Туды і не назад: людзі і сабакі, якія нас здзівілі
Беларуская прапаганда зладзіла сабе свята перад Днём Перамогі: да іх перабег цэлы польскі суддзя. Ён адразу ж даў прэс-канферэнцыю ў прэс-цэнтры БелТА, але пасля яго слоў узніклі некаторыя пытанні. Напрыклад, ці сапраўды польскі суддзя перабег у Беларусь?
Не, нібыта, усё нармальна. І суддзя — гэта суддзя, і прэс-канферэнцыю ў Беларусі ён даваў, і, як паведамляла тое ж БелТА, ён у жывым эфіры падпісаў заяву аб адстаўцы «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў» і папрасіў у Беларусі прытулку.
Вось толькі потым у інтэрв'ю расійскаму ТАСС гэты ж суддзя сказаў, што прашэнне аб прадастаўленні яму прытулку ў Беларусі ён пакуль што не падаваў: «Яшчэ не. Першае, што я хацеў бы зрабіць, гэта выказацца на ўчорашняй прэс-канферэнцыі», — адказаў ён на адпаведнае пытанне.
Вядома, падпісаць прашэнне аб прытулку і падаць гэтае прашэнне — рэчы розныя. Тым больш, што ў Польшчы адразу пачалі разбірацца, што гэта за суддзя, і нават пачалі расследаванне аб шпіянажы. І калі польскі суддзя — сапраўды шпіён, то ці беларускі ён шпіён? Можа, менавіта таму ён падпісаў, але не падаў заяву аб прытулку? Бо гэты прытулак яму ўжо гатовы дзесьці ў Расіі па праграме абароны раскрытых шпіёнаў? А БелТА і ўсё іншае — проста чарговы прапагандысцкі ход. Бо, калі шпіёна выкрылі, але ўдалося яго эвакуяваць — чаму б не скарыстацца ім яшчэ раз, у тэлевізары?
У любым выпадку, калі нават суддзя — гэта сапраўды суддзя, а не рускі шпіён, то грамада, што цікавіцца рухамі беларусаў (і не толькі) па свеце, можа сказаць: «Адзін — адзін». На тыдні Арменія раптам надала статус уцекача беларусу Яраславу Новікаву.
Новікаў быў затрыманы ў Арменіі на запыт беларускіх уладаў у лютым гэтага года, ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку нібыта за ўхіленне ад вайсковай службы. Пасля затрымання, каб не быць выдадзеным у РБ, малады чалавек папрасіў аб прытулку. Шанцы на тое, што прытулак дадуць, былі зусім невялікія, калі не сказаць мізерныя. Усё ж такі Арменія —гэта ж наш партнёр па СНД, ЕАЭС, Мытным саюзе і нават (пакуль) па АДКБ.
І тут здарыўся цуд. Раптам Арменія дала прытулак беларусу.
Прадастаўленне прытулку беларусу такой краінай можа казаць пра многае. Напрыклад, што нават у постсавецкіх краінах пачалі разумець: у Беларусі — дыктатура сталінскага тыпу. І нават нашым партнёрам па інтэграцыйных працэсах не хацелася б бачыць у нашай краіне такі рэжым.
Нельга адмаўляць у гэтай сітуацыі і ўплыў «гарызантальных сувязяў» на фарміраванне грамадскай думкі. Гэта якраз тое, чаго баіцца Лукашэнка — знішчэннем НДА і розных дваровых ініцыятыў ён руйнаваў тыя самыя «гарызантальныя сувязі» грамадзян, не даючы гэтым грамадзянам ператварыцца ў грамадзянскую супольнасць. А цяпер сотні тысяч беларусаў, якія з'ехалі з краіны, распавядаюць людзям у тых краінах, куды яны з'ехалі, пра тое, што сапраўды адбываецца ў Беларусі. У выніку вобраз Беларусі фармуе ўжо не прапаганда, а людзі, якія пакінулі краіну.
І вось гэтыя «аповеды ў таксоўцы» з колькасці ператварыліся ў якасць, і ўжо ўплываюць на палітыку нават у тых краінах, якія нашаму рэжыму, быццам бы, «сябры».
