Ігар Леднік: Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ
Расія, якая дапамагла Лукашэнку застацца пры ўладзе, праз «Саюзную дзяржаву» ўцягне беларусаў у глабальнае супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам. Пра гэта пісаў Ігар Леднік у чэрвені 2021 года.
Гэты артыкул Ігара Ледніка, што быў апублікаваны ў партыйным часопісе Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі ў чэрвені 2021 года, стаў падставай для пераследу ўладамі партыйнага актывіста. Пракуратура палічыла, што ў гэтым тэксце ўтрымліваліся «свядома ілжывыя, ганебныя і зневажальныя для гонару і годнасці Лукашэнкі звесткі, звязаныя з абвінавачваннем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва».
Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Спачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але на волю ён так і не выйшаў. На Ігара была заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 КК «Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Таццяна Шоцік ўвосень 2022 года прызнала Ігара Ледніка вінаватым і вынесла пакаранне ў тры гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сёння стала вядома, што ветэран партыйнага руху памёр у зняволенні.
Вось артыкул, за які судзілі Ігара Ледніка.
Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ
Сцэнар гульні выглядаў так: рускія ўрываюцца ў адну з краін Балтыі, НАТА эфектыўна супраціўляецца, а каб пераламіць сітуацыю, Расія запускае ядзерную бомбу малой магутнасці па базе ў Германіі, дзе разгорнуты дроны і баявыя самалёты. Якім будзе адказ ЗША?
Па тым, што адбываецца ў Беларусі пасля «выбараў» 9 жніўня, складваецца ўражанне, што Аляксандр Лукашэнка напоўніцу ўжо задзейнічаны ў расійскай стратэгіі «ад эскалацыі да дээскалацыі», а з ім і Беларусь. Падтрымка яго Крамлём развязала бесперапынны гвалт і здзекі лукашэнкаўскіх «красаўцаў» з беларусаў-пратэстоўцаў, а паказальныя вайсковыя сумесныя вучэнні «Славянскае братэрства» ля меж Украіны і краін НАТА — Польшчы і Літвы — накіраваны на тое, каб Захад пакінуў усе спробы пасярэдніцтва па выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі. Пакінуўшы Лукашэнку пры ўладзе, Расія праз «Саюзную дзяржаву» ўцягне беларусаў у глабальнае супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам.
Нейтралітэт — гэта комплексны міжнародна-прававы інстытут, які трывала ўвайшоў у практыку міждзяржаўных адносін як адзін са спосабаў абароны дзяржаў ад разбуральнага ўздзеяння войнаў і па-экспансіянісцку настроеных дзяржаў. Нейтралітэт дзяржавы —гэта адна з формаў забеспячэння і падтрымання міжнароднага міру і бяспекі.
Прыкладам таго, як Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) у якасці грамадска-палітычнай інстытуцыі намагаецца дамагчыся для Беларусі міжнародна-прававога статусу нейтральнай дзяржавы, сведчаць наступныя крокі.
Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь рэзалюцыю №68/262 Генасамблеі ААН «Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны» не падтрымалі.
12 мая 2020 года, кіруючыся арт. 103 Статута ААН, БСДП накіравала зварот у ААН с просьбай скасаваць рэгістрацыю ў Сакратарыяце ААН «саюзнай дамовы» паміж Расіяй і Беларуссю. Праз беларускую дыяспару гэтая палітыка па дасягненні міжнародна-прававога статусу Беларусі як нейтральнай дзяржавы будзе пашырацца на ўсе 100 краін свету, якія са спасылкай на гарантыі бяспекі Украіны па Будапешцкім мемарандуме на Генасамблеі ААН прынялі рэзалюцыю №68/262 «Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны».
У 1996 годзе на падставе вынікаў гэтага незаконнага рэферэндуму 2 красавіка быў заключаны дагавор аб утварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а 22 лістапада пры непасрэдным удзеле вышэйшых службовых асоб Расійскай Федэрацыі (Ягора Строева, Генадзя Селязнёва, Віктара Чарнамырдзіна) паміж Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Сямёнам Шарэцкім было падпісана пагадненне «Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь».
Спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета 13-га склікання пад кіраўніцтвам віцэ-спікера Віктара Ганчара ў сваім заключэнні па прававой ацэнцы парушэнняў Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь расцаніла правядзенне рэферэндуму 24 лістапада 1996 года як парушэнне ч.2 арт.3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, за якое прадугледжана крымінальная адказнасць па арт.357 КК Рэспублікі Беларусь.
Правядзенне Лукашэнкам рэферэндумаў (14 мая 1995 года, 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года па скасаванні канстытуцыйнага абмежавання тэрміну знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе), ініцыяванне ім заключэння 8 снежня 1999 года ад імя Рэспублікі Беларусь так званай «саюзнай дамовы» з Расіяй, што завяла Рэспубліку Беларусь у пастку «паглыбленай інтэграцыі» з краінай-агрэсарам Расійскай Федэрацыяй, якая склала з сябе абавязкі па Будапешцкім мемарандуме перад Беларуссю 22 лістапада 1996 года (перад Украінай — 20 лютага 2014 года), утвараюць склад злачынства, адказнасць за якое прадугледжана паводле арт.356 КК Рэспублікі Беларусь («Здрада дзяржаве») — наўмыснае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве ў правядзенні дзейнасці, накіраванай на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Спробы Расіі захаваць Лукашэнку пры ўладзе праз «Саюзную дзяржаву» прывядзе да катастрафічных наступстваў для светапарадку і створыць у сусветнай практыцы прэцэдэнт, калі ва ўзброенае супрацьстаянне адна з адной будуць уцягнуты краіны, якія атрымалі ад ядзерных дзяржаў гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме — беларусы будуць вымушаны ў складзе «саюзнага» войска з краінай-агрэсарам РФ абараняць «саюзны» Крым!
Прызначаныя Лукашэнкам дэпутаты «парламента» адмовяцца і адхіляць яго ад улады, а пасля ініцыююць кансультацыі з ЗША і Вялікабрытаніяй аб прыняцці Радай Бяспекі ААН адмысловай рэзалюцыі па расследаванні ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці (п. b арт.13 Рымскага статута). Цяпер гэта становіцца магчымым праз узаемадзеянне беларусаў па ўсім свеце.
Ігар ЛЕДНІК, суаўтар Сумеснай Дэкларацыі па лічбавай эканоміцы