7 мільёнаў долараў для МУС і польскі суддзя як падарунак уладам. Галоўнае за тыдзень у Беларусі: версія «Бі-бі-сі»

«Бі-бі-сі» сабрала самыя гучныя навіны, якія былі на старонках беларускіх СМІ на гэтым тыдні.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Суддзя з Польшчы папрасіў палітычнага прытулку ў Лукашэнкі; Беларусь і Расія правераць на боегатоўнасць тактычную ядзерную зброю; памілаваны Лукашэнкам Раман Пратасевіч заявіў, што вінны дзяржаве сем мільёнаў долараў. «Бі-бі-сі» расказвае пра галоўнае ў Беларусі за тыдзень.

Суддзя з Польшчы папрасіў прытулку ў Беларусі

Польскі суддзя Томаш Шмыт папрасіў прытулку ў Беларусі. Знаходзячыся ў Мінску, ён падпісаў заяву аб адстаўцы і звярнуўся да беларускіх уладаў па падтрымку.

Шмыт заявіў, што выступае супраць палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да Беларусі і Расіі. Паводле слоў суддзі, яго вымусілі пакінуць Польшчу праз яго палітычныя погляды.

У самой Польшчы пасля ад'езду Шмыта супраць яго пачалі расследаванне паводле абвінавачання ў шпіянажы. Прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск заявіў, што суддзя меў доступ да нейкіх сакрэтных дакументаў.

Ён таксама дадаў, што сувязі Шмыта з беларускімі ўладамі сыходзяць каранямі ў мінулае.

«Мы павінны ведаць, што беларускія службы працуюць з чалавекам, які меў прамы доступ да (былога) міністра юстыцыі... і некалькіх сакрэтных дакументаў, якія аніводная спецслужба не павінна займець любой цаной», — сказаў Туск журналістам.


Глядзіце таксама

На прэс-канферэнцыі ў Мінску Шмыт заявіў, што Беларусь — гэта краіна, дзе можна спакойна выказацца, і што ён паважае Аляксандра Лукашэнку «за захаванне міру і спакою», паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

З пачатку вайны Расіі з Украінай гэта, прынамсі, другі вядомы СМІ выпадак, калі грамадзянін Польшчы просіць прытулку ў Беларусі.

Раней з такой жа просьбай звярнуўся да беларускіх уладаў польскі дэзерцір Эміль Чэчка.

У Польшчы супраць Чэчкі распачалі крымінальную справу аб дэзерцірстве і абвясцілі ў вышук, яму пагражала да 10 гадоў турмы. Неўзабаве пасля пераезду ў Беларусь Эміля Чэчку знайшлі павешаным ва ўласнай кватэры ў Мінску.

Расія і Беларусь правераць на боегатоўнасць тактычную ядзерную зброю

Беларусь і Расія правядуць сумесную праверку боегатоўнасці носьбітаў тактычнай ядзернай зброі — нібыта па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў першы намеснік міністра абароны Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго слоў, вайскоўцы правераць гатоўнасць да выкарыстання штурмавікоў Су-25, ракетных дывізіёнаў «Іскандэр» і аператыўна-тактычных комплексаў «Паланэз».

Вайсковы чыноўнік запэўніў, што гэтыя мерапрыемствы «носяць выключна абарончы характар і не праецыююць пагроз ні на адну з дзяржаў».

Выступаючы перад беларусамі напярэдадні 9 мая, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб падрыхтоўцы адпрацоўкі другога этапу мер рэагавання, у рамках якой «упершыню плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі».

Як і раней, Аляксандр Лукашэнка звязаў будучыя праверкі з абвастрэннем пагроз з боку Захаду.


Глядзіце таксама

Пры гэтым беларускі дыктатар падкрэсліў, што ядзерная зброя — «гэта зброя стрымлівання, гэта зброя абароны. Ніхто ў наступ з гэтай зброяй не пойдзе».

Пасля ўнясення змен у Канстытуцыю краіны ў 2022 годзе Беларусь страціла статус бяз'ядзернай дзяржавы. Неўзабаве пасля гэтага дзяржаўныя СМІ расказалі пра ўвоз у Беларусь расійскіх ракетных комплексаў «Іскандэр».

Многія заходнія журналісты звяртаюць увагу на спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў Асіповіцкім раёне Беларусі. На іх можна бачыць разрослую сетку складоў пад ядзерныя боепрыпасы.

Паводле слоў самога Аляксандра Лукашэнкі, па ўсёй краіне размешчана некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў у мэтах «стрымлівання патэнцыйных праціўнікаў».

Пратасевіч: Я вінны ўладам 7 мільёнаў долараў

Былы апазіцыянер Раман Пратасевіч заявіў, што вінны беларускай дзяржаве сем мільёнаў долараў. Пра гэта ён расказаў у адным са сваіх стрымаў, назваўшы сябе «адным з першых беларускіх антымільянераў».

У сваім стрыме Пратасевіч растлумачыў, што гэтая сума ўзнікла з рашэння суда, згодна з якім Ян Рудзік, Сцяпан Пуціла і сам Пратасевіч (заснавальнікі і галоўныя рэдактары тэлеграм-канала «NEXTA» — ён прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім») павінны выплаціць больш за 24,5 млн. беларускіх рублёў (каля сямі мільёнаў долараў) — у асноўным на карысць МУС Беларусі.

«Я паняцця не маю, што з гэтым рабіць і як далей жыць, — пракаментаваў пастанову Пратасевіч.  — Зразумела, што ў мяне і блізка няма такіх грошай. Нават знайсці працу цяпер мне вельмі цяжка. У мяне ёсць тры выйсця: з'ехаць, плаціць усё жыццё 50% ад любога даходу або лезці ў пятлю».


Глядзіце таксама

Рамана Пратасевіча затрымалі ў траўні 2021 года ў Мінску, пасля таго як беларускія ўлады падманам пасадзілі ў сябе самалёт авіякампаніі «Ryanair», у якім ляцеў Пратасевіч.

Пратасевіч пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, актыўна выступаў супраць беларускай апазіцыі і падтрымліваў палітыку беларускіх уладаў.

У траўні 2023 года Пратасевіча прысудзілі да васьмі гадоў калоніі, але праз пару тыдняў яго памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларус, затрыманы ў Арменіі на запыт сілавікоў, атрымаў статус уцекача

Затрыманы ў лютым у Арменіі беларус Яраслаў Новікаў атрымаў статус уцекача, піша выданне «Медыязона» са спасылкай на юрыста Араіка Папікяна.


Глядзіце таксама

Новікаў з'ехаў з Беларусі вясной мінулага года. Ён жыў у Грузіі і выехаў у Арменію, каб зрабіць балгарскую візу, дзе і быў затрыманы.

Беларусь абвясціла яго ў міждзяржаўны вышук у СНД паводле абвінавачання ва ўхіленні ад вайсковай службы. Суд у Арменіі ўзяў Новікава пад варту, беларус звярнуўся па палітычны прытулак. Цяпер армянскія ўлады вырашылі даць яго.