Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у імперскі ядзерны шантаж

На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны тлумачыць, чаму спатрэбілася праводзіць раптоўную праверку носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі. Але як ні выкручвайся, за ўсёй гэтай катавасіяй тырчаць вушы Крамля, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Ракетныя комплексы «Іскандэр» могуць выступіць носьбітамі тактычнай ядзернай зброі, якую Расея размяшчае ў Беларусі. Фота Reuters

Ракетныя комплексы «Іскандэр» могуць выступіць носьбітамі тактычнай ядзернай зброі, якую Расея размяшчае ў Беларусі. Фота Reuters

«Асабліва адзначу, што праверка носіць выключна абарончы характар. Яна заклікана забяспечыць гатоўнасць беларускіх воінскіх частак да работы са спецыяльнымі боепрыпасамі, а таксама наладзіць механізмы кіравання войскамі і ўзаемадзеяння саюзных органаў кіравання», — растлумачыў Лукашэнка з трыбуны ўрачыстага сходу 7 мая ў Мінску.

«Саюзныя органы кіравання» — гэта такі эўфемізм. Насамрэч руліць Масква.

NATO папрэ дзесяццю тысячамі на Саюзную дзяржаву?

Па версіі Лукашэнкі, на фоне ваеннай актыўнасці, якая пастаянна ўзрастае ў Еўропе, у Беларусі прымаецца комплекс мер адэкватнага рэагавання на абвастрэнне абстаноўкі. «Гэтая дзейнасць па абароне нашай краіны мае планавы характар і прадугледжвае некалькі этапаў», — сказаў Лукашэнка. 

Памятаеце, як у канцы сакавіка ён з'явіўся ва ўборы галоўнакамандуючага на блокпосце ў Ашмянскім раёне, ля мяжы з Літвой? Гэта, аказваецца, быў першы этап дзеянняў «у адказ на канцэнтрацыю войскаў паблізу паўночна-заходніх межаў Беларусі».

«90 тысяч [замежных вайскоўцаў] сканцэнтраваны на нашых межах. Хто з вас можа ўстаць і сказаць, што з гэтых 90 тысяч заўтра дзясятак тысяч не атакуе нашую мяжу? Ніхто», — упэўнена звярнуўся сёння Лукашэнка да залы.

Зразумела, ні ў каго не хапіла духу ўстаць і сказаць, што атакаваць дзесяццю тысячамі Саюзную дзяржаву, кідаючы выклік перш за ўсё ядзернай Расіі, ніводзін вар'ят не наважыцца.

Лукашэнка таксама паведаміў, што была праведзеная праверка з адмабілізаваннем і прывядзеннем у поўную баявую гатоўнасць механізаваных і зенітных ракетных брыгад, затым — «маштабная праверка ваенна-паветраных сіл».

У апошнім выпадку, напэўна, маецца на ўвазе мерапрыемства, якое адбылося 3 траўня. Тады галоўнакамандуючы наляцеў на Цэнтральны камандны пункт ВПС і войскаў СПА і ў кароткім спічы чатыры разы ўсумніўся, ці сумленна яго генералы арганізавалі гэтую праверку.

Гэта Масква палохае Захад, а «малодшы брат» толькі на падхваце

І вось вам вішанька на торце. «Сёння мы пачынаем адпрацоўку другога этапу мераў рэагавання. Для яго правядзення генеральнымі штабамі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі прадугледжана праверка сіл і сродкаў сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у рамках якой упершыню плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі», — заявіў Лукашэнка на ўрачыстым сходзе.

Урачыстасць, як бачым, звялася да бразгання ядзернымі цацкамі. Але самае галоўнае — сочым за рукамі.

Днём раней Мінабароны Расіі паведаміла, што найбліжэйшым часам па даручэнні Уладзіміра Пуціна будуць праведзены вучэнні расійскіх войскаў, на якіх плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. Прычым робіцца гэта, маўляў, у адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы заходніх афіцыйных асоб».

