Financial Times: Расія рыхтуе дыверсіі па ўсёй Еўропе
Еўрапейскія спецслужбы папярэдзілі ўрады сваіх краін, што Расія плануе дыверсіі па ўсім кантыненце. Прадстаўнікі еўрапейскіх разведак мяркуюць, што РФ ужо пачала больш актыўна рыхтаваць схаваныя выбухі, падпалы і пашкоджанні інфраструктуры на еўрапейскай тэрыторыі, непасрэдна і праз падстаўных асоб.
Магчымыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва РФ не турбуюць, піша выданне.
Financial Times са спасылкай на словы прадстаўнікоў трох спецслужбаў Еўропы напісала, што Масква пачала актыўна планаваць нанясенне шкоды інфраструктуры Еўропы пры дапамозе выбухаў і падпалаў. Крыніцы газеты заявілі, што Расія ўзяла курс на пастаянны канфлікт з Захадам праз ягоную дапамогу Украіне ў яе супрацьстаянні расійскай вайсковай агрэсіі.
Хоць агенты Крамля маюць доўгую гісторыю падобных аперацый, з'яўляюцца ўсё новыя сведчанні больш агрэсіўных і ўзгодненых намаганняў, сцвярджае Financial Times на падставе экспертных ацэнак з шэрагу еўрапейскіх краін.
FT прыводзіць у публікацыі некалькі прыкладаў ужо здзейсненых у краінах Еўропы нядаўніх дыверсій. Так, у канцы красавіка ў Вялікабрытаніі двое мужчын зладзілі пажар на складзе з грузамі дапамогі для Украіны. Брытанскія пракуроры абвінавачвалі іх у працы на расійскі ўрад.
У Швецыі службы бяспекі расследуюць серыю нядаўніх чыгуначных катастроф, якія, на іх думку, могуць быць актамі дыверсій, падтрыманымі Расіяй. Агенты Крамля таксама спрабавалі знішчыць сістэмы сігналізацыі на Чэшскіх чыгунках, прыводзіць выданне словы міністра транспарту Чэхіі.
У Эстоніі напад на машыну міністра ўнутраных спраў у лютым і на журналістаў быў здзейснены супрацоўнікамі расійскай выведкі, заявіла Служба бяспекі краіны. Мінабароны Францыі таксама папярэдзіла аб магчымых дыверсійных нападах Расіі на вайсковыя аб'екты.
Адзін з прадстаўнікоў выведкі заявіў, што дыверсійныя намаганні Масквы не варта разглядаць асобна ад іншых аперацый. Ён дадаў, што ўзмацненне актыўнасці адлюстроўвае імкненне Расіі аказваць максімальны ціск «па ўсім фронце».
З ягоных слоў, расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін цяпер адчувае сябе «натхнёным», і будзе спрабаваць прасунуць лініі размежавання ў Еўропе так моцна, як толькі зможа, на некалькіх франтах: з дапамогай дэзінфармацыі, дыверсій або хакерскіх нападаў.
«Відавочная выснова палягае ў тым, што актыўнасць Расіі сапраўды ўзрасла», — заявіў журналістам Кейр Джайлс, старшы навуковы супрацоўнік аналітычнага цэнтра Chatham House.