Пуцін зняў Шайгу. Новым міністрам абароны РФ стане эканаміст
Пуцін прапанаваў прызначыць на пасаду міністра абароны Андрэя Белавусава. Апошнія чатыры гады ён працаваў першым віцэ-прэм’ерам Расіі.
У Савеце федэрацыі Расіі пацвердзілі, што 64-гадовы Белавусаў прапанаваны на пасаду міністра абароны РФ.
Андрэй Белавусаў — доктар эканамічных навук.
Як кажа Дзмітрый Пяскоў, прыход Белавусава звязаны «з працэсамі, якія адбываюцца ў расійскай эканоміцы»:
«Вельмі важна ўпісаць эканоміку сілавога блока ў эканоміку краіны. Упісаць з тым, каб яна адпавядала дынаміцы цяперашняга моманту», – сказаў Пяскоў.
Выданне «Агенцтва» называе Андрэя Белавусава чалавекам з бліжэйшага атачэння Уладзіміра Пуціна. З такой жа фармулёўкай Белавусава ўнеслі ў санкцыйныя спісы ЕС пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
У астатніх ведамствах так званага сілавога блока ўрада РФ зменаў няма — Пуцін прапанаваў Савету бяспекі перапрызначыць кіраўнікоў міністэрстваў на свае пасады.
Адметна, што Шайгу — адзіны міністар з сілавога блока, якога кіраўнік Расіі не прапанаваў зноў прызначаць на пасаду.
Шайгу прызначаны кіраўніком Рады бяспекі Расіі замест Мікалая Патрушава. Якую пасаду цяпер зойме Патрушаў, стане вядома праз некалькі дзён, кажа Пяскоў.
«Пуцін зразумеў, што Шайгу занадта таксічны для яго.
У крамлёўскага дыктатара няма моцных лідэраў, таму ён узяў «шэрага каня» — Андрэя Белавусава, пра якога ніхто да сёння нават не чуў, — каментуе прызначэнне ўкраінскі палітык Антон Герашчанка, — Белавусаў, не гледзячы на тое, што быў першым намеснікам старшыні кіраўніка ўрада, ніколі сябе нічым не праяўляў.
Магчыма, яго галоўнай задачай на пасадзе кіраўніка Мінабароны будзе арганізацыя пераводу краіны на ваенныя рэйкі, узмацненне вытворчасці ўзбраенняў і да таго падобнае.
Чыста намінатыўная фігура, якая нічога не вырашае».