Хронікі рэпрэсій за 20 лютага
Яшчэ адна смерць за кратамі: загінуў палітвязень, актывіст БСДП Ігар Леднік, асуджаны за «абразу» Лукашэнкі. Ён стаў пятым палітвязнем, які памёр за кратамі, паведамляюць праваабаронцы.
- Для палітвязня Міколы Статкевіча не прынялі рэчавую перадачу і медычную бандэроль
Нагадаем, палітык-палітвязень Мікалай Статкевіч, асуджаны да 14 гадоў калоніі, знаходзіцца за кратамі амаль 4 гады. Але ўжо 373 дні ад яго няма ніякіх звестак.
У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз «другія рукі» атрымалі інфармацыю, што ён сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрыманая 23 студзеня падчас рэйда КГБ. Яе асудзілі за «дробнае хуліганства» да 15 сутак арышту.
Учора на сваёй старонцы ў фэйсбуку Марына Адамовіч напісала, што з калоніі ў чарговы раз вярнулі рэчавую перадачу і медычную бандэроль.
- Рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча перавялі ў івацэвіцкую калонію
- Яшчэ 3 лістапада 2023 года ў судзе Маладзечанскага раёна Манцэвічу прызначылі 4 гады калоніі, а таксама штраф у памеры 14 800 рублёў. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК.
Паводле следства, Манцэвіч, калі з'яўляўся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
Мінскі абласны суд 23 студзеня пакінуў прысуд без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
З 7 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у калоніі № 22.
- Былога палітвязня Андрэя Кудзіка знайшлі «на сутках»
Стала вядома, што актывіст з Вілейкі знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Па якім артыкуле яго судзілі — пакуль не вядома.
Сувязь з былым палітвязнем знікла 15 лютага. У мінулым кастрычніку яму ўжо прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok.
- Інспектара мытнай службы судзяць за «здраду дзяржаве» наўпрост у СІЗА-1
Раней праваабаронцы паведамлялі, што ў Мінскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка ў закрытым рэжыме судзілі трох супрацоўніках мытнай службы — Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага.
Агулам іх судзілі па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Апроч іншага, іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «перавышэнні службовых паўнамоцтваў», «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «стварэнні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».
Падрабязнасці справы і прычыны пераследу праваабаронцам невядомыя. Адразу працэс вяла суддзя Дзіяна Кучук, а потым яе замяніў Сяргей Хрыпач.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што 27 лютага працягнуць судзіць па гэтай справе толькі 31-гадовага мытнага інспектара Яўгена Гурыновіча. Месца правядзення судовага працэсу — СІЗА-1. Ці можа гэта быць са станам здароўя мужчыны — невядома. Верагодна, яго справа вылучана ў асобную вытворчасць, але суд над іншымі пакуль не прызначаны. Суддзёй прызначаны Яўген Пісарэвіч.
- Следчы камітэт менш чым за месяц скончыў расследаванне справы Івана Краўцова
Іван Краўцоў — беларускі палітычны актывіст, архітэктар, менеджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.
23 студзеня Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Івана, а сёння ведамства ўжо адправаздачылася, што справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Крыўцову інкрымінаваныя:
• ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці)
•ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў буйным памеры)
• ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады)
• ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім)
- Палітвязня, які адбывае тэрмін на «хіміі», аштрафавалі за атрыманне «замежнай дапамогі» ад INeedHelpBY
У Оршы 1 лютага адбыўся суд над палітвязнем Дзянісам Сяргеевым паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Дзяніса затрымлівалі ў ПУАТ-36 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятыву INeedHelpBY.
Паводле пратаколу, палітвязень «атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы «Еўраопт».
Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы «замежных» аплат у Е-дастаўцы.
- САХР са зброяй і ў спартыўных касцюмах прыйшоў затрымліваць мужчыну за каментары ў інтэрнэце
Затрыманы нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
На «палонным відэа» мужчына кажа, што яму інкрымінаваныя арт. 130 КК (распальванне варожасці), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
- У Брэсце айцішніка судзілі за данат палку Каліноўскага
Брэсцкі абласны суд 12 і 14 лютага разглядаў крымінальную справу супраць 39-гадовага Аляксандра Сысоева. Ролю пракурора выконваў Аляксандр Богуш, ролю суддзі — Руслана Сянько.
Мужчыну паставілі ў віну тое, што праз сацсетку «Facebook» выкарыстоўваючы аплатную сістэму «PayPal» ён пералічыў грошы палку Каліноўскага. Перавод на суму 12,91 долараў ЗША быў з беларускай карты.
Паводле звестак праваабаронцаў, 12 лютага пракурор Богуш запатрабаваў для Сысоева 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд абвяшчалі 14 лютага. Дакладны прысуд пакуль не вядомы, аднак у абсалютнай большасці выпадкаў па палітычных справах брэсцкія суддзі прысуджаюць роўна тое ж, што просяць пракуроры.