Аляксей Навальны павінен быў вось-вось выйсці на волю — BILD

Нямецкае выданне BILD заяўляе, што расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага хацелі абмяняць на агента ФСБ Вадзіма Красікава, які сядзіць у турме ў Германіі, піша «Наша Ніва».

Аляксей Навальны, golosameriki.com

Аляксей Навальны, golosameriki.com

Паводле інфармацыі BILD, такія перамовы сапраўды ішлі. У іх удзельнічалі Масква, Вашынгтон і Берлін. Уладзімір Пуцін хацеў атрымаць расійскага агента Вадзіма Красікава, які сядзіць у турме ў Германіі. Паводле BILD, абмяркоўвалася, што ў абмен Пуцін вызваліць Навальнага. 

«Аляксей Навальны павінен быў вось-вось выйсці на волю», — піша аглядальнік BILD Філіп Пятаў

Вадзім Красікаў быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі. Менавіта на яго намякаў Пуцін у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану

У канцы сустрэчы Карлсан спытаў у Пуціна пра лёс журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, які быў затрыманы ў Расіі год таму нібыта па падазрэнні ў шпіянажы. 

«Эван Гершковіч, яму 32 гады, амерыканскі журналіст, ён знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за год, гэта вялікая гісторыя ў ЗША. Я хачу спытаць у Вас: Вы гатовы ў якасці жэсту добрай волі вызваліць яго, для таго каб мы адвезлі яго ў ЗША?» — спытаў Карлсан. 

«Мы столькі зрабілі жэстаў добрай волі, што, мне падаецца, мы вычарпалі ўсе ліміты. Нам ніхто на жэсты добрай волі аналагічнымі жэстамі ні разу не адказаў. Але мы, у прынцыпе, гатовы гаварыць пра тое, што не выключаем таго, што мы можам гэта зрабіць пры сустрэчным руху з боку нашых партнёраў. 

І калі я кажу «партнёраў», я маю на ўвазе найперш прадстаўнікоў спецыяльных службаў. Яны ў кантакце паміж сабой, і яны абмяркоўваюць гэтую тэму. У нас няма табу на тое, каб не развязаць гэтую праблему. Мы гатовы яе вырашаць, але там ёсць пэўныя ўмовы, якія абмяркоўваюцца па партнёрскіх каналах паміж спецслужбамі. Мне здаецца, што можна пра гэта дамовіцца», — адказаў Пуцін.

Нагадаем, 16 лютага стала вядома, што апазіцыйны расійскі палітык Аляксей Навальны, які быў прысуджаны да 19-гадовага зняволення, памёр у калоніі. Першапачаткова прычынай смерці назвалі тромб, які адарваўся. Пазней Маці Аляксея Навальнага паведамілі ў калоніі, што ён памёр ад сіндрому раптоўнай смерці. Аднак у Следчым камітэце Салехарда, паведаміла прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш, адвакату палітыка сказалі, што прычына яго смерці не ўстаноўленая. Супрацоўнік СК заявіў, што «ўзятая паўторная гісталагічная экспертыза», вынікі якой будуць вядомыя на наступным тыдні. «Відавочна, што яны хлусяць і робяць усё, каб не выдаць цела», — дадала прэс-сакратарка палітыка.

Паводле слоў Ярмыш, у СК заявілі, што цела Навальнага не аддадуць сваякам, пакуль не завершыцца праверка. Яна адзначыла, што за гадзіну да гэтага адвакатам паведамілі, што «праверка скончаная, крыміналу не выяўлена».