The New York Times: Беларусь можа захоўваць расійскую ядзерную зброю пад Асіповічамі

Газета The New York Times прааналізавала новыя спадарожнікавыя здымкі і высветліла, дзе на тэрыторыі Беларусі Расія магла размясціць ядзерную зброю. Эксперты пацвердзілі раней заяўленую лакацыю — Асіповічы, — і адзначылі, што працы на гэтым аб'екце працягваюцца.

Спадарожнікавы здымак меркаванай базы ядзернай зброі пад Асіповічамі з інфаграфікай, якая паказвае патэнцыйнае месца знаходжання бункера з расійскай ядзернай зброяй, крытую пагрузачную зону для грузавікоў, кантрольна-прапускны пункт (КПП) з будынкам аховы, некалькі ліній агароджаў і аварыйны выхад з базы. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Спадарожнікавы здымак меркаванай базы ядзернай зброі пад Асіповічамі з інфаграфікай, якая паказвае патэнцыйнае месца знаходжання бункера з расійскай ядзернай зброяй, крытую пагрузачную зону для грузавікоў, кантрольна-прапускны пункт (КПП) з будынкам аховы, некалькі ліній агароджаў і аварыйны выхад з базы. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Гаворка ідзе пра склад побач з беларускім горадам Асіповічы. Аб'ект для захоўвання расійскай зброі там пачалі будаваць у сакавіку 2023 года, сцвярджаюць у NYT. Некаторыя з пабудоў на палігоне маюць унікальныя асаблівасці, характэрныя менавіта для расійскіх ядзерных сховішчаў.

Так, напрыклад, пры ўездзе на тэрыторыю склада пабудавалі тры новыя будынкі. Яны могуць быць прызначаныя для адміністрацыйных патрэб або для размяшчэння расійскіх вайскоўцаў.

Пры аналізе спадарожнікавых здымкаў журналісты таксама знайшлі на аб'екце крытую пагрузачную пляцоўку, якая злучаная з падземным бункерам савецкіх часоў. Аналагічныя канструкцыі можна ўбачыць і на іншых былых савецкіх ядзерных сховішчах, адзначае выданне.

Для абароны аб'екта ў Асіповічах таксама ўсталявалі сістэму СПА. Цяпер яна дыслакуецца прыкладна за паўтара кіламетра ад бункера, сцвярджае NYT.

СПА. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

СПА. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

У дадатак да існуючай базы сістэмы бяспекі аб'ект атачылі яшчэ трыма агароджамі. На ўездзе ў гэтую зону ўсталявалі кантрольна-прапускны пункт — крытую зону надгляду побач з каравульным памяшканнем. Эксперт па кантролі над узбраеннямі ў Каліфарнійскім Інстытуце міжнародных даследаванняў Майкл Дуйцман адзначае, што такія тыпы канструкцый з'яўляюцца неад'емнай часткай расійскіх ядзерных аб'ектаў.

Патройная агароджа вакол базы. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Патройная агароджа вакол базы. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Ядзерныя боегалоўкі звычайна захоўваюцца паблізу ваенных баз, дзе размешчаны носьбіты такой зброі. Меркаванае ядзернае сховішча знаходзіцца ў тым жа раёне, што і беларускія АТРК «Іскандэр», якія могуць быць выкарыстаны для запуску ядзерных або звычайных боегаловак. Расія паставіла «Іскандэры» ў Беларусь у 2022 годзе.

Чалец Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў Ханс Крыстэнсэн, які прааналізаваў аб'ект у Асіповічах, мяркуе, што аб'екты ў Беларусі, «падобна, прызначаныя для таго, каб нерваваць самыя ўсходнія краіны — чальцы NATO, але не дадуць Расіі новай значнай вайсковай перавагі ў рэгіёне».

У апошнія тыдні, па словах Крыстэнсэна, на аб'екце пачалося будаўніцтва новых канструкцый: «дэталі яшчэ не вызначаныя, але будаўніцтва відавочна выйшла на новы этап».

Ядзерная зброя захоўвалася ў ваколіцах Асіповічаў і раней. СССР пачаў размяшчаць там ракетна-ядзерныя брыгады ў 1960-х гадах. Пасля распаду Саюза зброя была вывезена з тэрыторыі Беларусі.

Нагадаем, 6 траўня Мінабароны Расіі паведаміла, што Генштаб па даручэнні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пачаў падрыхтоўку да правядзення ў бліжэйшы час вучэнняў ракетных злучэнняў Паўднёвай ваеннай акругі (ПВА) і сіл ваенна-марскога флоту (ВМФ): на іх плануецца адпрацаваць «пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі» (яго таксама называюць тактычным).

7 траўня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь правядзе сінхранізаваную з Расіяй раптоўную праверку з задзейнічаннем носьбітаў тактычнай ядзернай зброі.

Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву Уладзімір Пуцін заявіў, што Беларусь далучыцца да Расіі на другім этапе вучэнняў па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі.

Нагадаем, у канцы сакавіка 2023 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што мае намер размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю — нібыта, пра гэта яго асабіста прасіў Аляксандр Лукашэнка. Тады ж было абвешчана, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча ядзернай зброі.

Праз некаторы час Пуцін удакладніў, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі «ідзе згодна з планам».

25 траўня міністры абароны Расіі і Беларусі падпісалі дакументы аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. У наступным месяцы Пуцін заявіў, што частка ядзернай зброі РФ ужо знаходзіцца ў Беларусі.

У канцы чэрвеня 2023-га  Лукашэнка таксама пацвердзіў, што «большая частка» расійскай ядзернай зброі, якую плануецца перамясціць у Беларусь, ужо знаходзіцца ў краіне. Таксама ён сказаў, што даручыў распрацаваць «алгарытм прымянення» ядзернай зброі, якую дыслакуе Расія.

Паводле Zerkalo.io

Глядзіце таксама