Апошняя скрыпка «Вагнера». Колькі наймітаў засталося ў Беларусі?

Летась тысячы «вагнераўцаў» прыбылі ў Беларусь пасля няўдалага паходу на Маскву. Лукашэнка тады радаваўся і выстаўляў іх як пагрозу для нашых суседзяў, але «пагроза» даволі хутка ўцякла — усё вырашылі грошы.

Палявы лагер «вагнераўцаў» у вёсцы Цэль

Палявы лагер «вагнераўцаў» у вёсцы Цэль

У Беларусі засталося толькі некалькі соцень «вагнераўцаў», лічаць аглядальнікі, з якімі ўдалося пагаварыць «Настоящему времени». Пасля няўдалага бунту Яўгена Прыгожына ў чэрвені 2023 года ў Беларусі апынуліся некалькі тысяч наймітаў ПВК «Вагнер». Чым яны займаліся і дзе яны цяпер?

Палявы лагер у вёсцы Цэль Магілёўскай вобласці хуткімі тэмпамі пабудавалі ў канцы чэрвеня мінулага года, практычна адразу пасля няўдалага бунту заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. Тады некалькі тысяч наймітаў, як і сам Прыгожын, прыехалі ў Беларусь.

Пра тое, што «вагнераўцы» будуць рабіць у Беларусі, на дзяржаўных каналах расказвалі так: «Галоўная асаблівасць заняткаў — інструктары. Імі выступаюць байцы з ПВК "Вагнер", якія перадаюць беларусам свой баявы досвед».

Цяпер ад лагера ў Магілёўскай вобласці, які рыхтаваўся для наймітаў, нічога не засталося. Як і саміх «вагнераўцаў» у ім. У Беларусь летась, паводле інфармацыі апазіцыі, прыбыло да васьмі тысяч наймітаў.

Аляксандр Лукашэнка наймітамі ПВК «Вагнер» нават палохаў суседнія еўрапейскія краіны: «Нас пачалі напружваць вагнераўцы, просяцца на захад. [Пытаюцца]: "Дазвольце нам?"Я кажу: "Вам навошта на захад?" [Адказваюць]: "Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жешув"».


Глядзіце таксама

Але пасля гібелі Яўгена Прыгожына ў жніўні 2023 года колькасць наймітаў у Беларусі значна скарацілася. Сёння, як расказалі «Настоящему времени» ў аб'яднанні былых сілавікоў «BelPol», «вагнераўцаў» на тэрыторыі краіны засталося не больш за два дзясяткі чалавек, яны трэніруюць беларускіх міліцыянтаў.

«Яны там праводзяць нейкія вучэнні, трэніроўкі. Але іх колькасць змяншаецца. Наколькі нам вядома, іх вывозяць або яны самі з'язджаюць у Афрыку», — кажа прадстаўнік «BelPol» Уладзімір Жыгар.

На думку палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валерыя Карбалевіча, размяшчэнне наймітаў у Беларусі было часовым рашэннем у канфлікце Уладзіміра Пуціна і Яўгена Прыгожына, а Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў гэта ў сваіх мэтах.

«Лукашэнка прыдумляў гэтую версію, што, маўляў, яны просяцца на экскурсію ў Польшчу, але я іх не пускаю. Але гэта быў яшчэ адзін механізм ціску, шантажу на суседзяў: на літоўцаў і палякаў», – лічыць Карбалевіч.

Гісторыя наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусі, лічаць суразмоўцы «Настоящего времени», скончана. Якога-небудзь асаблівага ўплыву, паводле іх слоў, яны не аказалі.


Глядзіце таксама

«Вялікага кантакту паміж так званымі сілавымі ведамствамі і "вагнерамі" знойдзена не было, таму што там структура, людзі абсалютна іншага характару, кшталту. І іх інтарэсы ляжаць у плоскасці грошай, а не нейкіх пытаннях, якія так моцна цікавяць Лукашэнку», — адзначае Уладзімір Жыгар.

«Вагнераўцам у Беларусі рабіць няма чаго. Ніхто ім такіх грошай, якія яны атрымлівалі ў Расіі, тут плаціць не збіраўся і не збіраецца, таму яны перакантаваліся і рассмакталіся. Засталося зусім няшмат: некалькі дзясяткаў, якім, напэўна, няма куды з'язджаць», – працягвае Валерый Карбалевіч.

Эксперты дадаюць, што тыя найміты, якія ўсё ж засталіся ў Беларусі, уваходзяць у падраздзяленні МУС, а не Міністэрства абароны. Галоўная задача беларускай міліцыі цяпер — барацьба з апазіцыяй і іншадумствам.