Да чаго рыхтуецца Лукашэнка?
Шэраг апошніх падзей пасля візіту Лукашэнкі ў Маскву на парад паказвае на тое, што адбыўся канчатковы разварот у бок Расіі і што ніякага «поля для манеўру» Лукашэнку не патрэбна. Прынамсі, так мяркуе Павел Латушка.
![0c0aaddc8da12b6fcad620833c213305_1.jpg 0c0aaddc8da12b6fcad620833c213305_1.jpg](/img/v1/images/0c0aaddc8da12b6fcad620833c213305_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715612666&w=528)
Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні ад пасады начальніка Генеральнага штаба Узброеных cіл — першага намесніка міністра абароны генерал-маёра Віктара Гулевіча. Паводле афіцыйнай версіі, Віктар Гулевіч звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.
Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» (НАУ) Павел Латушка звяртае ўвагу, што начальнік Генштаба звольнены адначасова з новай спробай Крамля пачаць наступ у Харкаўскай вобласці. Але «ператрахіванне» кадраў — звычайная практыка ў лукашэнкаўскай сістэме. «Чым жа прыцягнула ўвагу Паўла Латушкі гэтая адстаўка?» — задаецца пытаннем BG.media.
— Паводле чутак, генерал Гулевіч падтрымліваў кантакты з заходнімі калегамі, якія лічылі яго праціўнікам актыўнага ўдзелу Беларусі і беларускай арміі ў вайне. І вось Лукашэнка яго звальняе, толькі вярнуўшыся з Масквы, дзе ён доўга пра нешта размаўляў: з Пуціным — да трох гадзін ночы, з Шайгу — і потым апраўдваўся за гэта, памятаеце, чаму ён спазніўся на ўскладанне (кветак)? Мабыць, гэта і ёсць тое самае «прывітанне з Масквы», якое Лукашэнка прывёз сваім генералам. А дакладней — загад аб тым, што ў камандаванні не павінна быць людзей не тое што нязгодных на актыўны ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны, але нават тых, хто сумняваецца, — мяркуе Павел Латушка.
Калі ўсё сказанае праўда, лагічна задаць пытанне: да чаго рыхтуецца Лукашэнка?
Глядзіце таксама
![Экспансія расійскага бізнэсу ў Беларусі становіцца ўсё больш заўважнай Расійскі бізнэс паглынае беларускі рынак, пакуль чыноўнікі разводзяць рукамі](/img/v1/images/61778877_1004.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Да вайны? І на гэта яго штурхаюць санкцыі? На гэтае пытанне наўпрост адказаў прэм'ер-міністр Лукашэнкі Раман Галоўчанка, які яшчэ напрыканцы красавіка заявіў, што нарошчванне супрацоўніцтва з Расіяй незваротнае, нават калі санкцыі Захаду і аслабнуць, — падкрэсліў Латушка.
«Гэты працэс ужо незваротны, як бы далей ні пачала развівацца міжнародная абстаноўка. Нават калі санкцыйны ціск з нейкіх прычын будзе слабець, мы цвёрда разумеем, і расійскія калегі падзяляюць наш пункт гледжання, мы свой урок засвоілі. Будзем абапірацца выключна на ўласныя сілы», — заявіў тады прэм'ер-міністр.
— Гэта значыць, выбар зроблены. Канчаткова. З санкцыямі або без, рэжым Лукашэнкі будзе працягваць «інтэгравацца» з Расіяй. Што ў перакладзе азначае: ён будзе запіхваць Беларусь у Расію датуль, пакуль наша краіна не стане з той адзіным цэлым, — адзначае кіраўнік НАУ. — Як гэта ўжо адбылося ў вайсковым плане. І як гэта ўжо практычна адбылося ў эканамічным. Вось тая самая прастора для манеўру, якую пакінуў Беларусі Лукашэнка.
Усе размовы пра тое, што менавіта санкцыі штурхаюць Лукашэнку ў абдымкі Расіі, не маюць ніякіх падставаў. Але раз за разам гучаць прапановы даць Лукашэнку прастору для манеўру, не запіхваць яго санкцыямі ў абдымкі Расіі. Пра якую «прастору для манеўру» ідзе гаворка?
Нядаўна скончылася «раптоўная» праверка сіл СПА.
Цяпер праходзяць сумесныя ядзерныя вучэнні з Расіяй, падчас якіх адпрацоўваецца прымяненне ядзернай зброі.
«Гэта была мая ініцыятыва (Пуцін пра гэта сказаў). Я яму патэлефанаваў, кажу: "Слухай, мы павінны сінхранізавацца ў гэтым плане". А мэта была адна: мы хацелі паглядзець, як вядучыя ядзерныя дзяржавы ўсё гэта робяць. Мы ж вучымся», — заявіў Лукашэнка ў Маскве.
Глядзіце таксама
![Інтэграцыя Расіі і Беларусі -- продаж суверэнітэту і рэпрэсіўных практык Саюзная дзяржава як аб'яднанне дыктатур](/img/v1/images/sajuznaja_mjaza_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Праўда, Пуцін да гэтага абверг беларускага саюзніка:
«Паколькі на тэрыторыі Беларусі размешчаная нестратэгічная ядзерная зброя, мы гэтым разам прапанавалі нашым сябрам, хаўруснікам, і прэзідэнт Беларусі пра гэта прасіў, узяць удзел у адным з этапаў гэтага вучэння. Мы іх праводзім рэгулярна. Гэтым разам яны праводзяцца ў тры этапы. На другім этапе беларускія калегі падключацца да нашых сумесных дзеянняў. Адпаведныя ўказанні міністэрствам абароны і генеральным штабам дадзены», — абвясціў Пуцін.
Спачатку гэтая цытата Пуціна была размешчаная на сайце беларускага кіраўніка, затым яе прыбралі. І не дзіўна, таму што ў ёй выкладзеная выразная храналогія дзеянняў: спачатку Крэмль «прапанаваў», а затым Лукашэнка не змог адмовіцца. Але ж гэта разбурае міф пра самастойнасць Лукашэнкі.
Аднак сутнасць не ў тым. Павел Латушка перакананы, што прадастаўленне «манеўру... будзе каштаваць Беларусі незалежнасці, калі і далей верыць і прасоўваць абсалютна абсурдную ідэю аб тым, што Лукашэнку не варта злаваць і што на яго не варта аказваць ціск».