Прасцей кажучы, Пуцін вырашыў палохаць Захад, каб той не надумаўся больш актыўна дапамагаць Украіне, асабліва — адпраўкай туды сваіх воінскіх кантынгентаў. На гэтую тэму, у прыватнасьці, выказваўся прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Не выключылі такога развіцця падзей і некаторыя іншыя спікеры з краін НАТА.

Такая рыторыка (пры тым што асцярожныя заходнікі ёю і абмяжоўваюцца, у акопы не рвуцца) Маскву відавочна закранула. І што ў Пуціна на розуме, то ў намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева на языку.

Той 6 мая без хітрыкаў заявіў, што ў выпадку адпраўкі войскаў ва Украіну заходнім лідэрам «не схавацца ні на Капіталійскім узгорку, ні ў Елісейскім палацы, ні на Даўнінг-стрыт, 10. Наступіць сусветная катастрофа». Іншымі словамі, абяцаны ядзерны ўдар па сталіцах натаўскіх дзяржаў.

Такім чынам, як бы ні спрабаваў Лукашэнка вымалёўваць з сябе самастойнага гульца, ён у гэтай гісторыі, дзе Крэмль мераецца з Захадам боегалоўкамі, — толькі на падхваце. «Малодшы брат» уплецены ў крамлёўскі ядзерны шантаж.

Глядзіце таксама

Беларусь пасаджана на парахавую бочку

Пры гэтым кіраўнік Беларусі натужліва спрабуе пераканаць публіку, што, дазволіўшы Маскве размясціць тут яе тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ), ён істотна ўмацаваў бяспеку сваёй краіны.

На ўрачыстым сходзе Лукашэнка паведаміў, што спецбоепрыпасы (гэта такі эўфемізм для ядзерных боегаловак) будуць зараз загружацца на пускавыя ўстаноўкі беларускіх «Іскандэраў» і «Паланэзаў», падвешвацца на штурмавікі Су-25.

«Мерапрыемствы будуць праводзіцца на агульным аператыўна-стратэгічным фоне з адпрацоўкай у тым ліку расійскімі войскамі прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. У атрыманні аператыўнай інфармацыі нам дапамогуць воінскія часці Маскоўскай і Ленінградскай ваенных акруг, а таксама сілы і сродкі Балтыйскага флоту, размешчаныя ў Калінінградскай вобласці», – растлумачыў Лукашэнка.

«Нам дапамогуць». Можна падумаць, што гэта расійскае войска ў беларускага галоўнакамандуючага на пабягушках. Хоць насамрэч, як няцяжка здагадацца, зусім не хвост круціць сабакам, а ўсё — з дакладнасцю да наадварот. Гэта Пуцін выкарыстоўвае «малодшага брата» для сваіх ядзерных ігрышчаў.

Менавіта для гэтага Крэмль і перакінуў у мінулым годзе на «беларускі балкон» сваю ТЯЗ. Да большай радасці мясцовага правадыра, які любіць замалявацца ўладаром ядзернай дзяржавы.

Каб лепш выканаць ролю збраяносца, ваеннага сатэліта агрэсіўнай імперыі, Лукашэнка выкрэсліў з новага варыянта Канстытуцыі палажэнні аб нейтралітэце і бяз'ядзерным статусе Беларусі.

І вось зараз ён спрабуе з высокіх трыбун пераканаць суграмадзян, што, саджаючы краіну на парахавую бочку, умацоўвае гарантыі мірнага неба над галавой.

Сёння кіраўнік Беларусі патэтычна ўсклікаў, што трэба спыніць «ашалелых палітыканаў, не даць ім шанцу ператварыць усё жывое на планеце ў попел».

Залатыя словы, калі іх звярнуць па тым адрасе, адкуль сапраўды пагражаюць планеце ядзерным апакаліпсісам.