«Баль на святкаванне новага тэрміна галоўнага бандыта»: Як свет рэагуе на інаўгурацыю Пуціна

Сёння адбылася пятая за апошнюю чвэрць стагоддзя інаўгурацыя абвешчанага ў вышук Міжнародным крымінальным судом злачынцы Уладзіміра Пуціна. Хаця некалькі краін ЕС накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Расію, краіны Балтыі, Вялікабрытанія, Канада і іншыя дзяржавы выказалі катэгарычную пазіцыю, адмовіўшыся ад удзелу ў інаўгурацыі дыктатара.

 Хмарачос
мэрыі ў Вільні. Фота: Andrey Rudakov

 Хмарачос мэрыі ў Вільні. Фота: Andrey Rudakov

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Жазэп Барэль заклікаў еўрапейскія дзяржавы не ўдзельнічаць у цырымоніі інаўгурацыі непрызнанага прэзідэнта краіны-агрэсаркі. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падкрэсліў бягучы статус Пуціна як злачынцы.

«Я накіраваў пасланне ўсім краінам-чальцам Ес, дзе ўказаў, што лічу правільным не ўдзельнічаць у гэтай цырымоніі. Мая парада — не рабіць гэтага, і я думаю, што прадстаўнікі большасці краін-чальцоў не паедуць на інаўгурацыю. Да таго ж, Пуцін — чалавек, прызнаны вінаватым Міжнародным крымінальным судом», — заклікаў палітык сёння раніцай.

Інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна, 7 траўня 2024 года. Фота: РИА

Інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна, 7 траўня 2024 года. Фота: РИА

Барэль апавёў, што краіны ЕС абмяркоўвалі магчымасць адпраўкі дэлегацый на інаўгурацыю расійскага дыктатара, а таксама тое, хто з дыпламатаў мог бы наведаць мерапрыемства. Пазней ад гэтай ідэі адмовіліся, але варта ўлічваць, што кожны з чальцоў Еўрасаюза з’яўляецца суверэннай дзяржавай, таму забараніць удзел пэўнаму чальцу не ўяўляецца магчымым. Кожны мае права самастойна вырашаць, удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у цырымоніі, адзначыў палітык.

«Але для мяне пазіцыя была зразумелай. Украінцам і многім людзям ва ўсім свеце будзе вельмі цяжка зразумець, чаму мы прысутнічаем на інаўгурацыі Пуціна — чалавека, асуджанага Міжнародным крымінальным судом, адказнага за вайну ва Украіне, чыё абранне мы аспрэчваем, таму што яно не было свабодным, а выбары — сумленнымі. Гэта было б відавочнай супярэчнасцю», — патлумачыў Барэль.

Глядзіце таксама

Жорстка і прыгожа выказаўся з нагоды гэтай падзеі былы мэр Вільні і дзейны кандыдат у Еўрапарламент Рэмігіюс Шымашус, вядомы надзвычай актыўнай падтрымкай Украіны і Беларусі.

Менавіта ён адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання вывесіў украінскі сцяг і вялізны банер «PUTIN, THE HUGUE IS WAITING FOR YOU» («ПУЦІН, ГААГА ЧАКАЕ ЦЯБЕ») на хмарачосе віленскай мэрыі. Хаця ў сталіцы ўжо абраны іншы мэр, плакат Шымашуса ўпрыгожвае горад дагэтуль, больш за два гады.

Рэмігіюс Шымашус малюе надпіс «PUTIN, THE HUGUE IS WAITING FOR YOU» ля
амбасады Расіі ў Вільні

Рэмігіюс Шымашус малюе надпіс «PUTIN, THE HUGUE IS WAITING FOR YOU» ля амбасады Расіі ў Вільні

«Сёння ў Расіі баль на святкаванне новага тэрміна галоўнага бандыта, які кіруе гэтай краінай.