А колькасць такіх рэлакантаў, эмігрантаў і «людзей у працяглых камандзіроўках» ужо можа перавышаць паўмільёна чалавек. Прынамсі, сацыёлаг, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў нарэшце звярнуў увагу на тое, што беларусы «рэлакуюцца» не толькі ў краіны ЕС.
У сістэме польскага сацыяльнага страхавання на люты 2024 года было зарэгістравана 130 тысяч беларусаў. У Літве, паводле звестак Дэпартамента міграцыі, мелі ВНЖ 63 тысячы чалавек. У Германіі, паводле інфармацыі Коршунава, атабарыліся 6-8 тысяч нашых суайчыннікаў, у іншых краінах ЕС — прыкладна 25 тысяч. Акрамя гэтага 11 тысяч беларусаў пераехалі ў Грузію, 5 тысяч — у Ізраіль.
Але на ўсход эміграцыя была больш маштабная. Галоўнае ўпраўленне па пытаннях міграцыі МУС РФ налічыла 430 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў Расію і там і засталіся.
Так Коршунаў выводзіць новую лічбу міграцыі: за 4 гады пасля 2020-га з Беларусі з’ехала 500-600 тысяч чалавек. То-бок, па 150 тысяч чалавек у год. То-бок, за адзін год за мяжу ад'язджала насельніцтва Барысава або Барановіч. А за 4 гады з краіны выехаў цэлы Гомель.
І бягуць з краіны не толькі людзі. Як пішуць польскія СМІ, у канцы красавіка ў раёне Баброўнікаў з Беларусі ў Польшчу збегла нямецкая аўчарка. Сабаку заўважылі памежнікі і звярнулі ўвагу, што аўчарка вельмі прыязна рэагуе на людзей у форме. На сабаку быў аброжак з мянушкай на кірыліцы.
Сабаку часова пасялілі на памежным пасту ў Баброўніках. Палякі адправілі запыт беларускаму боку, ці не ўцякаў ад іх сабака. Беларусы адказалі, што знікненне сабакі не фіксавалі.
Ну, правільна, яны і людзей, якія пакінулі Беларусь, «не фіксуюць», куды ўжо сабаку. Таму сабака застаўся ў Польшчы і будзе жыць у памежніцы.
Але не толькі ад нас уцякаюць: да нас таксама і не едуць. Беларускі Дзяржпамежкамітэт рэгулярна дае справаздачу, што ў краіну па «бязвізе» прыбывае па пяць-сем тысяч чалавек штотыдзень, але ва ўрада Літвы, аказваецца, некалькі іншая статыстыка. Згодна з ёю, пасля закрыцця пунктаў пропуску «Райгардас» і «Лаварышкес» у сакавіку гэтага года колькасць жыхароў Літвы, што наведваюць Беларусь, зменшылася на 73% у параўнанні з мінулым годам.
У сакавіку і красавіку 2023 года грамадзяне Літвы перасеклі беларускую мяжу 129087 разоў, а за той жа перыяд гэтага года — толькі 33917 разоў. Колькасць людзей, якія перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу ў абодва бакі, упала на 48%. Паток грузавога транспарту, які перасякае мяжу, паменшыўся на 60%. У сакавіку-красавіку 2023 года было зафіксавана 80268 перасячэнняў, за той жа перыяд гэтага года — 31745.
Так што, колькі б не выхваляўся Лукашэнка, што галодныя літоўцы едуць да нас па танную грэчку, — гэта не так. Ужо не едуць. Альбо грэчка ў Літве патаннела, альбо людзі пачалі разумець, што ў Беларусь ездзіць проста небяспечна. Дый няма чаго рабіць у краіне, адкуль збягаюць цэлымі гарадамі.
А будзе яшчэ цікавей. Бо Еўракамісія падрыхтавала яшчэ адзін праект пастановы аб уніфікацыі санкцый супраць Беларусі з абмежаваннямі, якія дзейнічаюць у дачыненні да Расіі. Так што наш экспарт, і без таго праблемны, чакаюць яшчэ больш нялёгкія часы. Беларускі кантрабандны хаб па абыходзе заходніх антырасійскіх санкцый пакрысе зачыняецца.