Патрушаву знайшлі месца, схапілі кадравіка Мінабароны: Пуцін «ператрахвае» сілавы блок
Былы дырэктар ФСБ і былы сакратар Савета бяспекі РФ Мікалай Патрушаў прызначаны памочнікам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Таксама пасаду памочніка прэзідэнта атрымаў Аляксей Дзюмін, які ўзначальваў да цяперашняга часу Тульскую вобласць.
Памочнікамі прэзідэнта, у ліку іншых, прызначаныя былы міністр адукацыі Андрэй Фурсенка і экс-кіраўнік Мінкультуры Уладзімір Мядзінскі.
Таксама абвешчаныя прызначэнні ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Максім Арэшкін, які раней быў памочнікам Пуціна, стаў намеснікам кіраўніка адміністрацыі. Пасаду кіраўніка адміністрацыі Пуціна зноў заняў Антон Вайно.
Тым часам начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны РФ генерала-лейтэнанта Юрыя Кузняцова затрымалі па падазрэнні ў крымінальным злачынстве, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.
Што менавіта ставіцца ў віну ваеннаму, невядома. Суразмоўца агенцтва распавёў толькі, што расследаваннем крымінальнай справы займаецца Галоўнае ваенна-следчае ўпраўленне СК і следства ўжо звярнулася ў суд для абрання меры стрымання генералу. Дома і на працоўным месцы ў Кузняцова прайшлі ператрусы.
«База» звярнула ўвагу, што 13 траўня ў 235-м гарнізонным ваенным судзе ў Маскве прайшло пасяджэнне аб меры стрымання ў дачыненні да поўнага цёзкі кіраўніка ўпраўлення кадраў Мінабароны Юрыя Васільевіча Кузняцова. Вынікі пасяджэння невядомыя.
Раней пра затрыманне Юрыя Кузняцова паведамлялі праўладныя тэлеграм-каналы. У прыватнасці, канал «Рыбар» пісаў, што ўвагу следства прыцягнула папярэдняя праца генерала «на пасадзе кіраўніка службы абароны дзяржтаямніцы».
Пазней «Камерсант» са спасылкай на крыніцу, блізкую да следства, паведамищ, што суд арыштаваў поўнага цёзку генерала Юрыя Кузняцова па абвінавачванні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Пакаранне паводле часткі 6 артыкула 290 КК складае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Юрый Кузняцоў займае пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны РФ з траўня 2023 года. Да гэтага ён з траўня 2010 года быў начальнікам 8-га ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл РФ. Гэта ўпраўленне займаецца пытаннямі службы абароны дзяржаўнай таямніцы ў рамках Мінабароны.
«Медуза» нагадвае, што ў канцы красавіка 2024 года ў Маскве арыштавалі намесніка міністра абароны РФ Цімура Іванова, які курыраваў ваенна-прамысловы комплекс. Генералу прад'явілі абвінавачванне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры — больш за адзін мільярд расійскіх рублёў (каля 10 млн еўра). СМІ пісалі, што ў справе таксама мог фігураваць эпізод пра дзяржздраду, але адвакат Іванова абверг гэтыя звесткі.
12 траўня Уладзімір Пуцін адправіў Сяргея Шайгу ў адстаўку з пасады міністра абароны і прызначыў яго сакратаром Рады бяспекі РФ. На пасаду кіраўніка Мінабароны вылучаны былы віцэ-прэм'ер па эканамічных пытаннях Андрэй Белавусаў.