Ходзяць чуткі, што прыедзе і французскі дыпламат, не толькі з Венгрыі. Добра, зразумела, што на баль не збіраюцца ехаць прадстаўнікі не толькі Літвы, але і многіх краін ЕС ды ЗША. Добры напамін перад выбарамі ў Еўрапарламент, што ў Еўропе ёсць за што змагацца, каб унесці ў яе больш святла. Добры напамін пра тое, каб быць прамым і цвёрдым. Бо калі нешта сыходзіць з цемры — нельга дазваляць ёй вырашаць за нас, за Еўропу», — напісаў палітык у сваім Instagram.

Глядзіце таксама

Як паведамляюць еўрапейскія СМІ, гаворка ідзе пра Францыю, Венгрыю, Славакію, Грэцыю, Мальту і Кіпр, якія выслалі сваіх прадстаўнікоў на пуцінскую інаўгурацыю.

Напрыканцы Шымашус дадаў: «Ну а з нагоды ягонага балю пазычу Пуціну таго, што мы яму ад імя ўсіх віленчукоў і ўсёй Літвы паслалі праз тыдзень пасля маштабнага нападу на Украіну: Пуцін, ты ідзеш у Крамлёўскі палац, але што цябе чакае — гэта суд у Гаазе».

Прадстаўніца яшчэ адной суседкі Беларусі на сённяшняй сустрэчы ў Бруселі асудзіла дзяржавы, якія адправяць амбасадараў ці будзь-якіх дыпламатаў у Крэмль. Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ адзначыла, што Пуцін з’яўляецца кіраўніком дзяржавы-агрэсаркі, якая парушыла асноўныя часткі Статуту ААН.

«Гэта лідар, якога шукае Міжнародны крымінальны суд за ваенныя злачынствы, супраць якога пракуратура выдала ордэр. Ніводная краіна не павінна ўдзельнічаць на ўзроўні кіраўнікоў дыпламатычных місій, ніводная краіна не павінна ўдзельнічаць наогул!» — заклікала Бражэ.

5 траўня міністарка напісала ў сваім профілі X, што Латвія адмаўляецца ад удзелу ў свяце Пуціна, бо гэты чалавек атакуе ўсё, за што змагаецца Еўропа.

Глядзіце таксама

Далучыўся да «булінгу» Пуціна і прадстаўнік паўночнай балтыйскай дзяржавы — кіраўнік МЗС Эстоніі Маргус Тсакхна, які назваў сённяшнюю інаўгурацыю «другой часткай пуцінскай гульні, якая пачалася з так званых выбараў у сакавіку».

Глядзіце таксама

«Эстонія нават не планавала ўдзельнічаць у гэтым «святкаванні» ваеннага злачынца. Захад не выступае супраць лепшай будучыні Расіі. Гэта робіць кіраўніцтва Расіі», — элегантна заўважыў  палітык.

У Гаазе перад будынкам Міжнароднага суда ААН у дзень інаўгурацыі Пуціна прайшла акцыя «Турма, а не Крэмль», анансаваная грамадскай арганізацыяй Freies Russland NRW. Побач з судом актывісты ўсталявалі статую расійскага дыктатара ў турэмнай робе, з крывавым тварам і рукамі ў наручніках.

Акцыя «Турма, а не Крэмль» у Гаазе. Фота: Freies Russland NRW

Акцыя «Турма, а не Крэмль» у Гаазе. Фота: Freies Russland NRW

«Апоўдні 7 траўня, у дзень інаўгурацыі Пуціна, каля будынка Міжнароднага суда збяруцца актывісты з многіх краін, каб нагадаць пра злачынствы незаконнага ўзурпатара Пуціна. Сапраўднае месца для міжнароднага злачынца — у турме, а не ў Крамлі», — гаворыцца ў публікацыі  X.

Актывісты пішуць, што гэтым разам Пуцін не сапраўдны, але аднойчы на гэтым месцы будзе і жывы!