«Вагнераўцаў» у Беларусі практычна не засталося?

У Беларусі практычна не засталося наймітаў ПВК «Вагнер». Хоць раней у палявым лагеры каля вёскі Цэль Магілёўскай вобласці знаходзілася каля васьмі тысяч баевікоў, якія перамясціліся туды практычна адразу пасля няўдалага бунту Яўгена Прыгожына. 

ae97baea8df869db978ab0fc4acc7077.webp

Але пасля гібелі заснавальніка ПВК у жніўні 2023 года колькасць наймітаў у Беларусі значна скарацілася, пішуць «Белнавіны» са спасылкай на «Цяперашні час».

Як распавялі ў аб'яднанні былых сілавікоў BelPol, вагнераўцаў на тэрыторыі краіны засталося не больш за некалькі дзясяткаў чалавек, яны трэніруюць беларускіх міліцыянтаў.

«Яны там праводзяць нейкія вучэнні, трэніроўкі. Але іх колькасць памяншаецца. Наколькі нам вядома, іх вывозяць або яны самі з'язджаюць у Афрыку», — кажа прадстаўнік BelPol Уладзімір Жыгар.

На думку палітычнага аглядальніка Беларускай службы Радыё Свабода Валерыя Карбалевіча, размяшчэнне наймітаў у Беларусі было часовым рашэннем у канфлікце Уладзіміра Пуціна і Яўгена Прыгожына, а Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў гэта ў сваіх мэтах.

«Лукашэнка прыдумляў гэтую версію, што, маўляў, яны просяцца на экскурсію ў Польшчу, але я іх не пускаю. Але гэта быў яшчэ адзін механізм ціску, шантажу на суседзяў: на літоўцаў і палякаў», — лічыць Карбалевіч.

Гісторыя наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусі, лічаць суразмоўцы выдання, скончана. Якога-небудзь асаблівага ўплыву, па іх словах, яны не аказалі.

«Вялікага кантакту паміж так званымі сілавымі ведамствамі і "вагнерамі" знойдзена не было, таму што там (у «Вагнеры» — НЧ.) структура, людзі абсалютна іншага характару, кшталту. І іх інтарэсы ляжаць у плоскасці грошай, а не нейкіх пытанняў, якія так моцна цікавяць Лукашэнку», — адзначае Уладзімір Жыгар.

«Вагнераўцам у Беларусі рабіць няма чаго. Ніхто ім такіх грошай, якія яны атрымлівалі ў Расіі, тут плаціць не збіраўся і не збіраецца, таму яны перакантаваліся і рассмакталіся. Засталося зусім няшмат: некалькі дзясяткаў, якім, напэўна, няма куды з'язджаць», — працягвае Валерый Карбалевіч.

Глядзіце таксама

Эксперты дадаюць, што тыя найміты, якія ўсё ж засталіся ў Беларусі, уваходзяць у падраздзяленні МУС, а не Міністэрства абароны. Галоўная задача беларускай міліцыі цяпер — барацьба з апазіцыяй і іншадумствам.

Па звестках тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які маніторыць ваенную актыўнасць у Беларусі, найміты ПВК «Вагнер» працягваюць на сістэматычнай аснове працаваць з вайскоўцамі ўнутраных войскаў і ВС РБ. Пры гэтым гэтае супрацоўніцтва публічна не прызнаецца.

Да прыкладу, у красавіку найміты праводзілі баявое зладжванне атрада спецпрызначэння «Граніт», а на палігоне «Абуз-Лясноўскі» вагнераўцы праводзілі заняткі па баявой, агнявой і тактычнай падрыхтоўцы з вайскоўцамі 6-й і 11-й брыгады. 

Акрамя таго, на палігоне «Асіповіцкі» вайскоўцы артылерыйскіх падраздзяленняў ЗАК сумесна з наймітамі ПВК «Вагнер» праходзілі заняткі па баявой падрыхтоўцы.

Усяго ж, паводле даных маніторынгавай групы, колькасць наймітаў ПВК «Вагнер», якія працягваюць заставацца ў Беларусі, можа вылічыцца сотняй чалавек.