы «нешта зрабіць» з яго целам.

«Толькі што я выйшла з будынка Следчага камітэта горада Салехарда. Амаль суткі я правяла там адна, сам-насам са следчымі і крыміналістамі. Адваката яны пусцілі толькі сёння пасля абеду, — сказала Людміла Навальная. —

Учора ж увечары яны таемна адвезлі мяне ў морг, дзе паказалі Аляксея. Следчыя сцвярджаюць, што ім вядомая прычына смерці... У іх гатовы ўсе медыцынскія і юрыдычныя дакументы, якія я нібыта бачыла, а медыцынскае пасведчанне аб смерці я нібыта падпісвала.

Па законе яны павінны мне адразу былі аддаць цела Аляксея, але яны не зрабілі гэтага дагэтуль. Замест гэтага яны шантажыруюць мяне, ставяць мне ўмовы — дзе, калі і як павінен быць пахаваны Аляксей. Гэта незаконна.

Пры мне ім прыходзяць загады ці то з Крамля, ці то з цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Яны хочуць, каб гэта было зроблена таемна, без развітання. Яны хочуць прывесці мяне на ўскраіну могілак да свежай магілы і сказаць: «Вось тут ляжыць ваш сын». Я на гэта не згодна. Я хачу каб і ў вас — каму Аляксей дарагі, для каго яго смерць стала асабістай трагедыяй — была магчымасць з ім развітацца.

Я запісваю гэты ролік, бо яны пачалі мне пагражаць: гледзячы мне ў вочы, яны кажуць, што калі я не пагаджуся на таемнае пахаванне, яны нешта зробяць з целам майго сына. Следчы Варапаеў адкрыта мне сказаў: «Час працуе не на вас, труп раскладаецца». Я не хачу асаблівых умоў, я толькі хачу, каб усё было зроблена па законе. Я патрабую аддаць мне цела сына неадкладна.


Глядзіце таксама

Пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага. У гэты дзень упраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе на сваім сайце паведаміла пра смерць палітыка.

Навальны памёр, будучы 27-ы раз у ШІЗА, агульны тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары склаў 295 дзён.

Упраўленне ФСВП па ЯНА паведаміла, што Навальны адчуў сябе дрэнна пасля прагулкі і практычна адразу страціў прытомнасць. Сцвярджаецца, што лекары хуткай дапамогі правялі неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія не прывялі да станоўчых вынікаў, і была канстатавана смерць.

Пасля гэтага цела палітыка адвезлі ў Салехард, змясцілі ў морг і не аддаюць сваякам.