Расія абвясціла ў вышук Зяленскага і Парашэнку. І гэта не жарт

Міністэрства ўнутраных спраў Расіі абвясціла ў вышук дзейнага і былога прэзідэнтаў Украіны.

photo_2024_05_04_15_22_47.jpg

За што менавіта шукаюць Уладзіміра Зяленскага, невядома. У базе ведамства гаворыцца, што прэзідэнт Украіны абвешчаны ў вышук паводле крымінальнага артыкула. Пра які артыкул гаворка, не ўдакладняецца.

Уладзімір Зяленскі стаў другім кіраўніком дзяржавы, абвешчаным у вышук МУС Расіі. Раней у вышук была абвешчаная прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас.

Акрамя гэтага, МУС Расіі абвясціла ў вышук былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку. Ён таксама адшукваецца паводле крымінальнага артыкула. І зноў жа, сам артыкул у базе пошуку не называецца.

Ведамства таксама абвясціла ў вышук камандуючага сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Украіны Аляксандра Паўлюка. Паводле якога крымінальнага артыкула, таксама не ўдакладняецца.

Раней расійскія ўлады ўжо абвяшчалі ў вышук украінскіх чыноўнікаў і палітыкаў, адзначае «Бі-бі-сі». У базе МУС з'явіліся карткі экс-міністра фінансаў Украіны Аляксандра Шлапака, былога кіраўніка Нацбанка Сцяпана Кубіва, сакратара РНБА Украіны Аляксандр Літвіненкі. У снежні 2023 года ў вышук у Расіі быў абвешчаны кіраўнік Галоўнаг ўпраўлення выведкі Кірыл Буданаў.


Глядзіце таксама

МЗС Украіны пракаментаваў абвяшчэнне ў вышук Зяленскага, назваўшы гэта сведчаннем «роспачы прапагандыстаў дзяржавы-агрэсара», піша unian.net.

«Расійскія паведамленні пра нібыта абвяшчэнне МУС РФ у вышук прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з'яўляюцца сведчаннем роспачы расійскай дзяржаўнай машыны і прапаганды, якія не ведаюць, якую яшчэ навінавую нагоду прыдумаць для прыцягнення ўвагі», — адзначылі ў ведамстве.

Пры гэтым у Міністэрстве замежных спраў нагадалі, што ў адрозненне ад «нікчэмных расійскіх абвяшчэнняў», ордэр Міжнароднага крымінальнага суда на арышт расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна паводле падазрэння ва ўчыненні вайсковых злачынстваў з'яўляецца цалкам «рэальным і падлягае выкананню ў 123 дзяржавах свету».